Што з Мацкевічам? Да яго не пускаюць адваката
Да філосафа Уладзіміра Мацкевіча два тыдні не можа патрапіць адвакат, паведамляюць праваабаронцы. Але ціск на палітзняволенага гэтым не абмяжоўваецца.
Ужо працяглы час палітвязню таксама фактычна заблакаваная перапіска, ён пазбаўлены тэлефонных размоў.
Сваякам Уладзіміра Мацкевіча адміністрацыя шклоўскай калоніі не дае ніякай інфармацыі. Яму немагчыма нават перадаць лекі.
Нагадаем, палітзняволенага філосафа і метадолага абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») за «Марш Народнага Ультыматуму» 25 кастрычніка, ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання») за платформу «Сход», а таксама па ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) за відэазапіс на YouTube-канале.
За кратамі філосаф — больш за 16 месяцаў. Яго затрымалі 4 жніўня 2021 года пасля вобшуку ў доме ў межах крымінальнай справы і выставілі абвінавачанне ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Уладзімір Мацкевіч трымаў з 3 лютага 2022 года галадоўку, а з 15 лютага — «сухую галадоўку». Увечары 16 лютага стала вядома, што вязень завяршыў галадоўку. Паводле ягоных слоў, якія перадаў адвакат, гэта здарылася таму, «справа зрушылася з мёртвай кропкі».
Разгляд справы Уладзіміра Мацкевіча пачаўся 9 чэрвеня 2022 года ў Мінскім абласным судзе ў закрытым рэжыме.
23 чэрвеня мысляра прызналі вінаватым і асудзілі да пяці гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «грубае парушэнне грамадскага парадку», «кіраванне экстрэмісцкім фарміраваннем» і «абразу Лукашэнкі».
Яго дачка Надзея Лучанок пракаментавала прысуд бацьку так: «Але насамрэч яго пакаралі за іншадумства, за “думказлачынства” ў духу Оруэла».
Пазней Уладзіміра Мацкевіча этапавалі ў папраўчую калонію № 17.
У кастрычніку 2022 года прозвішча філосафа дадалі да спісу людзей, «схільных да экстрэмісцкай дзейнасці», які складае МУС Беларусі.
Таксама вядома, што па магчымасці філосаф спрабаваў працягваць працаваць за кратамі і напісаў дзве кнігі. «Мы асцерагаемся, што ўлады могуць канфіскаваць гэтыя тэксты і яны будуць згублены для навакольнага свету», — распавяла Надзея Лучанок падчас канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні ў Варшаве.
Адрас для падтрымкі: ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Уладзімір Уладзіміравіч Мацкевіч