«Е-дастаўка» адмяніла зніжку для людзей з інваліднасцю
Сэрвіс «Е-дастаўка» адмяніў зніжку на тавары для пакупнікоў з інваліднасцю. Але для іх працягвае дзейнічаць паніжаная мінімальная сума заказу для бясплатнай дастаўкі — 35 рублёў, паведамляе «Л*стэрка».
— «Еўраопт» адмяніў 5% зніжку для інвалідаў 1, 2, 3
групы на ўсе тавары ў «Е-дастаўцы». Зніжка працавала гадоў дзесяць. Пасля
рэгулявання коштаў прыкметна скараціўся асартымент у гэтай інтэрнэт-краме, — паведаміў журналістам чытач.
У афіцыйным акаўнце «Е-дастаўкі» ў Instagram чытачу
паведамілі, што зніжка для людзей з інваліднасцю была адменена «1-2 месяцы
таму», цяпер ім даступны акцыйныя тавары на агульных падставах.
Па тэлефоне кантакт-цэнтра «Е-дастаўкі» паведамілі, што для людзей з інваліднасцю і пенсіянераў па ўзросце застаецца
паніжаная мінімальная сума заказу для бясплатнай дастаўкі — 35 рублёў.
— Калі ў вас ёсць пасведчанне, то вы можаце даць яго нам
праз форму зваротнай сувязі. Для гэтага на сайце трэба выбраць падраздзел
«задаць пытанне», там ёсць «рэгістрацыя пасведчання на зніжку». Адправіце, нашы
спецыялісты разгледзяць зварот і падключаць гэтую зніжку. Вам трэба быць
аўтарызаванай у асабістым кабінеце, — паведаміла спецыяліст.
1 лістапада «Е-дастаўка» стала недаступнай для большай часткі краіны, гэта адбылося пасля ўвядзення шэрагу новых цэнавых рэгуляцый у Беларусі. Акрамя таго быў урэзаны і асартымент — з яго зніклі прадукты, што хутка псуюцца. Таксама «Е-дастаўка» скарачала сваю геаграфію, даступнымі для дастаўкі заставаліся толькі Мінск і вобласць, Баранавічы і абласныя цэнтры. Аднак ужо 11 лістапада кампанія заявіла, што вяртае магчымасць дастаўкі пакупак па ўсёй краіне.
Відавочна, што адмена зніжкі для людзей з інваліднасцю звязана не з кепскім стаўленнем з боку рытэйлера — гэта адкладзены эфект ад замарозкі цэн, праз што бізнесу стала цяжэй працаваць. Але нешта падказвае, што якраз на «Е-дастаўку» ў выніку чыноўнікі могуць і павесіць усіх сабак. І потым справаздачыцца аб сваім клопаце пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі.