Чаму журналісты ходзяць на «спектакль максімальнай адкрытасці» Лукашэнкі?
Прэс-канферэнцыя — гэта піяр-спектакль, зрэжысіраваны такім чынам, каб прэзідэнт выглядаў пераможцам і «ў курсе ўсіх пытанняў». Журналісты, такім чынам, аказваюцца акцёрамі на гэтым шоу. Чаму ж яны туды ходзяць?
З работнікамі лукашэнкаўскіх СМІ ўсё ясна. Найлепшае пытанне для іх яшчэ ў 2011-м сфармуляваў Дзмітры Гурневіч. Яно гучала так: «Уважаемый Александр Григорьевич! Действительно,
благосостояние народа растёт, мы становимся богаче, стабильности стало ещё больше. В 1945 году мы смогли сломать голову коричневой чуме. Надои молока становятся всё больше и больше. Были трудности!
Да, были, но мы их преодолели. Уважаемый Александр Григорьевич, как гарант независимости и суверенитета, скажите, вы любите кофе с молоком?»
Але чаму ж журналісты незалежных СМІ ўсё ж раз на год ходзяць у залу, дзе амаль фізічна адчуваецца каласальнае нервовае напружанне?
Даруйце жорсткае параўнанне, але кантакт з любым дыктатарам — гэта такое наведванне праверкай з Чырвонага Крыжа канцлагера для палонных. Палонныя могуць або прамаўчаць, або ўсё
расказаць. Але праверка з'едзе, а ты застанешся ў канцлагеры.
Журналістам смерць пагражае нячаста, але дамоклаў меч рэпрэсій вісіць над іх выданнямі.
Але самае галоўнае, што ператварае гэтыя прэсухі ў спектакль, нават не самацэнзура асобных выданняў. Самае галоўнае, што «адказчык» можа гаварыць усё, што заўгодна, любую
хлусню. Можна сказаць, што даяркі зарабляюць тысячу, можна сказаць, што Захаранка жывы.
Гавары, што хочаш! Бо твой апанент наступны раз атрымае права голаса праз пяць гадоў, тады, калі твае словы ўсе забудуць.
Гэта і меў на ўвазе Арцём Шрайбман, калі напісаў, што «пытацца няма пра што», бо ўсе адказы мы часам ужо наперад ведаем.
Рэч у тым, што агульнадаступныя ў краіне СМІ не абмяркоўваюць ягоныя выказванні. У свабоднай краіне любое слова палітыка аналізуецца і правяраецца. Як толькі ідзе заведамы падман, грамадства ў
курсе.
У Беларусі ж пануюць лукашэнкаўскія СМІ, якія па традыцыі называюць «дзяржаўнымі», хоць яны і блізка не дзяржаўныя, не грамадскія ў нармальным разуменні гэтага слова, а
знаходзяцца ў поўным распараджэнні ўладнай палітычнай групоўкі. Але і камерцыйныя СМІ не дазваляюць сабе «правяраць словы прэзідэнта». Яны ў лепшым выпадку іх працытуюць, маўляў,
чытач сам разбярэцца. Хоць задача праўдзівага СМІ — аддзяляць праўду ад няпраўды, супастаўляць. Але пры дыктатуры вось гэтая функцыя адключаецца. Гэта грае злы жарт з грамадствам, якое
нібыта і мае поўны доступ да інфармацыі, але ў яго адключаная функцыя распазнавання праўды ў інфармацыйным шуме.
Таму гэта толькі па форме прэс-канферэнцыя, а па сутнасці — спектакль, у якім «парушыць задумку» не так і проста.
Тым не менш, як бы ні было, гэта адзіны раз за год калі ў эфіры дзяржаўнага радыё і ТВ гучаць вострыя пытанні. Менавіта журналісты незалежных СМІ падымаюць пытанні аб правалах у выніку бяздарнай
эканамічнай палітыкі, пра энергетычную незалежнасць, палітвязняў, русіфікацыю, абмежаванасць грамадзянскіх правоў.
Здараецца так, што журналісты вымушаныя праяўляць асабістую смеласць, каб абараніць сваю чалавечую годнасць — памятаеце прыклады Марыны Коктыш і Аксаны Рудовіч.
Па-другое, часам СМІ вырашаюць свае прыватныя пытанні — адзіная магчымасць у лоб спытацца наконт забаронаў, папярэджанняў, чорных спісаў. Так, скажаце вы, што гэта аналаг пытанняў з
раёнаў пра выдзяленне сродкаў на будоўлю. Але ж гэта таксама абарона свабоды слова тымі сродкамі, якія ёсць.
Па-трэцяе, жыццё не зводзіцца да палітыкі. Пытанні ёсць і ў непалітычных, нейтральных сферах, і яны важныя.
Па-чацвёртае, урэшце, першая задача журналістаў — «тупа быць», прысутнічаць там, дзе нешта адбываецца. На пытанне «быць там ці не быць» яны па
вызначэнні адказваюць «быць». Нават калі гэта «спектакль максімальнай адкрытасці».
Вось з гэтых розных аргументаў і нараджаецца агульнае меркаванне, што ўсё ж лепей хадзіць, чым не хадзіць. Што рэальнасць такая, якая ёсць, і трэба рабіць тое, што магчыма ў гэтай
рэальнасці.
Сяргей Гезгала, nn.by