Філосафа Уладзіміра Мацкевіча, які зараз за кратамі, прызналі схільным да экстрэмізму
Філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча ў мінскім СІЗА на вуліцы Валадарскага прызналі схільным да экстрэмізму. Ён сядзіць у камеры адзін. Пра гэта гаворыцца на старонцы ў фэйсбуку, прысвечанай палітвязню.
Паводле старонкі, ад 14 жніўня Мацкевічу перадалі толькі 5 лістоў.
Уладзімер Мацкевіч — філосаф і метадолаг, грамадзкі дзеяч,
тэлевядоўца. Заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій, першы
кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюму «ЕўраБеларусь» (міжнародная грамадзкая
арганізацыя, створаная прадстаўнікамі НДА ў 2007 годзе і зарэгістраваная ў
Літве ў 2009 годзе), заснавальнік праграмы стварэння «Лятучага ўніверсітэту».
4 жніўня супрацоўнікі КДБ прыйшлі з ператрусамі да шэрагу
прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый і ініцыятываў. Бальшыню адпусцілі ў той
жа дзень ці пазней, а Уладзіміра Мацкевіча абвінавацілі ў «арганізацыі
групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342
Крымінальнага кодэксу, да чатырох гадоў пазбаўлення волі) і пакінулі пад
вартай. Праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем.
Паводле «Свабоды».