ЕС адрэагаваў на пашырэнне сферы прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі
Прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў выступіў з заявай аб рэпрэсіўных мерах у Беларусі, якія пашыраюць сферу прымянення смяротнага пакарання.
28 красавіка Нацыянальны сход Беларусі ўхваліў папраўку да Крымінальнага кодэкса, прадугледзеўшы прымяненне пакарання смерцю за «замах на ўчыненне тэрарыстычнага акту». Гэтае рашэнне супярэчыць сусветнай тэндэнцыі адмовы ад смяротнага пакарання.
Смяротнае пакаранне парушае неад'емнае права на жыццё, замацаванае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і з'яўляецца ў найвышэйшай ступені жорсткай, бесчалавечнай і прыніжальнай для годнасці мерай пакарання.
Гэтая папраўка да Крымінальнага кодэкса адкрывае магчымасці для далейшых сур'ёзных злоўжыванняў. Многім палітычным зняволеным (трыццаці шасці) прад'яўлены абвінавачанні ў «тэрарызме» альбо ўжо прысуджаны працяглыя тэрміны турэмнага зняволення па такіх абвінавачаннях. Шмат якія прадстаўнікі дэмакратычных сіл і палітычныя актывісты абвешчаны ў вышук па абвінавачваннях у «тэрарызме». Многія з абвінавачаных паўстаюць перад судом на таемных, несправядлівых і прадузятых судовых працэсах, часта па сфабрыкаваных абвінавачаннях і без якіх-небудзь прававых гарантый. Цяпер ім таксама можа пагражаць смяротнае пакаранне.
Цяперашні палітычны кантэкст у Беларусі робіць гэты паварот падзей яшчэ больш трывожным. ЕС самым рашучым чынам асудзіў саўдзел Лукашэнкі ў стварэнні ўмоў для расійскай ваеннай агрэсіі і яе падтрымцы шляхам прадастаўлення сваёй тэрыторыі для нападу на Украіну.
Рэжым працягвае жорсткія рэпрэсіі ў адносінах да ўласнага насельніцтва. Праваабаронцам, журналістам і палітычным актывістам пагражаюць цалкам неабгрунтаваныя і вельмі доўгія тэрміны зняволення. У апошні час мішэнню сталі і прафсаюзныя актывісты.
ЕС зноў заяўляе аб сваім патрабаванні неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных вязняў. ЕС працягне падтрымліваць дэмакратычныя сілы ў краіне і выступаць за свабодную, незалежную і квітнеючую Беларусь.