Фонд спартыўнай салідарнасці заклікаў пазбавіць Беларусь права на трансляцыю Алімпіяды
Кіраўніца Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (BSSF) Аляксандра Герасіменя заклікала арганізацыйны камітэт Алімпіяды ў Токіа прыняць да ўвагі інцыдэнт з затрыманнем у Мінску ўдзельнікаў гонкі трыятланістаў і пазбавіць беларускія дзяржаўныя медыя права на трансляцыю Гульняў-2020, піша «Свабода».

Гэтаксама кіраўніцтва фонду патрабуе ад міжнародных спартыўных федэрацый забраць у Беларусі права на правядзенне любых рэйтынгавых турніраў. Заява апублікаваная на старонках BSSF у сацсетках.
26 чэрвеня падчас спаборніцтваў па трыятлоне ў Мінску сілавікі затрымалі Арцёма Казімірчыка, Аляксандра Клімянкова і Юрыя Сямашку. Спартсменаў даставілі спачатку ў Цэнтральны РУУС, а затым — у ІЧУ да суда.
Мінская міліцыя ў афіцыйным каментары паведаміла, што «трое мужчын дэманстратыўна выкрыквалі лозунгі пратэснага толку» і гэта з'явілася падставай для іх затрымання.

У сваю чаргу, алімпійская прызёрка ў плаванні Аляксандра Герасіменя запэўніла: фонд зробіць усё, каб прыцягнуць да адказнасці вінаватых у выкарыстанні празмернага і беспадстаўнага гвалту проста падчас спаборніцтваў, і акажа дапамогу пацярпелым.
Яна таксама звярнула ўвагу, што дзяржаўныя СМІ пасля інцыдэнту распаўсюдзілі «прызнанні» затрыманых. Гэты інцыдэнт чарговым разам даказвае, што ў Беларусі ні аднаму спартсмену, дэлегату або арганізатару спаборніцтваў не можа быць гарантаваная бяспека.
«Наш фонд неаднаразова папярэджваў міжнародныя арганізацыі пра небяспеку правядзення якіх-небудзь спартыўных мерапрыемстваў. Мы зноў бачым, як арганізатары нават адкрытых нацыянальных спаборніцтваў не ў стане супрацьстаяць гвалту і беззаконню. Такая сітуацыя ставіць пад сумнеў магчымасць правядзення нават аматарскіх стартаў», — гаворыцца ў заяве.
У звязку з гэтым Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці заклікаў узмацніць ціск на рэпрэсіўны рэжым Лукашэнкі і пазбавіць яго чарговай забавы — тэлетрансляцый Алімпійскіх гульняў у Токіа.