Бюракратыя ізноў пазбавіць льгот «афганцаў»?
Вядомы праваабаронца Алег Волчак можа быць пазбаўлены статуса ўдзельніка баявых дзеянняў у Афганістане. Разам з ім з-за бюракратычных закідонаў непрыемны падарунак у новым годзе могуць атрымаць і сотні «афганцаў».
Як распавядае вядомы праваабаронца, кіраўнік арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» (Кіеў, Украіна) Алег Волчак, у 2012 годзе быў прыняты ўказ кіраўніка дзяржавы аб замене савецкіх пасведчанняў удзельнікаў баявых дзеянняў за межамі краіны на пасведчанні Рэспублікі Беларусь. «Зазначу, што савецкае пасведчанне — гэта не пасведчанне ўдзельніка баявых дзеянняў. Яно мае назву «Пасведчанне аб праве на ільготы». Там не канкрэтызавалася, што ягоны ўладальнік — удзельнік вайны, і ўвогуле, не было ніякай інфармацыі. Па тых часах спачатку Афганістан не лічылі вайной, потым ён замоўчваўся… У любым выпадку, тады вырашылі не даваць «афганцам» статус удзельнікаў вайны. Зараз ёсць пагадненне СНД ад 1994 года, дзе ў «афганцаў» вызначаны статус: «ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў», — распавядае Волчак.
Адпаведна, патрэбныя новыя, нацыянальныя пасведчанні.
За што змагаліся, на тое і нарваліся?
Волчак нагадаў, што ў 2007-м годзе парламент ўнёс змены ў заканадаўства, згодна з якімі «афганцы» былі пазбаўленыя шэрагу ільготаў. У сувязі з гэтым ветэраны Афганістану, у першую чаргу сам Волчак, Мікалай Аўтуховіч і Аляксандр Камароўскі звярталіся ў Савет міністраў і да кіраўніка дзяржавы з тым, каб правы «афганцаў» былі ўзноўленыя, а таксама самі ўзнялі пытанне пра статус удзельнікаў баявых дзеянняў і замену пасведчанняў. Адказ на іх зварот быў прадказальны: эканамічная сітуацыя не дазваляе вярнуць ільготы ветэранам Афганістану. Аднак, што тычыцца пасведчанняў, то гэтае пытанне паабяцалі разглядаць.
І разгледзелі. Замена пасведчанняў «Аб ільготах» на павсендчанні ветэрана баявых дзеянняў пачалася, і павінная скончыцца 1 студзеня 2015 года.
Волчак яшчэ ў сакавіку 2014 года падаў дакументы на замену пасведчання. Пасля гэтага ён некалькі разоў прыходзіў у ваенкамат, але яму казалі, што ягоныя дадзеныя правяраюцца, і нейкая гарадская камісія разглядае, ці законна і падставова Волчак атрымаў статус «афганца». «Што яны там правяраюць, і на якой падставе? Дагэтуль, 25 год, я лічыўся «афганцам», у мяне ёсць грамата, падпісаная Гарбачовым, за службу ў Афганістане, ёсць адпаведныя запісы ў ваенным білеце, ёсць ліст падзякі, высланы маім бацькам, і падпісаны камандзірам маёй вайсковай часткі Канстанцінам Антоцкім, які потым стаў генералам Федэральнай службы пагранвойск Расіі, і гэтак далей», — адзначае праваабаронца.
Алег Волчак у Афганістане. Фота з сайта sn-plus.com
Парадокс сітуацыі ў тым, што адначасова з гэтай праверкай Волчаку надалі медаль «25 год вываду войскаў з Афганістану», і папрасілі забраць узнагароду. «Я яе забіраць адмовіўся: бо мой статус як ветэрана Афганістана яшчэ, аказваецца, не правераны і не пацверджаны», — кажа Волчак.
Акрамя таго, Волчак адмаўляецца прымаць гэтую ўзнагароду з яшчэ адной нагоды — з той самай, па якой ён, Аўтуховіч і Камароўскі адмовіліся ад узнагароды «20 год вываду войскаў з Афганістану» у 2008-м годзе. «Нашыя правы, парушаныя ў 2007 годзе, не ўзноўленыя, хоць міністар абароны тады абяцаў, што будуць унесеныя змены ў заканадаўства, якія адновяць ільготы ўдзельнікам баявых дзеянняў», — зазначыў Волчак.
«Калі мне пасведчанне не будзе выдадзена да 1 студзеня 2015 года, то фактычна я не змагу называцца ветэранам бявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў», — кажа Волчак.
Не ўсе «афганцы» — «афганцы»?
«Не я адзін патрапіў у гэтыя «праверкі»: я ведаю яшчэ шэраг «афганцаў» якія праходяцьгэтую працэдуру. Пытанне: ёсць недавер да пасведчанняў савецкага ўзору? Калі так, то за 20 год незалежнасці дастаткова было часу ўжо ўсё праверыць», — адзначае Волчак.
Па ягоных словах, зараз не ўсе «афганцы» не толькі атрымліваюць новыя пасведчані, але і забіраюць медалі да 25-годдзя вываду войскаў з Афганістану. «Асабліва з рэгіёнаў: шмат хто адмаўляецца з-за таго, што ім так і не ўзнавілі хаця б тры асноўныя ільготы: бясплатны праезд у мясцовым транспарце, ільготныя лекі і зубапратэзаванне. І не кожны «афганец» можа патрапіць у адзіны ў Беларусі шпіталь для ветэранаў вайны, рэабілітацыйны цэнтр, дзе можна падлячыцца. Таму я ведаю, што шмат хто не хоча ісці ў ваенкамат і атрымлівацьгэтыя медалі», — кажа Волчак.
«Не ўсе атрымалі новыя пасведчанні — з-за гэтых бюракратычных праверак, не ўсе атрымалі медалі. Паўстае пытанне: як быць тым, каго «не праверылі» да 1 студзеня? Бо, напрыклад, з 1 студзеня «афганцы», якія маюць ільготу на праезд, павінны ездзіць па новых пасведчаннях, а старыя губляюць моц. Як ні дзіўна, старыя пасведчанні працягваюць дзейнічаць на тэрыторыі іншых дзяржаў СНД, але не ў Беларусі. Я не выключаю, што на глебе «старых» і «новых» пасведчанняў у ветэранаў-«афганцаў» могуць узнікнуць праблемы і канфлікты, напрыклад, з тымі жа кантралёрамі ў транспарце», — прагназуе Волчак.
Так што гэта не толькі пытанне аднаго праваабаронцы. Гэта тычыцца шмат якіх «афганцаў».
Бюракаратыяlong live?
Вось такая сітуацыя. З аднаго боку, Волчак «за што змагаўся, за тое і нарваўся», — «афганцы» атрымалі статус удзельнікаў баявых дзеянняў і пасведчанні ім замяняюцца. З іншага ж боку, тыя, хто новыя пасведчанні не атрымае, пазбавяцца нават тых «урэзаных» ільготаў, якія ў «афганцаў» яшчэ засталіся.
Праблема тут сапраўды бюракратычная. Не так ужо і шмат у Беларусі ветэранаў Афганістана, каб з 2012 года не выдаць усім новыя пасведчанні. Па лічбах міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай, агучаных у мінулым годзе, «афганцаў» у Беларусі засталося ўсяго каля 25 тысяч…