Беларусь прайграла «калійную вайну»
«Справа Баўмгертнера», расійскага топ-менеджара «Уралкалія», падыходзіць да завяршэння. І, здаецца, Беларусь падставілі больш, чым яна тое зразумела. Прынамсі, у выніку гэтага канфлікту мы атрымалі больш стратаў, чым выгодаў.
У панядзелак, 16 верасня, намеснік генпракурора Расіі Аляксандр Звягінцаў паведаміў, што беларуская пракуратура выдзеліць у асобную вытворчасць матэрыялы па справе «Уралкалію» супраць расійскіх грамадзян і падрыхтуе іх для перадачы ў расійскае нагляднае ведамства. Пра гэта вялася размова паміж Звягінцавым і беларускім генпракурорам Аляксандрам Канюком.
«Падчас размовы Аляксандр Канюк паведаміў, што ім па крымінальнай справе ў дачыненні да ААТ «Уралкалій», якую цяпер расследуюць следчыя органы Беларусі, прынята рашэнне аб выдзяленні матэрыялаў у дачыненні да расійскіх грамадзян у асобную вытворчасць і перадачы гэтых матэрыялаў у Генеральную пракуратуру Расійскай Федэрацыі для арганізацыі далейшага расследавання кампетэнтнымі органамі Расійскай Федэрацыі. І такія ўказанні <...> Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь ужо даў следчым органам рэспублікі», — сказаў Звягінцаў.
Па меркаванні беларускага адваката Баўмгертнера Дзмітрыя Гарачкі, гэта азначае тое, што справа будзе поўнасцю перададзеная Расіі, як і сам Баўмгертнер. Кваліфікацыю ягонаму злачынству, калі такое мела месца, таксама дадуць расійскія следчыя органы. Але расійскія «следакі» могуць вырашыць, што ў ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» Баўмгертнер быў старшынёй назіральнага савета, і менавіта назіраннем ягоныя паўнамоцтвы абмяжоўваліся (пра што неаднаразова казаў старшыня савету дырэктараў «Уралкалію» Аляксандр Валошын). А паколькі ён не меў паўнамоцтваў, якімі мог бы злоўжываць, справу супраць яго спыняць, і Баўмгертнер апынецца на волі.
Таксама паведамляецца, што долю аб’яўленага ў вышук Інтэрполу Сулеймана Керымава ва «Уралкаліі» набыў расійскі банкір Уладзімір Коган. У адрозненне ад Керымава, Коган — чалавек з «каманды Пуціна». Нібыта, за 21,75% акцый «Уралкалію» Коган заплаціў 3,7 мільярда долараў. Варта адзначыць, што Керымаў першапачаткова прасіў за сваю частку 4,5 мільярда долараў, а рынкавая вартасць гэтага пакета — 3,4 мільярда «амерыканскіх».
Раней Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ўлады Расіі дапамогуць яму ўзнавіць партнёрства паміж «Уралкаліем» і «Беларуськаліем» і адрадзіць картэль на сусветным рынку калію. «Я чамусьці перакананы, што і расіяне прымуць адпаведнае рашэнне, і кіраўніцтва Расіі такую магутную расійскую кампанію без увагі не кіне. Рана ці позна, для таго, каб аднавіць статус-кво і тое, што было раней, расіяне прыйдуць да нас. З меншага, мы не супраць працаваць так, каб былі вялікія даходы. Што для гэтага трэба зрабіць, цалкам зразумела», — казаў Лукашэнка.
Пакуль што пра адраджэнне партнёрства размовы не ідзе, але… Пра гэта Лукашэнка і Пуцін могуць паразмаўляць, калі сустрэнуцца ў часе сумесных вайсковых вучэнняў «Захад–2013».
Але давайце падлічым, хто апынуўся «ў плюсе», а хто «ў мінусе» ў гэтай вайне?
Найперш, у плюсе апынуўся так званы «клан Пуціна», набыўшы кантроль над адным са стратэгічных актываў Расіі. Улічваючы, што ў межах БКК «Уралкалій» і «Беларуськалій» кантралявалі каля 40% рынку калійных угнаенняў, актыў неблагі.
У плюсе, як ні дзіўна, застаўся і былы ўладальнік долі «Уралкалію», былы закадычны сябра Аляксандра Лукашэнкі Сулейман Керымаў. Спачатку, падчас «разводу» «Уралкалію» з БКК, ён нарасціў сваю долю ва «Уралкаліі» з 17,2% да 21,75% на фоне абвалу акцый расійскага прадпрыемства, на чым зэканоміў прыблізна 130 мільёнаў долараў. А потым прадаў пакет, і нават з выгадай: на 300 мільёнаў долараў больш за рынкавую вартасць.
Баўмгертнер, калі выйдзе на волю, застанецца калі не ў плюсе, то пры сваіх. Канешне, «адсідка» не завецца плюсам, але, па інфармацыі з дасведчаных крыніц, напрыклад, па звестках вядомага расійскага адваката Аляксандра Дабравінскага (менавіта ён першы паведаміў пра пакупку Коганам «Уралкалію» — за тыдзень да таго, як гэта знайшло пацверджанне) расійскі топ-менеджар пасля вызвалення захавае ўсе свае пасады.
А вось што са скандалу атрымала Беларусь? Бадай што анічога, альбо суцэльныя непрыемнасці.
Найперш, «Беларуськалій» часткова пазбавіўся сеткі распаўсюджвання і вымушаны быў закрыць на «планавы рамонт» два руднікі з чатырох. Расія ў адказ на «несяброўскія паводзіны» часткова задзейнічала сваю галоўную зброю: галоўнага санітарнага ўрача Генадзя Анішчанку, у выніку чаго часткова быў перакрыты доступ да расійскага рынку некаторым беларускім малочным і мясным прадуктам.
Беларускае следства налічыла, што Баўмгертнер і ягоныя сябры нанеслі стратаў краіне на сотню мільёнаў долараў. Але, са зменай уласніка «Уралкалія», гэтыя страты кампенсаваць ніхто не збярэцца.
І, як заўсёды, Расія націснула на нафту — не дарма яна не задавальняе беларускія прапановы падпісваць баланс па пастаўкам нафты на год, а карэктуе іх толькі на кварталы. Як стала вядома, у планах старэйшага брата — скарачэнне паставак нафты трубаправодным транспартам у IV квартале 2013 года да 3,1 мільёна тон, альбо на 41,5%.
Калі раней Расія пастаўляла нафту з «беларускіх разлікаў» у 21,5 мільёна тон на год, то зараз перайшла на «расійскія» 18,5 мільёна тон. Менавіта пра гэта папярэджваў расійскі віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч пасля арышту Баўмгертнера.
Адначасова «Транснафта» паведаміла, што з-за рамонту на нафтаправодзе «Дружба» будуць скарочаныя пастаўкі нафты ў Беларусь у верасні з 1,6 мільёна тон да 1,37 мільёна.
Нафтапрадукты і калій — асноўныя крыніцы валюты для Беларусі. Пры такіх падыходах валютнага крызісу сапраўды трэба чакаць напрыканцы года гэтага — напачатку будучага. Тым больш, што нам яшчэ па крэдытах расплачвацца.