Ганна Златкоўская: Проста прагнуць перамен ды свабоды сёння ўжо недастаткова

Комплексы суайчыннікаў, дыктатура як брэнд краіны, калектыўная віна ды Лукашэнка ў кожным з нас — толькі невялічкі пералік тэм, якія «НН» закранула ў размове з журналісткай ды пісьменніцай Ганнай Златкоўскай.



zlzl.jpg

«НН»: Ваша цытата: «Няма больш аніякіх ілюзій адносна таго, што беларусы могуць выйсці з дыктатуры». Што падштурхнула да такіх высноў?
Ганна Златкоўская: Ох, як вы адразу жорстка (смяецца)! Сур'ёзнае на самай справе пытанне. І пры яго разглядзе не збіраюся нікога вінаваціць. Падмурак для разваг — выключна суб'ектыўныя назіранні, якія тычацца розных фактараў.
Рэч у тым, што рэгулярна сутыкаюся з людзьмі, якія паводзяць сябе ў працы ды камунікацыях адзін у адзін як Лукашэнка. Гэта бянтэжыць, бо людзі, якія яго ненавідзяць ды прагнуць пераменаў, у той жа час паўтараюць яго паводзіны, быццам у люстры.
Напрыклад, калі ў працы ўзнікае форс-мажорная сітуацыя альбо хтосьці памыляецца, адразу ідуць нейкія абвінавачанні без намаганняў разабрацца ў сутнасці праблемы. Няма спробаў аналізаваць сітуацыю, не кажучы ўжо пра захаванне самапавагі ды павагі да калегаў.
Такім жа чынам ладзіць камунікацыю Лукашэнка, калі прабірае падначаленых: прыніжэнні, ментарскі тон, стаўленне да падначаленых як да рабоў, што павінны выключна выконваць загады. А калі нешта складваецца інакш — напрыклад, асоба паводзіць ці думае так, як Лукашэнку не падабаецца, — чалавека сціраюць.
Тое ж перманентна бачу зараз і сярод «людзей перамен». Прозвішчы канкрэтныя называць не буду, але мела ўласны досвед. Праз яго і зразумела, што гэта адзін з фактараў унутранай дыктатуры: людзі не ведаюць, як годна сябе ставіць у дачыненні да іншых.
Свабода ўключае павагу да людзей навокал і іх права быць такімі, якія яны ёсць. Таму яшчэ адзін складнік майго расчаравання — гэта гамафобія сярод «людзей перамен». Напрыклад, выклала ў сеціва фота з прайду ў Вільні. Пасля чаго ў каменты кідацца брудам прыйшлі тыя людзі, з якімі «плылі ў адным чоўне»: у 2020-м яны цалавалі мяне, абдымалі і казалі: «Як файна, што ты такая смелая»…
Ведаеце, бываюць асобы, што прыхоўваюць пячорныя погляды ды ўнутраныя комплексы, нават іх саромеюцца, бо разумеюць недарэчнасць такой пазіцыі ў ХХІ стагоддзі. А тут сутыкнулася з агрэсіяй нейкага архаічнага кшталту. Як можна казаць у такіх выпадках пра свабоду ды перамены — і пры гэтым не даваць людзям навокал быць сабой, прымушаць іх заткнуцца, схавацца і ніколі сябе не паказваць? Цемрашальства сярэднявечнае ж!
Трэба людзей выхоўваць, мяняць іх светапогляд. На жаль, у мяне няма ні сіл, ні цярпення камусьці даводзіць нешта відавочнае. Але, дзякуй богу, вакол хапае таленавітых землякоў, якія ў тэме дасведчаныя — і вельмі старанна тлумачаць, што не бывае аднабаковай свабоды.
Можна выехаць за межы рэспублікі, але навечна застацца у ёй ды будаваць сваю маленькую дыктатарскую Беларусь у любой іншай дэмакратычнай краіне. Бо гэтыя архаічныя каштоўнасці, заціснутасць, закамплексаванасць усё роўна пераязджаюць з людзьмі.
Свабода — гэта аб працы душы, мысленні, пастаяннай адукацыі, рэфлексіі, аналізе. Мне падаецца, многім гэтага бракуе. Бо 30 гадоў дыктатуры паўплывалі на нас усіх: і на тых, хто застаецца прыхільнікам Лукашэнкі, і на «людзей пераменаў». Як вынік, проста прагнуць перамен ды свабоды сёння ўжо недастаткова.
Дарэчы, і ў мяне ёсць комплексы з гэтай нагоды, абмежаванні, навязаныя соцыумам ды грамадствам. Разумею, што ўнутрана яшчэ недастаткова раскаваная, гляджу са здзіўленнем ды замілаваннем на банальныя рэчы, якія няёмка нават абмяркоўваць. Скажам, у Вільні, дзе зараз жыву, здзівіла велізарная колькасць жанчын 60+ гадоў з яркімі каляровымі валасамі, стылёва апранутых, лёгкіх, з усмешкай. І мне зрабілася сумна. Бо ў нас многія не могуць дазволіць сабе быць такімі раскошнымі ды вясёлымі. І не толькі з-за беднасці — дыктатура прымусіла людзей быць шэрымі ды незаўважнымі, а пасля і прызвычаіцца да гэтага.
«НН»: Атрымліваецца, дыктатура насамрэч стала брэндам Беларусі, як сцвярджала Наталля Эйсмант?
ГЗ: Ні ў якім разе! Гэта не брэнд і ніколі ім не будзе, хай сабе падначаленыя Лукашэнкі і транслююць паўсюль сваю тыповую рабскую філасофію. Нас чакае яшчэ шмат працы і разумення, што мы пакуль шмат у чым таксама цягнем гэты паравоз лукашэнкаўскай дыктатуры. Але рана ці позна абавязкова скіруем яго пад адхон.
«НН»: Вы сказалі аб працы душы, якую трэба весці кожнаму беларусу. Раскрыйце гэтае паняцце. А яшчэ і параду было б шыкоўна пачуць, як зрабіць гэтую працу сістэмнай — мацаваць, бы мышцы ў трэнажорнай залі…
ГЗ: Для мяне гэта самарэфлексія ды самакрытыка, але без самабічавання. Псіхолагі заўсёды лаюцца, калі людзі сябе ўкрыжоўваюць — кажуць, так нельга, бо сябе трэба любіць безумоўнай любоўю.
Мы разумеем і прызнаём — у Беларусі пануе дыктатура. Глядзім ды падсумоўваем: што яна робіць, каб людзі ў агульнай масе сталі паслухмянымі ды безаблічнымі. А пасля ажыццяўляем аналіз «ад адваротнага», як у матэматыцы: што трэба зрабіць, каб людзі сталі яркімі ды вольнымі, каб слухалі ды паважалі адно аднаго?
Беларусы павінны чытаць, думаць, вандраваць па розных краінах і назіраць, што ёсць шчасце для іншых і чаму яно такое. Вядома, усюды існуюць праблемы. Але ў цывілізаваным свеце ўсё роўна грамадства захоўвае вернасць пэўным каштоўнасцям, паважае правы ды свабоды сваіх прадстаўнікоў.
Спачатку кожнаму з нас будзе цяжка — асабліва «ябацькам». Яны прынцыпова не разумеюць, што такое свабода: заўсёды падазраюць, што іх імкнуцца загнаць яшчэ ў большую турму, чым існуе ў Беларусі зараз. Людзі баяцца асэнсаваць ступень шэрасці ды змрочнасці жыцця. І пазбягаюць расплюшчыць вочы, каб змяніць колеры навокал: страшна гэта рабіць, бо абвастраецца боязь навізны, з якой трэба змагацца ледзьве не кожную хвіліну.
Каб вырвацца з замкнёнага кола, трэба камунікаваць з моладдзю, з псіхолагамі, праводзіць аналіз. Такі комплекс дзей, вядома, вымагае душэўных сіл. Ды і лянота, звычка жыць у камфортным атачэнні таксама ўплываюць на агульную пасіўнасць, падштурхоўваюць нічога не мяняць. Але калі кожны з нас пераможа ўнутранага «цмока», сітуацыя зменіцца.
«НН»: У вас няма адчування, што прыняццем нейкай калектыўнай віны — маўляў, мы занадта моцна верылі ці мы вельмі слаба змагаліся — беларусы самі сябе заганяюць у дэпрэсію ды безнадзейнасць?
ГЗ: Сама прайшла праз гэта ў першы год пасля пераезду — маялася страшэнным пачуццём віны. Але зараз шчаслівая тым, што «пераварыла» праблему і перастала тузацца на тэму калектыўнага сораму. Бо адказнасць варта браць выключна за свае дзеі альбо ўчынкі ў той альбо іншы момант часу.
Давайце шчыра: зараз людзі — пратэставае ядро, што застаецца ў Беларусі — фізічна не могуць спыніць ракеты, што ляцяць з тэрыторыі нашай рэспублікі ў бок Украіны. Адпаведна, з якой нагоды тут узнікнуць пачуццю віны? Былі ж рэйкавыя дыверсанты, якія намагаліся змяніць сітуацыю. Іншыя людзі таксама «партызанілі» з небяспекай для жыцця. Адсюль пытанне: чаму я альбо той чалавек, якому прастрэлілі калені, павінны адчуваць сорам за бабулю, што тэлефануе ды даносіць на бэчэбэшнікаў? Гэта яе адказнасць.
У беларускім грамадстве велізарны раскол — і гэта наш боль. Трэба перш за ўсё дадзеную праблему вырашыць, каб прыхільнікаў перамен стала яшчэ больш, а не адбівацца ад хэйту ўкраінцаў у сеціве. Так, суседзі пакутуюць ад ракет. Але выпускаем іх не мы — ні вы, ні я, ні чытачы «НН» — а канкрэтныя вайскоўцы з расійскім альбо беларускім пашпартамі. Вось хай яны і адказваюць за тое, што асэнсавана робяць.
«НН»: Паколькі супрацьстаянні на гэтую тэму звычайна адбываюцца ў сацсетках, ці варта сцвярджаць, што халівары між беларусамі — свайго роду наша тэрапія?
ГЗ: Бачыць у «бульбасрачах» нацыянальную адметнасць — перабольшанне. Усюды сварацца, проста мы не чытаем чацікі ЗША ды Іспаніі. Сацсеткі далі магчымасць суайчыннікам збірацца разам, а пасля кучкавацца па групах ды ажыццяўляць рэвалюцыі думак. Проста таму, што платформа зручная.
У жыцці магчымасці гудзець на вуха ўсім ды кожнаму няма. Як след, узнік феномен, пра які яшчэ Юлія Чарняўская пісала. Маўляў, у рэальнасці людзі могуць вітацца ды размаўляць на нейтральныя тэмы, а ў фэйсбуку паносяць адно аднаго. Бо калі хаваешся за экранам, узровень смеласці павышаецца. Пры сутыкненні ж твар да твару ніякавееш ды пачынаеш паважаць асабістыя межы. Сацсеткі прыватную тэрыторыю руйнуюць, і гэта выклікае спакусу выказваць самыя радыкальныя думкі альбо публічна пакутаваць.
«НН»: Вы неяк даводзілі, што «трымаюць марку» толькі тыя людзі, што засталіся ў Беларусі. Але ўладальнік бара «Карма» ў Варшаве наконадні добра «насыпаў» Андрэю Бонду ў тым ліку за тое, што той не з'ехаў…
ГЗ: Гэта вечная праблема — канфлікт тых, хто застаўся, і тых, хто выбраўся за мяжу. Мне не падабаецца фраза, маўляў, найлепшыя пакінулі Беларусь, не згодная з гэтым. Бо найлепшыя знаходзяцца за кратамі і перажываюць катаванні, карцары, ШІЗА. Да нас нешта даходзіць, але шмат чаго жудаснага не. Да таго ж вязніца — гэта ўвогуле кашмар. А тут яшчэ людзі сядзяць ні за што.
Цудоўна разумею, насколькі цяжка знаходзіцца ў Беларусі суайчыннікам, што выходзілі на вуліцы ў 2020-м. Тады былі спадзяванні на перамены, хуткае вызваленне ад прыгнету. Зараз жа яны ўсе жывуць пад прэсінгам, бо прыйсці могуць па любога, калі чалавек недзе засвяціўся на камеру ці лайкнуў пост у сацсетках. На жаль, кадэбэшнікі працуюць добра — Лукашэнка за 28 гадоў выгадаваў магутны карны апарат.
Памятаю, як рабіла інтэрв'ю з валанцёркай — і тая прызнавалася, што ўжо ў жніўні 2020-га яе праслухоўвалі. Разумееце, наколькі хутка рэагавалі ўлады, калі яшчэ да маштабнага гвалту «пасвілі» простага добраахвотніка, адказнага за дапамогу ля Акрэсціна?! Мы гэтага не асэнсоўвалі ў поўнай меры, не верылі, што яны настолькі «прашараныя». Бо нас было шмат — і не толькі ў Мінску, аднак і ў іншых гарадах. Тым не менш спецслужбы вельмі хутка адаптаваліся ды запусцілі рэпрэсіўную машыну.
Таму я хачу падтрымліваць людзей, якія засталіся на радзіме, якім цяжка, якія і сёння разумеюць, што за імі могуць прыйсці. І абвінавачваць іх у тым, што яны не з'ехалі… Гэта дзіўна.
Тым больш некаторыя кажуць: не хачу пакідаць Беларусь, гэта мая краіна, магу тут нешта змяніць. І сапраўды змяняюць, толькі не крычаць пра гэта на кожным рагу, бо могуць пасля трапіць за краты. Яны дапамагаюць інвалідам, ратуюць жывёл, якіх пакінулі гаспадары, вырашаюць праблемы тых, каму раней дапамагалі НДА, сёння знішчаныя. Усё гэта андэграўнд, партызаншчына. Таму дзікунства іх абвінавачваць.
Тым жа, хто з'ехаў за мяжу, перажываць з-за ўхілення ад турмы і выбар іншага ладу жыцця таксама не варта. Нехта не мог адаптавацца да існавання з адчуваннем пастаяннага страху. Іншыя баяліся за дзяцей альбо фізічна не маглі вытрываць турэмныя абмежаванні. Кагосьці пужала перспектыва згубіць усё ды не мець магчымасці нават з нуля пачаць…
Таму скажу так: ёсць людзі, якія падтрымліваюць рэжым, і тыя, хто не падтрымлівае. І гэта адзінае дзяленне, якое трэба мець на ўвазе, каб рух пераменаў не запавольваўся.
«НН»: Чаго беларусам там і беларусам тут не хапае, каб пачаць размаўляць на адной мове?
ГЗ: Як там вам у інтэрв'ю Саша Філіпенка казаў — «ад'я***ца адно ад аднаго?» Згодна з ім на сто адсоткаў!.. Вяртаемся да пачатку размовы — да дыктатуры. Калі пачынаюць ціснуць, даказваць, абвінавачваць «А чаму ты не так? А чаму ты інакш?» — гэта зноў «здравствуй, Лукашенко».
Сутнасць свабоды ў поўным прыняцці. Адзін пачынае размаўляць на беларускай мове, іншы спявае, трэці малюе — і тым самым запускае працэс пошуку нацыянальнай айдэнты, падчас якога кожны суб'ект робіць нешта на агульную карысць. Трэба адстаць адно ад аднаго, перастаць уключаць Лукашэнку і даць Беларусі быць вольнай ва ўсіх яе праявах. Тады ў нас атрымаецца захаваць незалежную краіну ды ажыццявіць перамены, пра якія ўсе мараць.