Ці павінны дактары хуткай дапамогі насіць хворых у рэанімабіль?

Сітуацыя: старэнькая суседка зламала нагу, неяк дапаўзла да дзвярэй і папрасіла аб дапамозе. Хуткая прыехала, але транспарціраваць хворую не стала. Неабыякавыя да суседкі людзі шукалі моцных мужчын, каб тыя аказалі дапамогу.



2b3e8441e8e4676b13d1597491e3f2ef_xl.jpg

Зразумела, што дактары лечаць, а не носяць людзей. Як быць у гэтай сітуацыі, тлумачыць Павел Удот, намеснік галоўнага ўрача Гарадской станцыі хуткай медыцынйскай дапамогі. Доктар кажа, што праблемы не павінна ўзнікаць — усё прапісана ў працоўнай інструкцыі.

“Транспарціроўка хворых не праблема родных. Доктар абавязаны ці арганізаваць транспарціроўку пры ўдзеле іншых людзей, ці зрабіць гэта сам. Калі ён гэтага не робіць, значыць парушае інструкцыю”.

1127.jpg

Окей, а калі на выклік прыязджаюць дзве маладыя дзяўчыны, у якіх па 50 кілаграмаў вагі і здарэнне адбылося ноччу? Куды ім цягнуць насілкі, дзе тады знайсці “моцных мужчын”?

Загадчыца падстанцыі № 6 хуткай медыцынскай дапамогі Таццяна Лычкоўская адпрацавала на хуткай 25 гадоў. Доктар супакойвае — бязвыхадных сітуацый не існуе.

“Звычайна нехта дапамагае — ці суседзі, ці на вуліцу выйсці, і нехта дапаможа. Можна выклікаць іншую брыгаду. Не было такога, каб ніхто не адазваўся — чалавеку ў белым халаце, у форме, звычайна не адмаўляюць”, — супакойвае доктар.

48-гадовы фельчар Ларыса працуе на хуткай аграгарадка Індура, ён знаходзіцца пад Гродна. Змяніць нялёгкую працу Ларыса не можа, бо няма іншага дыплома, і не хоча — хутка на льготную пенсію. Да таго ж, да працы ўжо прывыкла.

“Калі я магу цягнуць — буду перці, пакуль ёсць сілы, а калі не — мяне хоць пад аўтамат пастаў, я не змагу. У нас такая прафесія, гуманная, — разважае Ларыса і кажа, што ад прафесіі нікуды не падзецца. — А  калі старыя на вёсцы? Яны адзінокія, іх і мыеш, і абмываеш, прабачце. Калі цяжкі чалавек —  у нас некалі жанчына важыла пад 300 кілаграмаў — дык МНС выклікалі. Можам іншую брыгаду выклікаць з мужчынамі”.

a_3876_4234.jpg

Фельчар хуткай з Мінска Настасся з сумам адзначае, што вельмі часта самі родныя адмаўляюцца несці хворых сваякоў, адмаўляюцца і суседзі, і знайсці дапамогу насамрэч не так і лёгка. Часта бываюць алкаголікі, якія могуць ісці, але не хочуць — нясіце мяне, маўляў. Настасся кажа, што ўспрымае такія сітуацыі з лёгкай іроніяй — без гэтага выжыць ў прафесіі амаль не магчыма.

“Я маю вагу 48 кілаграмаў, напарнік ці напарніца — прыкладна такая ж, а калі бабуля пад 100 кілаграмаў? Куды мы яе пацягнем? Можна выклікаць іншую брыгаду, з хлопцамі, але і ў іх спіны часта хворыя. Можна выклікаць мнснікаў, ці цягнеш сам  — за змену ў сярэднім пераносім пяць чалавек. У аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі — там такіх сітуацый больш. Носім, а што рабіць... Але можна так насіць-насіць і аднойчы выпусціць”, — адзначае Настасся. Яна кажа, што за транспарціроўку хворых нічога не даплачваецца.

А заробак фельчара хуткай дапамогі зараз складае каля 5–6 мільёнаў за штодзённую працу.

euroradio.fm