Галоўнае за тыдзень у Беларусі: версія «Бі-бі-сі»
Руская служба «Бі-бі-сі» сабрала самыя важныя, на яе погляд, навіны пра тое, што адбылося ў Беларусі з 16 па 23 лютага.
Пятая смерць палітвязня ў калоніі
20 лютага ў магілёўскай калоніі памёр палітвязень і былы сябра «Беларускай сацыяльна-дэмакратычнай партыі» (БСДП) Ігар Леднік, пра гэта паведамілі ў самой партыі.
Леднік быў прысуджаны да трох гадоў зняволення за «паклёп на Лукашэнку» — па падобных прысудах у краіне сядзяць дзясяткі чалавек.
Паводле даных праваабарончага цэнтра «Вясна», 63-гадовы Леднік меў інваліднасць другой групы з-за праблем з сэрцам, але прысуд яму пакінулі ў сіле.
«У зняволенні стан здароўя Ігара Ледніка істотна пагоршыўся, яму была зробленая аперацыя на страўнікава-кішачным тракце», — расказалі ў БСДП.
Падрабязнасці і абставіны смерці актывіста пакуль невядомыя.
З пачатку 2020 года гэта ўжо пятая гібель беларускага палітвязня за кратамі. У ліпені мінулага года ў беларускай калоніі памёр асуджаны на 5 гадоў мастак Алесь Пушкін.
У траўні 2021 года ў шклоўскай калоніі раптоўна памёр актывіст Вітольд Ашурак. Улады дагэтуль не далі інфармацыю пра абставіны яго гібелі.
Сербія можа выдаць Мінску беларускага актывіста
На гэтым тыдні Апеляцыйны суд Сербіі разгледзеў справу аб экстрадыцыі беларускага рэжысёра і актывіста Андрэя Гнёта.
Гнёт быў затрыманы 30 кастрычніка мінулага года ў Сербіі, куды прыехаў з Тайланда. У Беларусі яго абвінавачваюць ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў» на суму каля 300 тысяч еўра.
Сам Гнёт сцвярджае, што яго справа палітычна матываваная.
Гнёта затрымалі на запыт беларускага Інтэрпола — так беларускія ўлады праз міжнародныя каналы Інтэрпола спрабуюць экстрадаваць апазіцыянераў з замежжа.
У дачыненні да рэжысёра працэдура экстрадыцыі ў Беларусь ужо пачалася.
Андрэй Гнёт — адзін з заснавальнікаў свабоднай асацыяцыі спартсменаў Беларусі (SOS By), якая выступае за змену ўлады ў краіне.
3 лістапада 2023 года адвакат рэжысёра Вадзім Драздоў падаў запыт на выдаленне даных, якія тычацца Андрэя Гнёта, у Камісію па кантролі файлаў Інтэрпола.
20 снежня 2023 года быў накіраваны запыт у Еўрапейскі суд па правах чалавека з просьбай забараніць ураду Сербіі кстрадыцыю Гнёта ў Беларусь.
Цяпер суд павінен прыняць рашэнне на працягу 20-30 дзён. Паводле слоў адваката, калі Апеляцыйны суд ухваліць скаргу, справа будзе вернута ў Вышэйшы суд Бялграда на паўторны разгляд.
Пакуль Андрэй Гнёт знаходзіцца пад вартай у Сербіі каля чатырох месяцаў.
Лукашэнка заявіў пра дыверсіі, якія рыхтуюцца ў Беларусі і Расіі
Вуліцы Беларусі павінны патруляваць узброеныя сілавікі для забеспячэння бяспекі грамадзян, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі сілавых ведамстваў.
«Людзі павінны адчуваць сябе ў бяспецы дома, на працы, на вуліцы ў любы час сутак, — сказаў ён. — Папярэджваю: на вуліцах павінны быць нашы хлопцы — патрулі. Патрулі павінны быць узброеныя стралковай зброяй, як мінімум пісталетамі, і гэта павінны ведаць усе».
Акрамя таго, на гэтым тыдні Лукашэнка абвясціў, што заходнія спецслужбы нібыта рыхтуюць на тэрыторыі Польшчы правакацыю, у якой абвінавацяць Расію і Беларусь. Раней ён расказаў пра затрыманне на беларуска-ўкраінскай мяжы некалькіх чалавек, якія нібыта рыхтавалі тэракты ў Расіі і Беларусі.
Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», які спасылаецца на праўладныя тэлеграм-каналы, гаворка ідзе пра грамадзян Украіны Сяргея і Паўла Кабарчукоў (гэта бацька і сын), а таксама пра грамадзяніна Беларусі Віталя Уласюка.
Палітычны аналітык Арцём Шрайбман мяркуе, што заявы Лукашэнкі досыць тыповыя для апошніх некалькіх гадоў.
«Лукашэнка і яго сілавікі раз на некалькі месяцаў абвяшчаюць альбо пра раскрыты тэракт, альбо пра планаваны тэракт, або дыверсіі, — расказаў Шрайбман у інтэрв'ю «Бі-бі-сі.» — Гэта форма мілітарызацыі грамадскай свядомасці. Калі людзям спрабуюць давесці, што мы знаходзімся пад пастаяннай пагрозай».
«Менавіта гэтай пагрозай апраўдваецца тое, што краіна, па сутнасці, знаходзіцца на неабвешчаным ваенным становішчы, што нават на выбарах трэба вуліцы патруляваць са зброяй, — дадаў аналітык. — Тое, што гэта адбываецца крыху больш інтэнсіўна перад выбарамі, мала каго здзіўляе. Нават такія стэрыльныя выбары, як цяпер у Беларусі, заўсёды разглядаюцца як стрэс-тэст для сістэмы, асабліва пасля 2020 года».
Чэхія ўвяла забарону на выдачу віз беларусам і расіянам
Чэхія ўвяла бестэрміновую забарону на выдачу віз грамадзянам Беларусі і Расіі з-за ваенных дзеянняў, якія працягваюцца ва Украіне.
Прэм'ер-міністр краіны Пётр Фіяла адзначыў, што Чэхія будзе ствараць умовы для ўезду і знаходжання ў краіне «прадстаўнікоў апазіцыі і студэнтаў, якія не хочуць мець нічога агульнага з рэжымамі Беларусі і Расіі».
Раней на выдачу віз грамадзянам Расіі і Беларусі дзейнічала часовая забарона да сакавіка гэтага года.
Ціханоўская сустрэлася з Навальнай
Святлана Ціханоўская правяла закрытую сустрэчу з жонкай палітыка Аляксея Навальнага, які памёр у папраўчай калоніі Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі пры невядомых абставінах.
Ціханоўская выказала спачуванні сям'і і блізкім Навальнага, а таксама нагадала пра сотні палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі, уключаючы яе ўласнага мужа Сяргея Ціханоўскага.
Ён быў асуджаны на 18 гадоў. Нагадаем, што пра лідараў беларускай апазіцыі – Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку і Марыю Калеснікаву, асуджаных на вялікія тэрміны, — нічога не вядома ўжо год.