Фігуры тыдня: Меліта Станюта, Ігар Васільеў, Лідзія Ярмошына

Меліта Станюта   Тры залатых і два срэбных медалі на этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы заваявала Меліта Станюта. Яна перамагла ў практыкаванні з мячом, булавамі і стужкай. Таксама яна заваявала срэбную ўзнагароду ў практыкаванні з абручом, паведамляе афіцыйны сайт Беларускай асацыяцыі гімнастыкі.



105081_main.jpg

У індывідуальным мнагабор’і па суме чатырох практыкаванняў (з абручом, мячом, булавамі і стужкай) 19-гадовая Меліта Станюта заняла другую прыступку п’едэсталу.

Пераможцам этапу Кубка свету ў індывідуальным мнагабор’і стала аднагодка Станюты ўкраінка Ганна Рызатдзінава, а бронза дасталася гімнастцы з Азербайджана Марыне Дурунда.

Індывідуальнае мнагабор’е з’яўляецца алімпійскай дысцыплінай мастацкай гімнастыкі. Пасля таго, як у канцы 2012 года завяршыла спартыўную кар’еру бронзавая медалістка лонданскай Алімпіяды–2012 Любоў Чаркашына, 19-гадовая Меліта Станюта становіцца першым нумарам і лідарам нацыянальнай каманды Беларусі сярод спартсменак, што выступаюць асобна. У 2013 годзе Міжнародная федэрацыя гімнастыкі выдала права на правядзенне васьмі этапаў Кубка свету Эстоніі, Партугаліі, Румыніі, Італіі, Балгарыі, Францыі, Расіі і Беларусі.


Ігар Васільеў

igor_vasilev.gif

Былы першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Васільеў асуджаны да 14 гадоў пазбаўлення волі. Такое рашэнне вынес 11 лютага Мінскі абласны суд. Былы буйны чыноўнік абвінавачаны ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару асобай, якая займае адказную пасаду, у асабліва буйным памеры).

Паводле дадзеных следства, Васільеў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у ліпені 2012 года па падазрэнні ў вымагальніцтве хабару ў 500 тысяч долараў ЗША ў прадстаўнікоў чэшскага інвестара за спрыяльнае вырашэнне пытання, якое ўваходзіць у кампетэнцыю чыноўніка і звязанага з заключэннем інвестыцыйнай дамовы на будаўніцтва пад Мінскам смеццеперапрацоўчага завода. Перадача грошай павінна была ажыццяўляцца двума часткамі па 250 тысяч долараў. Васільева затрымалі ў службовым кабінеце пасля атрымання першай часткі хабару, паведамляе БелаПАН.

Віну ў атрыманні хабару Васільеў у судзе не прызнаў. Большая частка судовага працэсу прайшла ў закрытым рэжыме.

Ігар Васільеў быў прызначаны на пасаду першага намесніка старшыні Мінгарвыканкама восенню 2010 года па ўзгадненні з кіраўніком дзяржавы. У Мінгарвыканкаме ён курыраваў працу аддзелаў гарадской гаспадаркі і энергетыкі. Да працы ў гарвыканкаме Васільеў быў дырэктарам Мінскага камбіната сілікатных вырабаў.


Лідзія Ярмошына

ermoshina.jpg

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына падчас анлайн-канферэнцыі ў «Народнай газеце» заявіла, што ніколі не пойдзе на тое, каб стварыць сваімі рукамі ўмовы для якой-небудзь «аранжавай» вясны, восені або зімы.

У прыватнасці, распавядаючы пра змены ў выбарчым заканадаўстве краіны, чыноўніца заявіла, што не плануецца ўвесці норму, што дазволіць абскарджваць у судзе вынікі выбараў:

— Судовая цяжба заўсёды звязана са станам нявызначанасці, што можа доўжыцца невядома колькі і абавязкова цягне за сабой стан нестабільнасці. А менавіта пасля выбараў грамадства мае патрэбу ў стабільнасці больш чым калі-небудзь. Таму я ніколі не пайду на тое, каб стварыць сваімі рукамі ўмовы для якой-небудзь «аранжавай» вясны, восені або зімы.

Таксама Лідзія Ярмошына паведаміла, што плануецца закласці такое правіла, «каб не менш як дзве траціны перадвыбарнага выступлення кандыдатаў, па меншай меры, тых выступаў, якія дае ім дзяржава за бюджэтныя сродкі, павінна складаць праграма яго будучай дзейнасці. Пакуль жа ў апазіцыйных партый толькі адзін лозунг і адна ідэя, а тэксты напісаныя нібы пад капірку, змяняецца толькі карцінка з кандыдатам». Верагодна, патэнцыйныя ўдзельнікі выбарчага працэсу не змогуць карыстацца і такім інструментам, як байкот выбараў.

Лідзія Ярмошына таксама распавяла, што яе заробак прыкладна такі ж, як і ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў: у месяц выходзіць 10,5 мільёна рублёў. Ёсць яшчэ пенсія — каля двух мільёнаў рублёў.