Галоўныя падзеі ў Беларусі за тыдзень: версія «Бі-бі-сі»
Руская служба брытанскага выдання BBC адабрала некалькі яркіх навін мінулага тыдня, пра якія пісалі СМІ ў Беларусі.
Бок абвінавачання папрасіў даць 25 гадоў кіраўніку супольнасці сілавікоў Аляксандру Азараву, які пайшоў у апазіцыю Лукашэнку, прысуд будзе завочным; Вярхоўны суд Беларусі пачаў разглядаць справу аднаго з катаў Хатыні, ён памёр дзевяць гадоў таму; у Мінску без тлумачэння прычын закрываюць мастацкія выставы. «Бі-бі-сі» расказвае пра галоўныя падзеі ў Беларусі за тыдзень.
Абвінавачанне просіць 25 гадоў для Аляксандра Азарава
У Беларусі Азараў працаваў следчым у міліцыі і Следчым камітэце, нават чытаў лекцыі ў профільных навучальных установах. У 2020-м пасля масавых пратэстаў у знак нязгоды з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў ён пакінуў краіну. У траўні 2021 года ўзначаліў арганізацыю «BYPOL», у яе ўваходзяць былыя супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія таксама пакінулі краіну.
Супрацоўнікі «BYPOL» актыўна карысталіся захаванымі сувязямі сярод пакінутых у краіне сілавікоў, дапамагалі пакінуць краіну тым, каму пагражаў пераслед. У 2021 годзе тэлеграм-канал аб'яднання апублікаваў дакумент «для службовага карыстання» МУС Беларусі аб штатнай колькасці ведамства.
Пасля пачатку расійска-ўкраінскай вайны «BYPOL» падтрымліваў рэйкавую вайну на тэрыторыі Беларусі. У лютым 2023-га арганізацыя ўзяла на сябе адказнасць за ўдар дронамі па расійскім самалёце далёкага радыёлакацыйнага забеспячэння А-50 на аэрадроме «Мачулішчы».
Вядома, уся гэтая дзейнасць прывяла да таго, што Азарава і некалькіх яго паплечнікаў абвінавацілі сумарна па 13 артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі, у тым ліку па артыкуле аб «тэрарызме», які прадугледжвае смяротнае пакаранне.
8 лютага дзяржаўнае абвінавачванне запрасіла для Азарава 25 гадоў пазбаўлення волі, пяцярым яго паплечнікам — 11-12 гадоў пазбаўлення волі.
Калі суд пагодзіцца з абвінавачаннем, то Азараву будзе вынесены максімальна вялікі для апазіцыянера завочны прысуд. Былы міністр культуры Беларусі Павел Латушка атрымаў 18 гадоў завочна, лідарцы беларускіх дэмсіл Святлане Ціханоўскай суд прызначыў завочна 15 гадоў.
Сам Азараў раней казаў, што будзе лічыць вынесены прысуд «ацэнкай сваёй дзейнасці» ў апазіцыі.
Вярхоўны суд пачаў судзіць мерцвяка
Першым у гісторыі сучаснай Беларусі асуджаным пасмяротна стане Уладзімір Катрук — па абвінавачанні ў генацыдзе падчас Другой сусветнай вайны.
Лічыцца, што Катрук быў адным з катаў Хатыні. У сакавіку 1943-га нацысты знішчылі там 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей — па падазрэнні ў супрацоўніцтве з савецкімі партызанамі. Хатынь стала адным з сімвалаў жорсткасці нямецкіх войскаў на тэрыторыі былога СССР.
Катрук напрыканцы вайны збег у Францыю і служыў у Замежным легіёне. Затым эміграваў у Канаду і атрымаў там грамадзянства. У 1999-м яго пазбавілі грамадзянства па падазрэнні ў супрацоўніцтве з нацыстамі, але пазней вярнулі пашпарт, не знайшоўшы дастаткова доказаў. Падазрэнні так і пераследавалі яго да канца жыцця — у тым ліку з боку ізраільскіх пошукавых арганізацый; у 2015-м ён памёр ва ўзросце 93 гадоў.
Пераслед Катрука ў сучаснай Беларусі стаў магчымым пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка ў 2023 годзе падпісаў закон аб зменах у Крымінальна-працэсуальны кодэкс краіны. Гэтыя змены дазваляюць судзіць пасмяротна абвінавачаных у генацыдзе і іншых ваенных злачынствах. У Генпракуратуры сказалі, што гэтыя праўкі патрэбныя, каб «пераследаваць нацыстаў і звязаных з імі калабарантаў», якія здзяйснялі злачынствы на тэрыторыі Беларусі — «для аднаўлення справядлівасці».
У Мінску за тыдзень без прычын закрылі дзве мастацкія выставы
25 студзеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася выстава, прысвечаная аднаму з галоўных пісьменнікаў у гісторыі краіны Васілю Быкаву. Быкаў — адзін з самых яркіх прадстаўнікоў плыні, якую пасля вайны назвалі «лейтэнанцкай прозай». Гаворка ідзе пра пісьменнікаў, якія прайшлі Другую сусветную ў малодшых чынах, а потым асэнсоўвалі свой досвед у мастацкай літаратуры.
Выстава была прысвечана не толькі літаратуры, але і карцінам, там выстаўляліся фотаздымкі і асабістыя рэчы Васіля Быкава. 2 лютага яе закрылі без тлумачэння прычын, хоць яна павінны была прапрацаваць да 5 траўня. «Самі думалі, што прапрацуе больш, але так выйшла», — толькі і сказаў выданню «Наша Ніва» не названы па імені супрацоўнік музея.
1 лютага ў мінскім Палацы мастацтваў адкрылася выстава, прысвечаная 110-годдзю легендарнага «Чорнага квадрата» мастака Казіміра Малевіча. Як піша «Зеркало», яна павінна была прапрацаваць да 3 сакавіка. Але ўжо 3 лютага, на наступны дзень пасля закрыцця выставы Быкава, закрылі і яе. На старонцы Палаца мастацтваў у Фэйсбуку гаворыцца, што «па тэхнічных прычынах».
Васіль Быкаў у 1990-х паспеў пабываць у апазіцыі да Аляксандра Лукашэнкі. Ён уваходзіў у «Беларускі народны фронт» Зянона Пазняка, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета.
У 1997 годзе Быкаў эміграваў. Ён памёр у 2003-м, пахаваны на «Алеі зорак» мінскіх Усходніх могілак. Лукашэнка на яго пахаванне не прыехаў.
Казімір Малевіч у канцы 1910-х — пачатку 1920-х гадоў жыў у Віцебску, у яго былі там вучні. Ён памёр у 1935 годзе, пра прэтэнзіі сучаснай беларускай улады да яго нічога не вядома.