Чарговая перамога Случака. Слуцкі завод больш не будзе выпускаць хлеб «Бульбаш»

Слуцкі хлебазавод прыпыніць выпуск прадукцыі з назвай, якая зневажае беларусаў. «Бульбаш — усё», — напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку «моўны інспектар» Ігар Случак, які змагаўся за гэтае рашэнне пяць гадоў.

Скрын са старонкі Ігара Случака ў фэйсбуку

Скрын са старонкі Ігара Случака ў фэйсбуку

«Бывае, каб атрымаць добры вынік, патрэбна даволі шмат часу і высілкаў. І гэта нават хутчэй правіла, чым выключэнне», — адзначыў актывіст.

Ігар Случак нагадаў, што хлеб «Бульбаш» выпускаўся Слуцкім хлебазаводам з 2007 года і, паводле слоў самога завода, лічыўся яго ці не галоўным брэндам, які перамагаў на розных конкурсах.

«У 2018 годзе мы пачалі кампанію «Стоп Бульбаш» як супраць самога абразлівага слова «бульбаш», так і супраць літары Ъ, на беларускіх шыльдах і этыкетках, — напісаў Ігар Случак. — Менавіта супраць хлеба мы тады збіралі подпісы случакоў і падавалі калектыўны зварот. Тады хлебазавод ад меркавання людзей адмахнуўся і прыбіраць абразлівую назву з пакунка хлеба не стаў».

Але актывісты не пакінулі спробаў пераканаць прадпрыемства.

«Мы працягвалі не толькі выбіваць «Бульбаш» з асартыменту завода, але і беларусізаваць Слуцкі хлебазавод — беларускай мовы на яго этыкетках не было. І вось прайшло пяць гадоў, скончваецца 2023 год і мы маем калядныя падарункі — беларуская мова на новых відах прадукцыі Слуцкага хлебазавода з'яўляецца ці не кожны квартал, а хлеб «Бульбаш» нарэшце зняты з вытворчасці. Вялікая, доўгая і нецікавая праца, але вынік апраўдвае ўсё — абаронена беларуская мова і нацыянальная годнасць беларусаў», — падсумаваў Ігар Случак.


Глядзіце таксама

Нагадаем, што ў кастрычніку стала вядома пра эвакуацыю сям’і папулярызатараў беларускай мовы Ігара Случака і Аліны Нагорнай разам з двума маленькімі дзецьмі з Беларусі ў Літву. Актывісты некалькі гадоў пасля прэзідэнцкіх выбараў заставаліся ў краіне, фактычна жывучы на нелегальным становішчы. Іх шукалі сілавікі, але яны выконвалі правілы канспірацыі, мянялі адрасы і пры гэтым працягвалі займацца сваёй справай.

«Гэта была асаблівая эвакуацыя са складанымі і драматычнымі рашэннямі. Складаная яшчэ і тым, наколькі шмат Аліна і Ігар змаглі зрабіць, знаходзячыся ў Беларусі дагэтуль(!). Іх расповед пра жыццё апошніх трох год – гэта драматычны прыгодніцкі трылер, і гэты расповед варты асобнай кнігі. Аліна і Ігар пратрымаліся максімальна доўга, працягваючы займацца праваабарончай дзейнасцю ўнутры краіны, але кола вакол іх звузілася настолькі і справа стала такой небяспечнай, што яны былі вымушаныя з’ехаць», — напісаў у кастрычніку кіраўнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак.

Аліна Нагорная і Ігар Случак — вядомыя абаронцы і папулярызатары беларускай мовы. Яны з’яўляюцца заснавальнікамі ініцыятывы «Умовы для мовы», выпусцілі кнігі «Абаронім мову», «Кошык вожыка», «Мова 404».