Чапля ў горадзе
Гэтую вялікую белую чаплю ўжо колькі гадоў сустракаю ў Кобрыне ля Мухаўца і яго прытоку Кобрынкі.
Часцей за ўсё яе можна бачыць раніцай ці днём ля наберажнай Мухаўца ці каля ўпадзення Кобрынкі ў Мухавец. Звычайна прыгажуня гадзінамі палюе у вадзе дзе-небудзь ў хмызняку ці трыснягу, альбо каля мастоў. І ўзлятае толькі тады, калі людзі пачынаюць дасаджаць ёй сваёй залішняй прысутнасцю…
Кобрынцы добра ведаюць сваю вялікую белую чаплю, ганарацца
яе прысутнасцю ў горадзе і заўжды звяртаюць увагу дзяцей на гэтую элегантную
насельніцу айчынных вадаёмаў.
Вялікая белая чапля — буйная птушка сямейства чаплевых. Мае
вельмі тонкую і выгнутую шыю, доўгія ногі. Даўжыня цела сягае 102 см., а размах
крылаў — 170 см. Вялікая белая чапля разы ў паўтары-два буйней за малую белую
чаплю. У адрозненне ад апошняй мае чорныя пальцы, а ў гнездавы час — жоўтую
дзюбу. Гукі, якія яна выдае, падобныя на хрыплае карканне «рха».
Гняздуецца калоніямі і асобнымі парамі на дрэвах, але часцей — на заломах трыснягу або ў хмызняку забалочаных мясцінаў і поймаў рэк. Гнёзды
дыяметрам да 110 см. робіць з трыснягу або галінак. Часам крадзе іх у сваіх
суседзяў, што вядзе да моцных боек.
Вялікія белыя чаплі адкладваюць у гнёздах звычайна тры-пяць
яек блакітна-зялёнага колеру. Іх выседжваюць бацькі 25-26 дзён. Ядуць чаплі
рыб, насякомых, дробных грызуноў, птушанят іншых птушак.
На Беларусі вялікая белая чапля — пералётная птушка, што
з’яўляецца напрыканцы сакавіка — у красавіку. Падвід, які сустракаецца ў
Беларусі, вядомы ад паўднёвай і цэнтральнай Еўропы да Цэнтральнай Азіі. З канца
ХІХ стагоддзя да сярэдзіны 1960-х гадоў паўсюдна назіралася памяншэнне
колькасці вялікіх белых чапляў. Апошнія паўстагоддзі ідзе адваротны працэс, а з
пачатку 1990-х гадоў на поўдні Беларусі фіксуюцца месцы гнездавання вялікай
белай чаплі, што была абвешчана птушкай году Беларусі ў 2008-м.