Будкін: У дзяржаўных установах культуры адбываецца самы сапраўдны тэрор
Ніхто ў сферы культуры не абаронены ад звальнення, культура губляе незамяняльных спецыялістаў, распавёў Сяргей Будкін «Филину».
Кіраўнік
Беларускай рады культуры Сяргей Будкін — пра агучаныя ў Мінкульце лічбы
звольненых за «палітыку».
Больш за 300 чалавек былі звольненыя па палітычных матывах са сферы культуры. Пра гэта паведаміў міністр Анатоль Маркевіч: «Не буду хаваць, што праводзілі і праводзім сур’ёзную працу па тых нашых супрацоўніках, якія займаюць дэструктыўную пазіцыю. Маё глыбокае перакананне, што на двух крэслах знаходзіцца не атрымаецца. Гэта недапушчальна. Трэба вызначыцца ўрэшце. Паводле гэтых меркаванняў больш за 300 чалавек з нашых калектываў папрасілі».
На наступны дзень рэзанансную заяву чыноўніка, якую ў сацсетках паспелі параўнаць з рэхам 1937-га, прыбралі з сайта «Советской Белоруссии».
Пра звальненні і наступствы масавых чыстак
у сферы культуры «Филин» паразмаўляў з кіраўніком Беларускай рады
культуры Сяргеем Будкіным.
Па словах нашага суразмоўцы, агучаная міністрам лічба супадае са звесткамі, якія мае Рада. Аднак ёсць адно адрозненне:
— Па нашых звестках, акурат больш за трыста чалавек знаходзяцца пад пагрозай звальнення. Яны працягваюць працаваць, але працуюць пад шантажом, даносамі.
Сяргей Будкін звярнуў увагу на іншую лічбу, агучаную кіраўніком міністэрства культуры. Па словах Маркевіча, у 2021-м было «аптымізавана 1611 штатных адзінак». Пры гэтым чыноўнік падкрэсліў: «Нікога не прыціскалі, але дзесьці звяралі пазіцыі».
— Да канца не зразумела, пра якую аптымізацыю вядзецца, — адзначыў Сяргей Будкін.
На яго думку, у любым разе добра, што з вуснаў міністра прагучалі канкрэтныя лічбы. Каментар прадстаўніка ўлады, на думку суразмоўцы «Филина», сведчыць пра тое, што ў дзяржаўных установах культуры адбываецца самы сапраўдны тэрор. Бо ніхто ў гэтай сферы не абаронены ад звальнення, культура губляе незамяняльных спецыялістаў.
Што адбываецца з тымі, каго ўжо звольнілі з установаў культуры за «палітыку»?
— Фактычна, як і ў папярэднія хвалі звальнення, гэта азначае забарону на прафесію. Чалавек не зможа ўладкавацца ў Беларусі нідзе. Даводзіцца альбо мяняць прафесію, альбо з’язджаць і шукаць сабе месца за мяжой. Гэта такі «воўчы білет».
Як звальнялі «нязгодных». І не толькі
Звальненні пачаліся адразу, яшчэ падчас пратэстаў. Спачатку звальнялі людзей, якія адкрыта выказваліся, выходзілі на пратэсты.
— Мы ўсе памятаем, як выцягвалі ў сцэнічных строях супрацоўнікаў філармоніі. Гэта была першая хваля звальненняў, — прыгадвае Будкін.
Другая хваля прыйшла восенню 2021 года, калі пачалі звальняць ініцыятыўных людзей, тых, хто збіраў подпісы, выказваўся ў калектыве, але непублічна.
— Цяпер пайшла трэцяя хваля, якая закранула тых, хто адкрыта нічога не казаў, але нешта з сябе ўяўляў. Да нас прыходзілі каментары і гісторыі, кшталту «я уступіў у прафсаюз», «я быў ні пры чым», «я нават швэдар апрануў чырвона-зялёны».
То-бок, пайшла «зачыстка» тых людзей, якія былі збольшага лаяльныя да ўладаў, хто спрабаваў балансаваць, і тых, хто маўчаў ад пачатку пратэстаў. Калі ўявіць наступнае развіццё падзей — сістэма пачне жэрці сама сябе, бо ёй увесь час патрэбныя ахвяры.
Геаграфія звальненняў
Па словах Сяргея Будкіна, звальненні закранулі не толькі мінскія ўстановы культуры. Хоць у агульным спісе яны відавочна пераважаюць. На сёння вядомы наступны спіс установаў, дзе адбыліся «чысткі»:
Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт;
Гродзенскі абласны тэатр лялек;
Нацыянальны гістарычны музей;
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў;
Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца;
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета;
Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр;
Нацыянальная бібліятэка Беларусі;
Гродзенскі абласны драматычны тэатр;
Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў;
Беларуская акадэмія музыкі;
Беларуская дзяржаўная філармонія;
Новы драматычны тэатр;
Тэатр-студыя кінаакцёра;
Літаратурны музей імя М. Багдановіча;
Жодзінскі краязнаўчы музей;
Цэнтр культуры Полацка;
Цэнтр культуры Слаўгарада;
Палац Рэспублікі;
«Беларусьфільм»;
Белтэлерадыёкампанія.
Наш суразмоўца нагадаў, што Беларуская рада культуры збірае інфармацыю пра звальненні па палітычных матывах у сферы культуры, і звярнуўся да тых, каго закранула «аптымізацыя», з просьбай запоўніць анкету:
— Гэта патрэбна не толькі для маніторынгу сітуацыі, але і каб выпрацаваць механізм дапамогі гэтым людзям.