Дзень народзінаў за кратамі: павіншуйце палітвязня Анджэя Пачобута!

Сёння свае 48-годдзе за кратамі сустракае журналіст і грамадскі актывіст Анджэй Пачобут.

pachobut_andrey.jpg

Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка ў Гродне пасля доўгага ператрусу ў сваім доме. Яго даставілі ў Цэнтральны апарат Следчага камітэта ў Мінску, дзе адбыўся допыт. Анджэя пакінулі пад вартай у СІЗА-1 на Валадарскага ў статусе падазраванага па крымінальнай справе па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Здзяйсненне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйснення наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму»).
Да гэтага часу ён не змог сустрэцца са сваёй жонкай. Сваякі перадаюць яму праз турэмную службу пасылкі з ежай і прадметамі першай неабходнасці.
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Анджэя Пачобута палітвязнем. Варта адзначыць, што ён раней ужо быў палітычным зняволеным. Гродзенская абласная пракуратура ўзбудзіла супраць яго крымінальную справу за абразу і паклёп на прэзідэнта Беларусі. Судовы працэс быў закрытым. 5 ліпеня 2011 года суддзя Ленінскага раённага суда Гродна Віталь Ляцко асудзіў яго на тры гады пазбаўлення волі за паклёп на прэзідэнта з адтэрміноўкай на два гады. Па артыкуле, які тычыўся абразы прэзідэнта, журналіст быў апраўданы. Яго вызвалілі ў зале суда.
«Новы Час» шчыра віншуе Анджэя з Днём народзінаў! Жадаем моцы, вытрымкі, аптымізму і душэўных сіл, каб годна прайсці праз гэтыя выпрабаванні! І, канешне, найхутчэйшага вызвалення!
Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Андрэю Станіслававічу Пачобуту.