«Чарговы прысуд невінаватаму чалавеку» — Святлана Ціханоўская пра прысуд Эдуарду Бабарыку

«Гэта прысуд за бацьку, пра якога Эдуард нічога не чуў з 26 красавіка і не ведае, жывы ён ці не», — так Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуд Эдуарду Бабарыку. 

Эдуард Бабарыка падчас суда. Фота: sb.by

Эдуард Бабарыка падчас суда. Фота: sb.by


Святлана Ціханоўская ў сваім Тэлеграме выказалася наконт прысуду Эдуарду Бабарыку.

— Сёння беларускі «суд» вынес чарговы прысуд невінаватаму чалавеку. 8 гадоў атрымаў Эдуард Бабарыка. Гэта чалавек, які правёў у СІЗА 3 гады – рэкордны для Беларусі тэрмін. Увесь гэты час рэжым проста не мог прыдумаць прычыну, па якой затрымаў Эдуарда, і знайсці доказы яго віны. Бо па рэальнай прычыне — помста за жаданне ягонага бацькі ўдзельнічаць у выбарах – наўрад ці б далі нейкі тэрмін нават у такім судзе.

Гэта прысуд Эдуарду за бацьку, які так і не з'явіўся на судзе. Пра якога ён нічога не чуў з 26 красавіка і не ведае, жывы ён ці не.

Эдуард Бабарыка, як і яго бацька, хоча змяніць Беларусь і зрабіць яе лепшай. Ён запусціў платформы, дзякуючы якім беларусы маглі падтрымліваць ініцыятывы і праекты. Адтуль падтрымку атрымалі праект BY COVID-19, выдавецтва кніг нашай нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч і многія іншыя. 

Я ўпэўнена, што такія маладыя і таленавітыя людзі, як Эдуард Бабарыка — будучыня новай Беларусі. Менавіта гэтыя людзі здольны выцягнуць нашу краіну з крызісу, у які яе загнаў рэжым, і зрабіць Беларусь развітай і дэмакратычнай».


Глядзіце таксама

Нагадаем, як пісаў «НЧ», Мінскі абласны суд сёння, 5 ліпеня, агучыў прысуд палітзняволенаму Эдуарду Бабарыку, якога пад вартай утрымліваюць больш за тры гады — восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адметна, што суддзя Уладзімір Арэшка прызначыў Эдуарду Бабарыку на два гады менш, чым прасіў пракурор Аляксандр Кароль.

Пры гэтым Эдуарду Бабарыку не залічылі ў агульны тэрмін паўтара года ўтрымання пад вартай з трох гадоў, якія ён правёў за кратамі ў чаканні суда. Эдуард быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года разам з бацькам, Віктарам Бабарыкам, калі ішоў у ЦВК здаваць сабраныя подпісы.