Ганна Севярынец: Не цярпенне — а трыванне

Пісьменніца і выкладчыца Ганна Севярынец прапануе пазбавіцца страху і роспачы, а пачаць працу над сабой раіць з выбару слоў, якімі мы называем свае эмоцыі і свае дзеянні.

hanna_sevjarynec_4.jpg

Страх забівае асобу. Мы перастаём быць людзьмі, калі аддаёмся цалкам страху перад абставінамі альбо тымі, хто нам падаецца больш моцным. Маральнае разлажэнне чалавека, які баіцца, не ведае дна.

Таму — не трэба баяцца.

Лёгка сказаць, але цяжка гэта зрабіць. І я пачынала б са слоў, якімі мы называем свае эмоцыі і свае дзеянні.

Не страх — а асцярожнасць і здаровы сэнс. Зараз не трэба нейкіх неабдуманых учынкаў, гучных, але бессэнсоўных слоў, выскоквання з акопаў пад шквальны агонь. Асцярожнасць і здаровы сэнс не забіваюць — наадварот, пракачваюць патрэбныя скілы.

Не цярпенне — а трыванне. Не трэба цярпець, ідучы на кампрамісы з сумленнем і мараллю, але варта — трываць, захоўваючы сябе і свае каштоўнасці непарушнымі.

Не разгубленасць і роспач — а час на роздум. Той дзікі досвед, які мы цяпер атрымліваем, стане вакцынай для нашых дзяцей — ад паўтарэння памылак. Мы мусім гэты досвед атрымаць, адрэфлексаваць, сфармуляваць кірунак адаптацыі, праверыць яго на маральнасць і сумленнасць, а хто ўмее — і запісаць гэта, і захаваць на будучыню.

Не адсутнасць гарызонтаў планавання — а змена звычкі адкладаць добрыя справы на іншы час. Іншага часу можа і не быць, таму тыя справы, якія мы можам і павінны рабіць, трэба рабіць зараз.

І яшчэ — любоў і клопат. Любіць дзяцей, клапаціцца аб іх і аб сваіх старых, па меры магчымасці — такая мера не бывае маленькай, усё — вялікае: дапамагаць тым, каму зараз асабліва цяжка.

А яшчэ — асэнсаваная справа. Нешта няхай невялікае, але важнае для сябе. Гісторыя сям'і, занатаваная ў слове і архіўным дакуменце. Аднаўленне вясковай сядзібы. Рамонт. Агарод. Вязаныя дыванкі. Дзённік. Альбом малюнкаў. Фатаграфаванне аднаго і таго ж дрэва ў розныя сезоны. Світанкі і заходы сонца. Зорнае неба. Назіранне за птушкамі. Усё, што не вайна і не хлусня, мае сэнс і павінна быць.

Стары свет назапасіў столькі хлусні і памылак, столькі няправільных слоў і сэнсаў, столькі подлых практык і столькі гідкіх сацыяльных механізмаў, што ў кожнага з нас ёсць чым заняцца, рэфлексуючы над старым светам унутры нас і непазбежнымі зменамі найперш у сабе.

Я ведаю, што словы «пачні з сябе» выклікаюць шмат у каго ўсмешку альбо раздражненне. Маўляў, мы ўжо пачалі, і што. Па маіх назіраннях, так думаюць толькі тыя, хто насамрэч нічога не пачаў.