Былога кіраўніка «Аховы птушак Бацькаўшчыны» асудзілі на 12 сутак арышту
Віктар Фянчук трапіў пад варту 31 жніўня, пазней яму прысудзілі адміністрацыйны арышт, паведамляе «Свабода».
Артыкул, па якім асудзілі Фенчука, невядомы. Інфармацыю пра ягоны арышт на 12 сутак апублікаваў тэлеграм-канал «Списки Окрестина». Пасля вынясення пастановы аб адміністрацыйным арышце Фянчук знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна.
Віктар Фянчук — вядомы беларускі дзеяч у сферы аховы навакольнага асяроддзя, чалец Франкфурцкага заалагічнага таварыства. Раней ён узначальваў «Ахову птушак Бацькаўшчыны». У 2014 годзе пераехаў у Белавежскую пушчу, дзе ўдзельнічаў у праграме ў падтрымку запаведнасці.
8 лістапада 2020 году Фенчука затрымалі за ўдзел у акцыі пратэсту і прысудзілі 15 сутак арышту.
31 жніўня ў Мінску ў «Ахове птушак Бацькаўшчыны» прайшоў ператрус. Сілавікі папрасілі копіі некаторых фінансавых дакументаў і праверылі тэлефоны супрацоўнікаў.
«Ахова птушак Бацькаўшчыны» — экалагічная грамадская арганізацыя, якая працуе дзеля захавання разнастайнасці відаў і экасістэм у Беларусі, залучаючы беларусаў да актыўнай аховы прыроды. Яна паўстала ў 1985 годзе як Беларускае аддзяленне Усесаюзнага арніталагічнага таварыства.
Цяперашнюю назву арганізацыя носіць з 1995 году, калі аддзяленне аб’ядналася з Заходне-Беларускім таварыствам аховы птушак. У 1999 годзе АПБ атрымала статус афіцыйнага прадстаўніка BirdLife International у Беларусі і афіцыйна назірае за птушкамі, супрацоўнічае з арнітолагамі.