Дзень у ваенным музеі

Сённяшні Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ўвесь, пачынаючы з архітэктурнага рашэння, прасякнуты змаганнем, перамогай і нязломнасцю духа савецкага беларуса. А як выглядаюць музеі "прайграўшага боку"?



img_3682_logo.jpg

Некалькі гадоў таму я быў здзіўлены адной рэкламай: дзяцюк у шляхетным адзенні запрашаў ласавацца мёдам і набываць яго ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. «Бач ты, нават сённяшнія ідэалагічныя асновы не могуць утрымацца перад настойлівасцю гандляроў», — падумалася мне тады. Але гэта была хіба што аднаразовая акцыя. І цяжка ўявіць, каб у цяперашнім музеі — новым, велічным — адбылося нешта падобнае. 

Сённяшні Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ўвесь, пачынаючы з архітэктурнага рашэння, прасякнуты змаганнем, перамогай і нязломнасцю духа савецкага беларуса. Адзінай камерцыйнай часткай ідэалагічнага калоса беларускай дзяржавы можна назваць кіёск, дзе гандлююць сувенірамі. Але гэта — неабходны складнік сучаснага музея.

Шлях да перамогі

Калі ўзяць для параўнання Ваенна-гістарычны музей Бундэсфера ў Дрэздэне, там, акрамя сувеніраў і кніг па гісторыі войнаў, іншых тавараў таксама не знойдзеш. Але гэты музей адрозніваецца ад нашага. Зразумела, ён не праслаўляе перамогу немцаў у войнах. Нюрнбергскі працэс не толькі асудзіў нацыянал-сацыялістаў, але і акрэсліў рамкі інтэрпрэтацый тэрміна «вайна» ў музейнай справе Германіі. Установа дае нам уяўленне пра месца простага чалавека на вайне. Прычым не толькі Другой сусветнай, а ў цэлым — усіх войнаў. Па-сутнасці, Ваенна-гістарычны музей — антываенны.

img_4110_logo.jpg

Будынак дрэздэнскага музея з’явіўся на свет у 1877 годзе і тады выконваў функцыі арсенала. Знешне ён мог так і застацца архітэктурным узорам свайго часу, але сучасныя архітэктары змянілі яго аблічча. З’явілася прыбудова са шкла і металу, якая ўразаецца ў фасад. Прыбудова па форме нагадвае клін, і сваёй кантрастнай светагульнёй сімвалізуе ваенную гісторыю Нямеччыны.

Архітэктурнае рашэнне Музея гісторыі ВАВ — салют — прама паказвае на іншую задачу: уганараванне перамогі. Гэта пацвярджае і экскурсавод, бо, па яе словах, галоўная задача музея — паказаць подзвіг народаў СССР падчас Вялікай Айчыннай вайны. Але абавязкова падкрэсліць ролю Беларусі ў перамозе над «фашысцкай Германіяй». «Беларусь перамагла ў вайне сумесна з іншымі народамі Савецкага Саюза», — такая думка пасля застаецца ў экскурсанта.

img_3696_logo.jpg

Музей гісторыі ВАВ, сапраўды, уражвае і сваімі плошчамі, і сучасным падыходам у падачы гістарычнага матэрыялу. Велізарныя памяшканні дапамагаюць, напрыклад, праз бой танкаў паказаць супрацьстаянне дзвюх таталітарных сістэм. Галаграфічныя рэканструкцыі падзей, незвычайнае ўнутранае аздабленне, манекены вайскоўцаў і партызанаў у поўны рост, штучныя салдаты саюзных армій — усё гэта можна пабачыць на свае вочы. 

Музей збірае калекцыю самаробнай партызанскай зброі. У экспазіцыі ёсць нават пушка, зробленая партызанамі! І ў гэтай пушкі, дарэчы, слаўны баявы шлях. «Храналагічным шляхам вайны праходзіць і экскурсант», — сцвярджае супрацоўніца Музея гісторыі ВАВ Кацярына Далідовіч.

Экскурсія заканчваецца ў вялікай зале, якая прызначана для ваенных урачыстасцяў. Але пасля яе заканчэння застаецца непаразуменне, чаму беларускія нацыянальныя сімвалы, якія прысутнічаюць на адным са стэндаў, паказаны ў негатыўнай афарбоўцы. Непрыемна ба­чыць, калі герб «Пагоня» падаецца разам са свастыкай. Аднабаковы погляд увогуле не характэрны для навукі, а ў дадзеным выпадку адчуваецца тэндэнцыйнасць. 

Шлях да чалавека

img_4090_logo.jpg

Ваенна-гістарычны музей Бундэсфера — пяціпавярховы будынак, і кожны паверх — тэматычны. На першым распавядаецца пра ўсе войны, у якіх Нямеччына прымала ўдзел з 1300 па 1945 год. Тут жа акцэнтуецца ўвага на тэхналогіях на службе войска. На другім паверсе адрэзак 1914–1945 гадоў выдзелены ў асобную экспазіцыю. (Менавіта так: год пачатку Першай сусветнай і год заканчэння Другой сусветнай). У асобнай зале дэманструюцца пакуты, якія паглынаюць людзей у часе ваенных дзеянняў. Трэці паверх асабліва ўражвае сваім падыходам: на ім раскрываюцца такія тэмы, як палітыка і гвалт, вайскоўцы і музыка, вайскоўцы і мода, вайскоўцы і мова, вайна і гульня. Чацвёрты — прысвечаны памяці пра вайну, а пяты — са шкляной падлогай — аглядная пляцоўка Дрэздэна. У музеі адведзена месца і халоднай вайне: дэманструюцца савецкае і нямецкае ўзбраенне пасля 1945-га. 

img_4087_logo.jpg

Адна з ваенных тэхналогій, пра якую распавядаецца, — выкарыстанне жывёлаў. Тэма з’явілася абгрунтавана: у Першую сусветную вайну было ўцягнута 14 мільёнаў розных жывёл, у Другую сусветную — у два разы болей. Тым больш, уся новая зброя з далёкіх часоў і да сённяшняга дня апрабуецца на іх. Жывёлы выкарыстоўваліся для выведкі, для перавозкі рэчаў. Падчас доўгіх ваенных кампаній свіней, птушак бралі з сабой, каб з’есці пры неабходнасці, са скуры рабілі адзежу. Прыцягвалі жывёл і да знішчальных аперацый. Сабакі ўзрывалі танкі, цюлені расчышчалі парты ад мінаў. А вось для якіх мэтаў ужывалі каларадскіх жукоў, якія таксама прадстаўлены ў экспазіцыі, засталося загадкай.

Падчас Першай сусветнай вайны на морды коней надзяваліся спецыяльныя маскі, што дазваляла ім рухацца па палях, атручаных газам. Для каней гэта быў незнаёмы рыштунак, але ён засцерагаў іх ад атрутнай смерці. Але і без газа хапала смуроду: у музеі на спецыяльным апараце жадаючыя могуць панюхаць гніенне і бруд акопаў Першай сусветнай вайны. Пах больш рэзкі і непрыемны, чым на сметніку, і тое ён зроблены ў лайт-версіі. Ад ранейшага варыянта паху давялося адмовіцца з-за скаргаў наведвальнікаў. 

Гвалт у музеі паказаны як гістарычны і культурны феномен. Экспазіцыя прымушае наведвальнікаў задумацца аб асабістай агрэсіі, якая глыбока затоена ў кожным чалавеку. У цэлым, музей выконвае ролю форума для абмеркавання пытанняў ваеннай гісторыі, для дыскусій пра вайну ў жыцці грамадства. Цэнтральнае месцы ў экспазіцыях займае чалавек, які шукае адказ на пытанне: чаму ўзнікае вайна?

Погляд збоку

Важкім меркаваннем пра беларускую і нямецкую ўстановы падзялілася супрацоўніца Музея гісторыі Украіны падчас Другой сусветнай вайны Тамара Куцаева: «У Мінску цікавы музей. Экспазіцыя на сучасным узроўні прадстаўляе амаль усе падзеі. Але ў музеі адчуваецца шмат Савецкага Саюза. Бачна, што ўстанова імкнецца паказаць гісторыю вайны вачыма беларусаў, але ўсё роўна Беларусь губляецца ў багацці савецкай ідэалогіі. Відавочна, што музею важней прадэманстраваць перамогу савецкага народа ў Другой сусветнай вайне, а не лёсы людзей. Напрыклад, у музеі ў Кіеве больш месца адведзена простаму салдату, радавому. У Мінску ж акцэнт зроблены на камандны склад, амаль няма калабарацыі, палонных.

img_3684_logo.jpg

Калі гаварыць пра музей у Дрэздэне, дык ён ставіць Другую сусветную вайну на адным узроўні з усімі іншымі войнамі. То бок, немцы паказваюць жах і трагізм вайны ў цэлым і спрабуюць усё гэта пераасэнсаваць», — падзялілася сваім меркаваннем Тамара Куцаева. 

У Беларусі існуе стэрэатып, што немцы трымаюць татальную забарону на ўспамін нацыянал-сацыялізму. Адназначна, гэта ідэалогія паўсюдна асуджаецца, і Гітлер з’яўляецца персонай нон-грата ў публічным дыскурсе. Тым не менш, у сувенірнай краме дрэздэнскага музея прадаецца гістарычная кніга пра фюрэра з яго фотаздымкам на вокладцы. Што праўда, стаіць яна ў куточку, і заўважыць яе не так проста. Але гэты факт кажа пра тое, што немцы не выразаюць кавалак гісторыі сваёй краіны, каб пакінуць яго ў забыцці. Нямецкая гістарыяграфія спрабуе разабрацца і ў гістарычных антыгероях. Бо чалавечая памяць вельмі кароткая, і толькі так яе можна абараніць ад інтэрвенцый сучаснасці.

Фота Аляксея Чубата