Дзяржаўным прадпрыемствам дазволяць забруджваць наваколле?

Новы праект Указа аб парадку вызвалення юрыдычных асоб і грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, ад пакрыцця шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю, фактычна спрыяе парушальнікам прыродаахоўнага заканадаўства, звяртае ўвагу ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны".

ekalohija_1.jpg


У Беларусі вынеслі на грамадскае абмеркаванне праект Указа “Аб парадку вызвалення юрыдычных асоб і грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, ад пакрыцця шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю, кошту незаконна здабытай прадукцыі”. Заўвагі і прапановы ва ўказ прымаюцца да 28 сакавіка.

Гэта вельмі трывожны званок: такі ўказ «развяжа рукі» патэнцыйным парушальнікам, асабліва буйным прамысловым прадпрыемствам, лясным і сельскагаспадарчым, большасць з якіх знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці.

Праект Указа аргументуе, што вызваляць ад выплаты нанесенай шкоды будуць «у мэтах прадухілення неабгрунтаванай эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва) суб'ектаў гаспадарання, захавання і развіцця вытворчасцяў, найбольш значных для Рэспублікі Беларусь і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак».

Для гэтага парушальнік павінен прадставіць «абгрунтаваныя звесткі аб сацыяльных і эканамічных наступствах прад'яўлення патрабаванняў аб пакрыцці шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю, кошту незаконна здабытай прадукцыі і наступствах вызвалення ад яго, уключаючы інфармацыю аб значнасці для Рэспублікі Беларусь (яе адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі) вынікаў, якіх заяўнік абавязваецца дасягнуць у выпадку вызвалення яго ад пакрыцця шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю, кошту незаконна здабытай прадукцыі». Прадугледжаны праектам указа і наступная эканамічная справаздача праз год пра дасягненні пасля вызвалення ад пакрыцця шкоды.

Спасылка на абмеркаванне і тэкст Праекта Указа: forumpravo.by


Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) разам з шэрагам іншых грамадскіх экалагічных арганізацый накіравала ў Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ў Мінпрыроды ліст, у якім абгрунтоўваецца супярэчнасць гэтага Указа Канстытуцыі і заканадаўству.

У прыватнасці, у лісце гаворыцца: «Праектам прадугледжана падмена кампетэнцыі і парушэнне прынцыпу падзелу галін улады. Фактычна, міжведамаснай камісіі дэлегуюцца паўнамоцтвы судовай улады, не прадугледжаныя ў цяперашні час заканадаўствам».

Таксама падкрэсліваецца тое, што «прыняцце Праекта прывядзе, фактычна, да ўтварэння надзвычайнага суда, надзеленага паўнамоцтвамі прысвойваць прывілеяванае становішча грамадзянам і суб'ектам гаспадарання», то-бок судовыя функцыі ад агульных судоў (у выпадку парушэнняў фізічнымі асобамі) і гаспадарчага суда (у выпадку парушэнняў юрыдычнымі асобамі) пяройдуць органам выканаўчай улады.

Акрамя таго, у лісце звяртаецца ўвага на тое, што значныя сумы, якія выплачваюцца асобамі, прыцягнутымі да адміністрацыйнай адказнасці за прычыненне шкоды навакольнаму асяроддзю, будуць выключаныя з бюджэту, у той час як у фінансава-эканамічным абгрунтаванні да Праекта гаворыцца, што на бюджэце Указ не адаб'ецца.

Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі: «Я з цяжкасцю ўяўляю дзяржаўнае прадпрыемства-парушальнік, якое не вызваляць ад пакрыцця шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю, у рамках прапанаванага парадку. Па выніках студзеня-сакавіка 2019 года 60,9% прадпрыемстваў рэальнага сектара былі альбо нерэнтабельнымі, альбо мелі рэнтабельнасць ад 0% да 5%. Цяпер ім усім фактычна дазволяць забруджваць навакольнае асяроддзе? Праблема з забруджваннем прыроды ёсць і на Захадзе, злосныя парушальнікі прыродаахоўнага заканадаўства разараюцца, таму што яны сур'ёзна пагаршаюць здароўе грамадзян, а яго ахоўвае артыкул 46 Канстытуцыі.

Міжнародны бясспрэчны прынцып "забруджвальнік плаціць" хочуць адмяніць у нашай краіне. Але ж гэтыя грошы можна было б накіраваць на выпраўленне сітуацыі, на кампенсацыйныя мерапрыемствы, аднаўленне экасістэм. Эканоміка вельмі важная, гэта так, але ж дыхаць мы хочам чыстым паветрам і піць чыстую ваду. І на варце нашай прыроды стаіць нацыянальнае прыродаахоўнае заканадаўства, патэнцыйным парушальнікам якога ўжо рыхтуюцца “індульгенцыі”».

Паводле Прэс-службы ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны"