«Гэтыя сцены павінны жыць»
Кажуць, што наканавана — таго не абмінеш. Гісторыя з аднаўленнем «Даліны Анёлаў» — колішняга кляштара цыстэрцаў у Мазыры — таму пацверджанне. Аляксандр Баранаў, які набыў напаўразбураныя будынкі, ужо не здзіўляецца цудам, якія тут адбываюцца, верыць у прывідаў, што тут жывуць, а яшчэ ў тое, што здолее адрадзіць некалі буйны духоўны цэнтр горада.

«Атрымаў у плечы руіну, дзе была толькі электрычнасць»
Кляштар манахаў-цыстэрцаў з касцёлам Святога Крыжа ў Кімбараўцы, прадмесці Мазыра, быў закладзены ў 1711 годзе. Пазней, у 1745-м, непадалёк узнік і жаночы кляштар. Але гістарычныя падзеі склаліся так, што кляштар фактычна знішчылі, засталіся толькі будынкі. У 1894 годзе кляштарныя спаруды купіў габрэйскі фабрыкант, які адкрыў у іх запалкавую фабрыку «Маланка». З прыходам да ўлады бальшавікоў фабрыка была нацыяналізаваная. У 1929 годзе замест запалак тут сталі вырабляць мэблю — і гэтая вытворчасць з невялікім перапынкам трывала тут да 2011 года.
А ў снежні 2017 года тут пачала працаваць культурная прастора «Даліна Анёлаў».

Мясцовы прадпрымальнік Аляксандр Баранаў, які набыў будынкі кляштарнага корпуса, з дзяцінства цікавіўся гісторыяй: як ён кажа, яго заўжды цягнула да старых муроў. Ён вырас у Мазыры і памятае, як выглядаў гістарычны цэнтр горада з забудовай ХІХ стагоддзя.
— Калі мы тут з’явіліся, да нас пачалі хадзіць бабулькі і казаць, што працавалі тут усё жыццё, для іх гэта была фабрыка, — гаворыць Аляксандр, з сумам канстатуючы, што самі мазыране не надта дасведчаныя ў гісторыі ўласнага горада.

Аляксандр Баранаў
Былы кляштар цыстэрцаў з касцёлам на плошчы 12 тысяч квадратных метраў Аляксандр набыў за 13 базавых +5 працэнтаў. Апроч гэтага трэба было адразу заплаціць 1000 долараў за афармленне папер. Да таго ж штогод Аляксандр мусіць выплачваць дзяржаве 12 661 рубель за зямлю, на якой месціцца кляштар. А яшчэ ж будынкі трэба ўтрымліваць і праводзіць працы па іх аднаўленні.

Рыштаванні вакол старога касцёла
Гаспадар каштоўнасці кажа, што «атрымаў у плечы руіну, дзе была толькі электрычнасць». Першыя два года тут не было нават санвузла. Цяпер ёсць і санвузлы, і кухня. За чатыры гады існавання ў якасці культурніцкай прасторы ў «Даліне Анёлаў» здолелі пазбавіцца ад значнай часткі смецця, што засталося пасля фабрыкі, адрамантаваць некаторыя памяшканні, правесці шэраг мерапрыемстваў. Цяпер у былым кляштары нават дзейнічае капліца, якая пачыналася як прыватная — Аляксандр браў на яе адмысловы дазвол у біскупа, — а потым стала парафіяльнай.
Муры кляштара цыстэрцаў
Лацінская імша — як 300 гадоў таму
Парафію аднавілі пад гістарычнай назвай Узвышэння Святога Крыжа, якая была ў манахаў-цыстэрцаў, у свой час яна была найбуйнейшай у Мазыры. Цяпер набажэнствы тут адбываюцца штонядзелю. Асаблівасць імшы тут у тым, што яе служаць на лаціне — паводле гістарычнай традыцыі, роўна гэтак жа, як і 300 гадоў таму.
— Я не ведаю, чаму так адбылося, але мне здаецца, што гэта прыгожа і бліжэй да вытокаў, — тлумачыць Аляксандр.

Каплічка для набажэнстваў улетку
Ён мяркуе, што калі адмовіцца ад старой імшы, то ўся ідэя аднаўлення «Даліны Анёлаў» знікне. Бо для яго найперш гэта — духоўны цэнтр горада, якім ён быў у XVIIІ стагоддзі і якім павінен стаць зноў.
Нярэдка праз такую прыдумку Аляксандру даводзілася чуць папрокі: маўляў, гэта толькі раз’ядноўвае і працуе супраць адзінства касцёла. Але ён ставіцца да падобных закідаў спакойна і з усімі крытыкамі знаходзіць паразуменне. Неяк само сабой выходзіць так, што канфлікты залагоджваюцца, парафія прырастае новымі прыхаджанамі, а працы па аднаўленні кляштара не спыняюцца нават у самыя цяжкія часы.
«Я проста выканаўца нейкай волі»
— Усё, што тут адбываецца, адбываецца па-за маёй воляй, і я гэтаму не праціўлюся. І калі здзяйсняецца нейкі — у маім разуменні — цуд — гэта нармальна, — гаворыць Аляксандр.
Сюды самі прыходзяць ксяндзы, самі сабой з’яўляюцца літургічныя рэчы — у тым ліку старажытныя і каштоўныя. Нават уласны прыход у «Даліну Анёлаў» Аляксандр патлумачыць не можа, кажа — «яно само».
— Я проста выканаўца нейкай волі. Нехта павінен тут нешта рабіць, — проста гаворыць ён.
У кляштары яшчэ шмат працы па добраўпарадкаванні
Гаспадар муроў прызнаецца: калі набываў каштоўнасць, быў перакананы, што ўсё атрымаецца, але рэчаіснасць унесла свае карэктывы. Былі часы, калі Аляксандр сумняваўся ў слушнасці сваёй авантуры, не спаў начамі.
— Але неяк пражыў і лічу, што цікава пражыў. Гэта нашмат лепш, чым хадзіць на працу і складваць грошы ў «сценку».
Аляксандр перакананы, што «Даліна Анёлаў» павінна захаваць сваё першапачатковае прызначэнне, таму тут мусіць быць адроджаны касцёл. Найперш у ім трэба накрыць дах, аднавіць франтоны, зрабіць вадасцёк. Гэта патрабуе 50–70 тысяч долараў. Гэта толькі вонкавыя працы без унутранай аздобы, якія дазволяць выкарыстоўваць будынак па прызначэнні.
— Калі проста давесці тут усё да ладу, то не трэба шалёных грошай, — заўважае гаспадар «Даліны Анёлаў».

На астатнія кляштарныя памяшканні, дзе ўжо патроху атабарыўся культурны цэнтр, спатрэбіцца яшчэ каля 100 тысяч.
— Зрабіць тут гатэль патрабуе шалёных інвестыцый. Рабіць тут бізнес мне нецікава. Я люблю музыку, люблю мастацтва. Гэтыя сцены павінны жыць, дыхаць, а яны не могуць жыць без людзей — бо гэта будзе мерцвячына, — перакананы прадпрымальнік.
«Чалавек павінен нешта змяняць»
Культурны цэнтр аказаўся запатрабаваным у мазыран. Але пандэмія значна знізіла колькасць імпрэзаў, давялося прыпыніць адзін вялікі праект. Аднак пакрысе людзі вяртаюцца, цяпер у «Даліне Анёлаў» амаль штодня праходзяць экскурсіі, і Аляксандра цешыць, што гэтыя муры наведвае шмат дзяцей з Мазыра. Сюды прыязджаюць людзі, якія хацелі б застацца тут на некалькі дзён, таму цяпер тут уладкоўваюць гасцявыя пакоі. Разам з тым ідуць працы па падрыхтоўцы да рэканструкцыі касцёла. Калі б было дастаткова грошай, можна было б зрабіць гэта значна хутчэй.

Памяшканне касцёла
Нягледзячы на ўсе абставіны, працы ў «Даліне Анёлаў» не спыняюцца ўжо чатыры гады. Нават калі я завітала сюды ў суботу, каб сустрэцца з Аляксандрам, мяне сустрэў рабочы Генадзь, які ўкладваў падлогу з кавалкаў мармуру, а таксама мясцовыя хлопцы, што прыйшлі пакасіць траву. І гэта таксама — цуд. Суразмоўца зазначае: часам людзі лічаць, што лепш ім аддаць капейчыну ў нешта глабальнае, чым укласці ў сваё, каля хаты, і ў выніку яно прыходзіць у заняпад.
— Сюды некалі прыйшлі моцныя і мудрыя людзі, якія здолелі зрабіць тут квітнеючы сад. Тут усё наваколле было ў садах, была брукаванка, квітнела адукацыя і культура. Айцы варылі піва, сёстры варылі спірт. Былі сучасныя на той час тэхналогіі апрацоўкі зямлі. Але квітнелі яны тут нядоўга. Расія прыйшла ў 1793 годзе.
Пасля першага паўстання, у 1842-м, забралі ўсю маёмасць і дарагія касцельныя рэчы, а ў 1864 годзе кляштар разагналі. Пачалася Расійская імперыя. Увосень і ўвесну тут было па жывот бруду. Пры тым, што пад ім была брукаванка. Але іх культурны пласт — гэта бруд. І больш нічога людскага тут не было.
На думку Аляксандра, галоўная праблема і крыніца многіх бедаў і занядбанасці нашай спадчыны ў тым, што ніхто не выхоўвае грамадзяніна, за савецкі час з людзей выбілі жаданне стваральнай працы. І цяпер, лічыць суразмоўца, ёсць супольнасць «супраць», але няма супольнасці «за».
— Чалавек прайшоў па зямлі і сышоў. Але калі пасля яго нічога не застанецца — ён жыў абы-як. Чалавек не павінен жыць абы-як, ён павінен нешта змяняць, — перакананы Аляксандр.
Намоленае месца
Пра тое, што ў справе аднаўлення кляштара не адбылося без умяшальніцтва нейкіх вышэйшых сіл, сведчыць шэраг знаходак, з’яў і артэфактаў, якімі прырастае «Даліна Анёлаў». Так, у памяшканні кляштарнага касцёла захоўваецца ўкрыжаванне ХІХ стагоддзя з колішняга кляштару бернардынцаў, які цяпер — праваслаўны Кафедральны сабор Святога Арханёла Міхаіла. Менавіта ў ім у 1930-х гадах бальшавікі зрабілі турму НКУС, у сутарэннях якой адбываліся расстрэлы, і яшчэ цяпер там знаходзяцца парэшткі рэпрэсаваных.
— Яшчэ ў 1990-х там пачалі капаць і знайшлі Пана Езуса. І чалавек забраў яго да сябе на гарышча, — распавядае Аляксандр пра артэфакт. — А потым, калі тут усё пачалося, проста прынёс яго на прахадную. Гэта адзін з цудаў.

Укрыжаванне з кляштара бернардынцаў — пазней турмы НКУС
Дарэчы, ёсць тут і прывід. Яго бачыла жанчына, якая працавала тут вартаўніцай. Аляксандр сцвярджае, што таксама бачыў яго. Нехта мяркуе, што гэта колішнія манахі-цыстэрцы пакінутыя ў кляштары, каб сачыць, каб тут не было нічога, апроч касцёла. Бо ўся гісторыя запалкавай і мэблевай фабрык — гэта бясконцыя пажары.
Адрамантаваныя кляштарныя памяшканні
Калі ў існаванні прывідаў можна сумнявацца, то пахаванні тут дакладна ёсць. Найперш тут хавалі манахаў, якія жылі ў кляштары. Захаваліся таксама сведчанні вайскоўцаў і заможных людзей, якія завяшчалі пахаваць сябе ля кляштарных муроў — ужо некалькі стагоддзяў таму гэтае месца лічылася намоленым. І калі ў кляштары ўдасца аднавіць старадаўні касцёл, няма ніякага сумневу ў тым, што ён стане адной з важных святыняў Беларусі.
Падтрымаць аднаўленне «Даліны Анёлаў» можна на сайце платформы«Талака».
Таксама вы можаце ахвяраваць сродкі на рахунак парафіі (прызначэнне плацяжу — добраахвотнае ахвяраванне).
