Дурні і дарогі

У Расіі, кажуць, дзве бяды, і абедзве яны вядомыя. Зрэшты, ад Расіі мы адышлі недалёка, і Аляксандр Рыгоравіч звярнуў на гэта ўвагу. У сярэдзіне тыдня ён правёў нараду па пытаннях транспартнай галіны.



15_quote_1.jpg

У сярэдзіне тыдня ён правёў нараду па пытаннях транспартнай галіны. Лукашэнка забараніў павышаць кошт праезду ў пасажырскім транспарце. «Пераўтварэнняў у тарыфнай палітыцы ў бок павелічэння ў бліжэйшы час, я лічу, не адбудзецца, мы павінны знайсці ўнутраныя рэзервы», — абвясціў па выніках сустрэчы віцэ-прэм’ер Аляксандр Калінін.

І падкрэсліў: «Ідзе пошук аптымальных суадносін выдаткаў і тарыфнай палітыкі, на гэта арыентуе кіраўнік краіны». Сапраўды, НЧ ужо неаднаразова звяртаў увагу на скаргі нашых транспартнікаў, што пасажыры, маўляў, аплачваюць толькі палову або 30% ад кошту праезду. Прычым, нават з павышэннем коштаў на праезд гэтыя скаргі застаюцца ў сіле.

Гэта значыць, колькі грошай ні ўбухвай, колькі кошт праезду ні падвышай, мы ўсё роўна аплачваем тую ж «палову або 30%». Хіба гэта нармальна?

Так што рашэнне Лукашэнкі вельмі апраўданае. Але лагічным было б, каб за гэтым мараторыем услед было прынята рашэнне разабрацца, чаму за год (з 1 красавіка 2014 года) талончык у Мінску падаражэў на 50% (з 3 000 да 4 500 рублёў), а мы ўсё роўна аплачваем «палову або 30%». Магчыма, трэба паглядзець, хто колькі скраў.

Зрэшты, калі ў адным месцы паменела, у іншым абавязкова прыбудзе — такі ўжо закон захавання рэчыва. Яшчэ да абвяшчэння мараторыя на павышэнне кошту праезду, у Мінску ўжо павышаны на 1,2% тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва.

Згодна з рашэннем Мінгарвыканкама ад 19 сакавіка №681, тарыф на паслугі па тэхнічным абслугоўванні жылых дамоў складзе Br 958,5 у месяц за 1 квадратны метр агульнай плошчы жылога памяшкання, тарыф на водазабеспячэнне — Br 1 453 за 1 кубічны метр, на каналізацыю — Br 970,1 за 1 кубічны метр. Аплата за карыстанне ліфтамі складзе Br 6 658 з аднаго жыхара ў месяц. Тарыф на паслугі па капітальным рамонце жылога дома застаўся на ранейшым узроўні — Br837,5 за 1 квадратны метр агульнай плошчы жылога памяшкання ў месяц.

З вясной надышоў час традыцыйна спосабу вымання грошай з кішэняў насельніцтва. На 18 красавіка ўлады прызначылі першы ў гэтым годзе суботнік. Працоўную групу па яго падрыхтоўцы і правядзенні ўзначаліла намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава.

«У сувязі са святкаваннем 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, аб'явай 2015 Годам моладзі і ў мэтах падтрымкі прапаноў калектываў работнікаў арганізацый і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў рэкамендавана на добраахвотнай аснове правесці 18 красавіка рэспубліканскі суботнік на працоўных месцах або ажыццявіць добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан мемарыяльных комплексаў, помнікаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона», — гаворыцца ў пастанове Савета міністраў № 270 ад 3 красавіка.

Звярніце ўвагу, хто, згодна з дакументам, вылучыў прапанову суботніка: «калектывы работнікаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў». То бок, чыноўнікі выканкамаў, ужо нават не «працоўныя калектывы». Як паведамляе прэс-служба ўрада, згодна з дакументам, заробленыя на працоўных месцах у дзень правядзення суботніка грошы «ў аб'ёмах, якія вызначаюцца работнікамі, у тым ліку дзейнасць якіх не звязана з вытворчасцю прадукцыі (работ), аказаннем платных паслуг, будуць пералічвацца праз раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты ў аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам». Яны, у сваю чаргу, пералічаць 50% грошай Міністэрству фінансаў, 50% застанецца ў іх распараджэнні.

Зразумелі, чаму работнікі «мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў» выказаліся пра ідэю суботніка? У іх проста грошы скончыліся! І за кошт суботніка яны мяркуюць паправіць свой гаротны фінансавы стан, адсцягнуўшы 50% Мінфіну.

Дарэчы, нездарма выбраны і дзень для суботніка. 18 красавіка — першы дзень з чатырох выходных: у сувязі з Радаўніцай 21-га працоўны панядзелак 20-га будзе перанесены на суботу 25-га красавіка. І, зразумела ж, скарыстаўшыся такімі вялікімі выходнымі, людзі з’едуць на адпачынак, на лецішчы, рыхтавацца да ўласнай «пасяўной». А таму багата арганізацый замест добраахвотнай прыборкі тэрыторыі проста пералічаць дзённы заробак супрацоўнікаў у якасці «кампенсацыі за суботнік». А «мясцовым выканаўчым і распарадчым органам» толькі гэта і трэба.

І яшчэ адна цікавая навіна, якая павінна адбіцца на Службе бяспецы кіраўніка дзяржавы. Яшчэ нядаўна Лукашэнка для стасункаў з прадпрымальнікамі наведаў гандлёва-забаўляльны цэнтр «Экспабел». Літаральна праз тры тыдні з’явілася паведамленне, што Мінскае абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях вынесла часовую забарону на працу адкрытага рынку і бізнес-цэнтра паблізу гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Экспабел», якія належаць ЗАТ «Выставачны цэнтр «Аквабел».

Спецыялісты выявілі мноства тыпавых парушэнняў, якія тычацца эксплуатацыі электрасетак і электраправодкі з пашкоджанай ізаляцыяй, часовай электраправодкі, няправільнай устаноўкі павільёнаў. Аж да таго, што ў сакавіку на «Экспабеле» згарэла два кантэйнеры з-за няспраўнасцяў электраправодкі.

Уяўляеце, як рызыкнуў Аляксандр Рыгоравіч, наведваючы патэнцыйна небяспечны аб’ект? Зразумела ж, Служба бяспекі праверыла там усё, нават сметніцы на прадмет выбухоўкі, а вось на электраправодку — забылася. А калі б кіраўніка дзяржавы там токам страсянула? Не атрымалася б размовы з прадпрымальнікамі, і ўвогуле, улічваючы склад дэлегацыі, мы маглі б зусім застацца без кіраўніцтва краіны, а ІПшнікам бы не падоўжылі гандаль таварамі без сертыфікатаў МС.