Эксперт: Улады адчулі грошы, якія прыходзяць з паветра
Як доўга беларусы будуць бясплатна ездзіць па аўтамагістралях роднай краіны?
Урад Беларусі плануе пашырыць сетку платных дарог. Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму, згодна з якой да 2021 года працягласць платных магістраляў павінна скласці 1786 км. Па прагнозах чыноўнікаў, за бліжэйшыя чатыры гады ў рэспубліканскі бюджэт ад збірання платы за праезд паступіць каля 817 мільёнаў рублёў.
Чаму ўрад так актыўна імкнецца ператварыць дарогі ў крыніцу папаўнення казны?
Раднянкоў: Можа, кагосьці платная дарога і адпудзіць
— Улады ўбачылі і адчулі грошы, якія прыходзяць ім практычна з паветра, і таму яны зацікаўлены ў пашырэнні сеткі платных дарог, — адзначае эксперт анлайн-часопіса «Ідэя» Антон Раднянкоў. — Да таго ж, існуе бізнес, які з'яўляецца аператарам гэтых платных дарог, і ён думае пра выгаду.
Па словах аналітыка, галоўнае, каб сродкі, якія будуць прыходзіць ад платных дарог, былі потым правільна і рацыянальна выдаткаваныя.
— Пакуль што ўлады выкарыстоўваюць «дарожныя грошы» і на прыблізную суму памяншаюць бюджэтнае будаўніцтва новых аўтамагістраляў. А неабходна, каб сумы з платных дарог, наадварот, толькі дапаўнялі выдаткі на будаўніцтва новых або на падтрыманне якасці існуючых дарог, — падкрэслівае Антон Раднянкоў.Эксперт не падзяляе боязі, што ўлады рана ці позна прымусяць плаціць ўсіх беларускіх аўтамабілістаў за рух па платных дарогах.
— Гэта рэзка можа адбіцца наогул на мабільнасці працоўнага насельніцтва. Бо ў сталіцу вельмі многія прыязджаюць працаваць з суседніх населеных пунктаў, — тлумачыць эканаміст.
На яго думку, пашырэнне сеткі платных дарогі не паменшыць і патокі турыстаў у краіну.
— У Беларусі дарогі нашмат лепш, чым у той жа Украіне і, магчыма, еўрапейцы, аддадуць перавагу заплаціць збор, чым ехаць бясплатна па выбаінах. Хоць, можа, кагосьці платная дарога і адпудзіць. Але думаю, вялікіх негатыўных наступстваў з пункту гледжання турызму не будзе, — прагназуе Антон Раднянкоў.
Бабіцкі: Прынцып рынкавай эканомікі: ездзіш — плаці
Эканаміст Дзмітрый Бабіцкі адзначае, што платныя дарогі — нармалёвая з'ява для рынкавай эканомікі.
— У іншых краінах ёсць платныя дарогі. Напрыклад, у Польшчы трэба плаціць за праезд па выбраных трасах, а ў Швейцарыі – па ўсіх транзітных магістралях. Механізм гэты нармальны. Добра, што Беларусь гэты механізм ўжывае, — лічыць эксперт.
Між тым, няма поўнай упэўненасці, што ўсе грошы, атрыманыя ў якасці аплаты за карыстанне магістралямі, ідуць на іх рамонт і будаўніцтва новых дарог.
— У нас бюджэтныя працэсы даволі закрытыя і мы не маем магчымасці адсочваць, куды гэтыя сродкі выдадткоўваюцца, ці ўсе яны накіроўваюцца ў дарожны фонд? — кажа эканаміст.
Эксперт не выключае, што ў перспектыве плаціць за праезд па магістралях прыйдзецца ўсім беларусцы аўтамабілістам.
— Прынцып рынкавай эканомікі: ездзіш — плаці, — лічыць Дзмітрый Бабіцкі. — Не павінны пенсіянеры, якія жывуць у вёсках і дарогамі ўвогуле не карыстаюцца, плаціць за тых, хто ездзіць на машыне коштам у дзясяткі тысяч долараў. Бо менавіта ў бяднейшых людзей потым забяруць кавалак пенсіі, каб за бюджэтныя грошы пабудаваць ці адрамантаваць дарогі.
Эканаміст прыводзіць прыклад Польшчы, дзе за карыстанне новымі аўтастрадамі плацяць усе, хто па іх едзе.
— Прычым, плацяць аднолькава: і замежнікі, і палякі, — тлумачыцб эксперт. — Таму тэарэтычна дзесьці ў далёкай перспектыве і ў Беларусі будзе тое самае.
Праўда, па словах эксперта, наўрад ці гэта адбудзецца ў бліжэйшай будучыні.
— Тут трэба ўлічваць сацыяльны аспект. Бо шмат хто з беларусаў ездзіць на лецішчы. Адпаведна, калі ўвядуць плату за дарогі, то ўзнікне назадаволенасць сярод пэўных груп насельніцтва, — лічыць аналітык. — Таму, наўрад ці, у бліжэйшы час будуць уводзіць плату за дарогі для звычайных беларусаў.
Што тычыцца турыстаў, то тут эксперт прынцыповы: хочаш ехаць у Беларусь — плаці.
— Калі не хочаш плаціць за дарогі, за карыстанне інфраструктурай, то навошта такі турыст? Няма на гэта грошай — сядзі ў хаце, нікуды не едзь.— адзначае Дзмітрый Бабіцкі.
Паводле Заўтра тваёй краіны