Фенаменальны ўзровень страху і нізкі давер да структуры. Што паказалі выбары ў КР?

Першы блін заўсёды комам. Як і першыя за 30 гадоў дэмакратычныя выбары ў беларусаў. І ўсё магло б прайсці лепш, але не склалася — і ў таго ёсць шэраг прычын.

_belarus_minsk_vosen_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___4__logo.jpg

Генадзь Коршунаў выдзяляе тры групы прычын таго, што ў галасаванні за выбарчыя спісы ў Каардынацыйную раду (КР) прыняло ўдзел менш за 10 000 грамадзян Беларусі.

Вялікая электаральная кампанія беларускіх дэмакратычных сіл скончылася. Незалежна ад вынікаў, яна ўжо ўвайшла ў гісторыю. Яе ўдзельнікі, ход, асаблівасці і недахопы бурна абмяркоўваліся ў ходзе працэсу, ідуць гэтыя дыскусіі і цяпер, будуць яны працягвацца і ў будучыні, піша аналітык для «Цэнтра новых ідэй».

Адносна таго, што мы маем цяпер, я б сказаў наступнае: маем тое, што маем. Не perfect fit, вядома. А вось ці good enough? Гэта значыць варыянт далёка не ідэальны, але вось ці дастаткова яго? Пакуль не ясна, цяпер тут адкрытае пытанне, на якое яшчэ будзе трэба даць адказ. Пісаць яго будзем мы разам, а змест будзе залежаць не толькі ад новага складу Каардынацыйнай рады, але і ад нас. Так, гэта труізм, і, разам з тым, гэта праўда. Добра, гэта справа будучыні.


Глядзіце таксама

Калі ж казаць пра прычыны таго, што ў галасаванні ўзялі ўдзел не сотні і не дзясяткі тысяч беларусаў, то я б выдзяліў тры вялікія групы прычын.

Першая — гэта рэпрэсіі і страх. Рэжым прыклаў сапраўды фенаменальныя намаганні, каб забіць яўку пад плінтус. Абвінавачанні ў «экстрэмізме-тэрарызме» і цэлая серыя калектыўных крымінальных спраў падняла градус страху не толькі ўнутры Беларусі, але і сярод шараговых прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Асцярогі за сваю свабоду (у тых, хто яшчэ часам адважваецца з'ездзіць у Беларусь), за сваю ўласнасць (у тых, хто ў Беларусь ужо не ездзіць), за сваіх сваякоў (якія ў Беларусі ёсць амаль у кожнага) прыводзяць не тое што да нізкай электаральнай актыўнасці, але і да таго, што проста на дыяспаральныя мерапрыемствы людзі баяцца прыходзіць.

Другая група прычын — гэта тэхналогіі правядзення галасавання. Цяпер я не стаўлю задачы крытыкаваць асаблівасці гэтых тэхналогій. Проста адзначу, што галасаванне па спісах, якія былі сітуатыўнымі аб'яднаннямі вельмі розных людзей, для нас беспрэцэдэнтнае. Таксама падкрэслю беспрэцэдэнтнасць галасавання «праз Інтэрнэт». Для істотнай часткі старэйшага пакалення, якая праз сеціва толькі з дзецьмі па «Вайберы» камунікуе, гэта беспрэцэдэнтна ў ступені. Ну і неабходнасць перасылаць камусьці свае пашпартныя даныя, асабліва ў сучасных умовах, для істотнай часткі беларускага электарату выглядае, мякка скажам, як неабгрунтаваная неразважлівасць.

Калі я кажу «неабгрунтаваная», я маю на ўвазе трэцюю групу прычын — невысокая каштоўнасць КР у вачах беларусаў. Эксперты могуць гаварыць пра КР як пра «пясочніцу дэмакратыі», протапарламент, зародкі будучых інстытутаў і г.д. Але ў бягучых умовах будучая гіпатэтычная каштоўнасць Каардынацыйнай рады ніяк не пераважвае ўсе тыя рызыкі, якія нясе за сабой галасаванне за той ці іншы «экстрэмісцкі» спіс у «экстрэмісцкую» КР.


Глядзіце таксама

Пры ўсёй маёй шчырай павазе да тых, хто паставіў на кон вельмі многае і ўпісаў сваё прозвішча ў выбарчы спіс, цяпер КР — гэта тая структура, якая мае адзін з самых нізкіх узроўняў даверу сярод беларусаў. Нават калі мы бярэм толькі прадэмакратычна настроеную частку беларускага электарату, ядро пратэсна настроенай часткі грамадства, то там узровень даверу да Каардынацыйнай рады дзесьці ў раёне 38%, менш давяраюць толькі штабу Віктара Бабарыкі (26%). Для параўнання: «Народнаму антыкрызіснаму ўпраўленню» (НАУ) давяраюць 40%, «Аб'яднанаму пераходнаму кабінету» (АПК) — 43%, офісу Святланы Ціханоўскай – 80%. Гэта вынікі даследавання «Цэнтра новых ідэй» і ініцыятыва «Народнае апытанне», пра якое я пісаў раней. Дарэчы, тое даследаванне, з улікам памылкі выбаркі, нядрэнна адлюстравала электаральныя перавагі беларускага пратэснага ядра.

Вось, уласна, таму мы і маем тое, што маем.

Але галоўнае пытанне — як мы гэтым распарадзімся.