Былога інжынера «Атланта» ўжо тройчы асудзілі за «непадпарадкаванне міліцыянтам»
44-гадовы інжынер-канструктар Дзяніс Гараймовіч да свайго затрымання працаваў на заводзе «Атлант». 23 верасня, па словах Дзяніса, «падчас працы служба бяспекі завода наўпрост перадала яго супрацоўнікам КДБ». Дома ў мужчыны праводзілі ператрус каля двух гадзін. Звольнілі яго ў той жа дзень, піша «Вясна».
Першы суд на Дзянісам прайшоў 24 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна. Яго абвінавацілі ў «непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі на тэрыторыі Цэнтральнага РУУСа», за што склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП.
Згодна з паказаннямі сведкі, затрымалі мужчыну «па падазрэнні ва ўдзеле ў масавых мерапрыемствах», але Дзяніс нібыта адмовіўся выйсці з машыны, упіраўся, чапляўся за адзенне. Гараймовіч не прызнаў віну і сцвярджаў, што ў РУУС заходзіў з супрацоўнікам КГБ, які праводзіў допыт.
Суддзя Дзмітрый Карсюк
адхіліў хадайніцтва Дзяніса аб выкліку сведак і праглядзе відэа з камер
назірання ў РУУСе. Вынікам тады стаў 15-сутачны арышт, пасля якога мужчына на
волю так і не выйшаў — на яго зноў склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП. Суддзя Карсюк
зноў прызнаў Гараймовіча вінаватым і арыштаваў на чарговыя 15 сутак.
25 кастрычніка ў Цэнтральным судзе прайшоў трэці суд над інжынерам. На гэты раз справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня.
Па словах міліцыянта на судзе, Дзмітрыя з ЦІПа на Акрэсціна павезлі зноў у РУУС, бо яго «падазравалі ў захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў». На тэрыторыі ўпраўлення ён ужо трэці раз аказаў непадпарадкаванне міліцыянтам, адмовіўшыся прасці ў будынак.
Сам Дзяніс кажа, што калі яго вывелі з камеры на Акрэсціна, яго сустрэлі
невядомыя мужчына і жанчына, каб адвезці ў РУУС. Яму надзелі кайданкі і
пасадзілі ў прыватны аўтамабіль. Па прыбыцці ў РУУС яму нават дазволілі
папаліць і знялі кайданкі. Таму Дзяніс адмаўляе сваю віну, бо ён добраахвотна
прайшоў за міліцыянтамі. У выніку, судзя Шабуня зноў пакарала Гараймовіча
15-сутачным арыштам.
️Агулам Дзяніс правядзе за кратамі 45 сутак.