Ціханоўская возьме ўдзел у Чарнобыльскім шляху ў Вільні

Ужо заўтра, 26 красавіка, у 37-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, у Вільні і іншых гарадах пройдзе Чарнобыльскі шлях. У ім возьме ўдзел і Святлана Ціханоўская.

vilnjus__czarnobylski_szljah.jpg

У гэты дзень беларускія грамадзяне, незалежныя партыі, актывісты грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі беларусаў замежжа па ўсім свеце правядуць акцыі да ўгодак Чарнобыльскай аварыі. На сёння Чарнобыльскі шлях анансаваны, прынамсі, у Вільні, Варшаве, Берліне і Таронта.

Так, у Вільні сярод прамоўцаў мітынгу анансаваныя:

лідарка дэмакратычнага руху Беларусі Святлана Ціханоўская,

краўнік групы Сейма Літвы «За дэмакратычную Беларусь» Жыгімантас Павілёніс,

пасол Украіны ў Літве Пятро Бешта,

дэпутат Еўрапейскага Парламента Пятрас Аўштравічус,

сузаснавальніца адной з найстарэйшых экалагічных арганізацый Беларусі «Экадома» і прадстаўніца партыі «Зялёных» Ірына Сухій,

намеснік старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Уладзімір Шанцаў,

прадстаўнік сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы Альгірдас Сісас,

дырэктарка праваабарончага цэнтра «Н*ш дом» Вольга Карач,

кіраўніца валанцёрскай арганізацыі «Д*памога» Наталля Калегава ды іншыя.

Чарнобыль забраў шмат жыццяў і скалечыў мільёны беларускіх сем’яў. Мы мусім пра гэта памятаць. Але ў свеце ёсць тыя, каго гісторыя нічому не вучыць, і праз іх дзеянні ў Беларусі ўжо з’явілася АЭС, вядуцца размовы пра будаўніцтва другой, а неўзабаве можа з’явіцца ядзерная зброя, — пішуць арганізатары. — Усё гэта не дасць анічога, акрамя значна вышэйшага ўзроўню небяспекі для жыцця кожнага беларуса і беларускі, а таксама большай залежнасці ад Расіі. Таму 26 красавіка мы запрашаем выйсці на акцыі ў розных гарадах свету і разам з намі сказаць «Не ядзернай зброі ў Беларусі».

Акцыя «Чарнобыльскі шлях» пачнецца 26 красавіка ў 18:00 па Вільнюсе, сустрэча на Лукiшскай плошчы.

Нагадаем, што ў Беларусі пасля падзей 2020 года Чарнобыльскі шлях правесці немагчыма. Любая спроба будзе азначаць гарантаваныя затрыманні і заведзеныя справы — у лепшым выпадку адміністрацыйныя.