Чаму жанчыны не бачныя ў беларускай палітыцы

Зацяжны эканамічны крызіс і прыняцце дэкрэта аб «дармаедах» зрабілі беларусак больш актыўнымі.

women_politics.jpg

— Жанчыны больш адчуваюць цяжар крызісу — яны часцей губляюць працу, пераходзяць на няпоўны працоўны дзень, — патлумачыла сацыёлаг, дацэнт кафедры сацыяльнай камунікацыі Беларускага дзяржаўнага універсітэта Надзея Яфімава на міжнароднай канферэнцыі «Жанчыны і выбары».
Жанчыны рэдка ўзначальваюць дзяржорганы ці партыі, але часцей аказваюцца намеснікамі кіраўнікоў. Так складваецца з-за стэрэатыпаў і чаканняў у адносінах да жанчын, лічыць эксперт па гендэрных пытаннях, абаронца правоў аб'яднанняў ЛГБТ у Беларусі Юлія Міцкевіч.
— Нават у інтэрв'ю з прадстаўнікамі кіруючых пастоў відаць, што жанчынам, тым жа міністрам, часцей задаюць пытанне пра любімыя стравы, пра тое, што яны гатуюць дома. Мужчынамі-міністрамі часцей цікавяцца як прафесіяналамі. Гэты медыйны вобраз мае вялікае значэнне, — падкрэслівае Юлія Міцкевіч

«Шмат жанчын у палітыцы не абавязкова добра адбіваецца на становішчы жанчын у грамадстве»

У склад палітычных дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый палітычнага накірунку ўваходзіць ад 20 да 56% жанчын. У тым ліку каля траціны прадстаўнікоў кіруючых органаў — жанчыны. Пры гэтым кіраўнікі жаночага полу толькі ў чатырох партыях, затое іх шмат сярод намеснікаў старшынь, паказала даследаванне «Удзел жанчын у дэмакратычнай палітыцы ў Беларусі».
Толькі пяць беларускіх партый маюць адмысловыя праграмы па забеспячэнні гендэрнай роўнасці.Але ў апошні час з'яўляецца ўсё больш ініцыятываў, заснаваных жанчынамі для вырашэння сацыяльных праблем, распавядае Юлія Міцкевіч. Грамадству гэтая актыўнасць дрэнна бачная з-за таго, што ў Беларусі няма публічнай палітыкі і абмежаваны доступ на тэлебачанне.
Калі ў арганізацыях грамадзянскай супольнасці мы ўсе адзін аднаго ведаем, то астатняя частка соцыюму не так шмат чула пра гэтых жанчын, — кажа эксперт.
Аднак актыўнасць жанчын, як і іх колькасць, практычна ніяк не адбіваюцца на прыняцці палітычных рашэнняў.
— У Беларусі ёсць квота — 30% жанчын у парламенце, цяпер іх нават крыху больш. Але ці змяніла гэта нешта якасна ў жыцці і правах жанчын, сферы прыняцця рашэнняў? Па вялікім рахунку, не, — адзначае Юлія Міцкевіч.
Недастаткова мець у тым жа парламенце вялікую колькасць жанчын, больш важныя іх погляды і мэты, перакананая кіраўнік Цэнтра развіцця роўных магчымасцяў (Літва) Маргарыта Янкаўскайтэ.
— Калі жанчын у грамадстве 54%, то і ў цэнтрах прыняцця рашэнняў яны павінны складаць не менш за 50%. Але важная і позва, з якой яны прыходзяць у палітыку. Бо нярэдка менавіта жанчыны прасоўваюць ініцыятывы, якія пагаршаюць сітуацыю з правамі і роўнасцю жаночай часткі насельніцтва, — нагадвае Маргарыта Янкаўскайтэ.
Эксперты лічаць, што грамадству варта пераходзіць ад колькаснага павелічэння жанчын у палітычных арганізацыях і дзяржаўных структурах да змястоўнага — павялічваць актыўнасць людзей, якія імкнуцца мяняць патрыярхальныя падыходы да прыняцця рашэнняў. А яшчэ пераглядаць навязаныя грамадствам «нормы», як жаночыя, так і мужчынскія.
— Жанчынам не так проста прыйсці ў сферу прыняцця рашэнняў і сказаць: «Я магу». З улікам таго, што ў жанчыны шмат іншых абавязкаў, асабліва хатніх, у яе няма такіх магчымасцяў, каб прасоўваць свае ідэі і інтарэсы. Для гэтага павінны быць створаны пэўныя механізмы і інструменты, — тлумачыць Юлія Міцкевіч.

Як перабудаваць патрыярхальную сістэму?

Вопыт розных краін паказвае, што ўпісаць у існуючую патрыярхальную сістэму элементы гендэрнай роўнасці так і не атрымалася — жанчын заклікалі альбо пераймаць «мужчынскія» нормы, альбо іх няроўнае становішча чымсьці кампенсавалі. Прааналізаваўшы мінулы вопыт, эксперты зразумелі, што для зменаў недастаткова спрабаваць павялічыць колькасць жанчын у розных структурах і даць ім роўныя з мужчынамі правы. Бо за прапісанымі на паперы і заяўленымі нормамі застаецца фактычная дыскрымінацыя.
Найбольш прымальны і дзейсны падыход — мяняць сістэму адносін да разумення грамадства, нормаў і чаканняў ад яго катэгорый, лічыць Маргарыта Янкаўскайтэ.
— Важна, каб мяняўся не толькі фасад, але і ўвесь будынак ўнутры. Можна даваць жанчыне больш магчымасцяў выйсці на рынак працы пасля дэкрэтнага адпачынку — з аднаго боку гэта добры крок для таго, каб яна зноў была запатрабаваная. Але з іншага боку, гэта робіць яе больш залежнай ад ролі маці, — дапаўняе Юлія Міцкевіч.
Напрыклад, большае ўключэнне мужчын у сацыяльную сферу і павелічэнне іх ролі ў сям'і знізіць стэрэатыпы пра тое, што мужчына павінен толькі зарабляць грошы, часта ахвяруючы зносінамі з блізкімі, і паменшыць нагрузку хатніх абавязкаў на жанчын, адкрываючы перад імі больш магчымасцяў у сацыяльнай і прафесійнай жыцця .
— Усе сацыяльныя групы жанчын і мужчын могуць аднолькава ўплываць на грамадства. Гендэрная роўнасць выгадна, яна прыносіць грамадству дывідэнды. Яно робіць жыццё больш камфортным, сацыяльна бяспечным, а грамадства ў цэлым больш дэмакратычным, — лічыць Юлія Міцкевіч.
Пераасэнсаванне роляў жанчын і мужчын, перабудоўванне розных сфер пад інтарэсы і магчымасці абодвух палоў замест спробы ўпісаць жанчын у сістэму, створаную для мужчын, прынясуць грамадству больш пладоў, як фінансавых, так і сацыяльных.
Паводле Заўтра тваёй краіны