Да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі адкрыліся выставы «Ленініяны»

Да 100-годдзя Кастрычніцкага перавароту віцебскія музеі стварылі экспазіцыі, прысвечаныя Уладзіміру Леніну, — паведамляе "Радыё Свабода".

7063341b_f038_42fa_9173_45308458b50b_w1023_r1_s.jpg


Набыўшы квіток коштам 1 рубель глядач можа пазнаёміцца з фондамі прыватных калекцый, сабраных аматарамі «ленінскай тэмы». Пакуль ахвотных глядзець — няшмат.

У віцебскім краязнаўчым музеі адчынілася экспазіцыя «Эпоха Леніна», куды ўвайшлі экспанаты з аднайменнай прыватнай калекцыі жыхара Полацку Мікалая Панкрата. Калекцыянэр Панкрат мае свой хатні музей, які паводле памераў пераўзыходзіць шмат якія дзяржаўныя. Музей называецца «Сэнс жыцця», і гаспадар мае самыя шырокія інтарэсы што да зьбірання экспанатаў. Але найбольшую частку калекцыі складаюць артэфакты савецкага мінулага, і, у прыватнасці, выявы Леніна.

2a498436_304f_49aa_b1c3_c432eece7a9f_w1597_n_r0_s.jpg


У абласным краязнаўчым музеі выстаўлена ўсяго каля тысячы эксапанатаў з калекцыі Мікалая Панкрата. Гэта сцягі, вымпелы, медалі і значкі, а таксама 100 скульптурных выяваў Леніна, зробленых з рознага матэрыялу — з бронзы, парцаляны, дрэва. Паводле прадметаў экспазіцыі, можна нават скласці ўяўленне пра біяграфію правадыра сусветнага пралетарыяту: выявы ўвасабляюць Леніна ў розным узросце — ад кучаравага хлопчыка да юнака з рашучым позіркам і кананічнага дзядулі з бародкай.

У пачатку экспазіцыі размешчаны зварот Мікалая Панкрата, дзе ён тлумачыць сэнс свайго занятку:

«Усе экспанаты музею — гэта даніна павагі гісторыі краіны Саветаў, людзям, якія жылі ў тую эпоху, старэйшаму пакаленню, для якога Савецкі Саюз быў і застаецца Радзімай. Пры ўсіх памылках і праліках, было шмат добрага, калі мы жылі пры сацыялізме. Хачу, каб гэтая памяць засталася маім дзецям і ўнукам, Полацку».

2f813c47_73d5_46fe_a80e_f40f93bfc0fb_w1597_n_r0_s.jpg


На памяць гораду Віцебску сваю калекцыю значкоў з выявамі Леніна падарыў Анатоль Шэльцін, былы выкладчык акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Калекцыя доўгія гады была справай ягонага жыцця, але прыярытэт каштоўнасцей збіральніка нечакана змяніўся, калі ў 1997-м годзе ён вырашаў з’ехаць у Ізраіль. Тады, напярэдадні 80-х угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, ён падараваў гораду сваю калекцыю «Ленініяна» з пяці тысяч значкоў — прычым не тых, якія прадаваліся ў кожным шапіку за савецкім часам, але рэдкіх, якія выпускаліся абмежаванымі накладамі.

1776 значкоў з выявамі Леніна можна ўбачыць у складзе выставы «Калекцыя сышоўшай эпохі».

8853fd0c_0abd_4db2_9817_3fe0295ffb51_w1597_n_r0_s.jpg


Апрача іх, Музей прыватных калекцый уключыў у экспазіцыю зборную інсталяцыю «Працоўнае месца калекцыянера» і інтэрактыўную забаўку для школьнікаў. Яны могуць патрэніравацца завязваць гальштук, размаляваць каляровымі алоўкамі піянерскі значак і ўнесці ўласныя дадаткі ў «Правілы акцябратаў». Асабліва кранальным выглядае прапанова «Не крыўдзіць маленькіх коцікаў».

Паводле музейных супрацоўнікаў, экспазіцыі наведвае не так шмат гледачоў, як планавалася. Не справакаваў інтарэсу да правадыра і нядаўні скандал, калі ідэолагі «параілі» дэмантаваць выставу Цэнтру сучаснага мастацтва, бо на ёй быў прадстаўлены скульптурны партрэт Леніна, зроблены з халадца.

b8f77478_05ec_4e7a_a4db_0883453b501b_w1597_n_r0_s.jpg

www.svaboda.org