Беларус Парфянкоў арыштаваны ў Кіеве, яму пагражае да 4 гадоў турмы
Камандзір добраахвотніцкага атраду «Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў», байцом якога з'яўляецца Васіль Парфянкоў, пагражае падпаліць установы, звязаныя з расійскімі банкамі, калі беларуса не выпусцяць на волю.
Васіль Парфянкоў, фота 2013 года
Цягам мінулых сутак у інтэрнэце з'явілася відэа, на якім бачна, як беларус Васіль Парфянкоў, які нядаўна атрымаў украінскае грамадзянства, удзельнічае ў пагроме аддзялення «Альфа-банку» ў Кіеве.
У відэасюжэце бачна, што ў пагроме ўдзельнічае каля 10 чалавек у вайсковай форме, а таксама некалькі чалавек у цывільным. У адным з удзельнікаў пагрому можна ўбачыць падабенства з Васілём Парфянковым.
Васіль Парфянкоў — баец Добраахвотніцкага корпусу АУН («Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў»). Яго камандзір Мікола Каханіўскі сказаў "Радыё Свабода":
«Васіль не зрабіў ніякага разбою, ён дзейнічаў паводле ўказання свайго камандзіра, гэта значыць мяне. Я ўзяў на сябе адказнасць за гэтую акцыю», — сказаў спадар Каханіўскі, які цяпер рыхтуе заяву аб прызнанні Васіля Парфянкова палітычным вязнем.
Добраахвотны рух, да якога належыць Васіль Парфянкоў, публічна абвясціў у Кіеве акцыю па знішчэнні расейскага бізнесу.
Як кажа камандзір, згодна з планам байцы ягонага атрада «пабілі» офіс Рыната Ахметава, разграмілі офіс расейскага «Альфа-банку» і пабілі вітрыны ў офісе «Сбербанка России».
«Такім спосабам мы абвясцілі пратэст супраць гэтых устаноў, якія зарабляюць грошы на крыві ўкраінцаў. Атрымліваецца, што мы ваюем з Расеяй, а Расея ў нас тут зарабляе грошы. Гэта недапушчальна. Мы афіцыйна абвяшчалі пра гэтую акцыю і выканалі тое, пра што сказалі. Васіль быў актыўным удзельнікам акцыі. Учора яго арыштавалі. Мы, Добраахвотніцкі корпус АУН, будзем за яго змагацца. Я раблю заяву, якая сёння будзе распаўсюджаная. Мы працягнем барацьбу за свайго пабраціма. І мы абавязкова яго вызвалім», — кажа Каханіўскі.
Паводле Міколы Каханіўскага, Васіль Парфянкоў — адзіны, каго затрымалі ў сувязі з пагромамі.
«Са словаў адваката, які дадзены Васілю дзяржавай, яго абвінавачваюць паводле 296 артыкула, 2 частка Крымінальнага кодэксу Украіны, у хуліганстве, здзейсненым групай асобаў. За гэта яму пагражае да чатырох гадоў. Зараз мы збіраем інфармацыю, звязваемся са следчым і з адвакатам. Магчыма, будзем браць іншага адваката. Зразумела, што мы прызнаём Васіля Парфянкова палітычным вязнем і будзем за яго змагацца. Калі дзяржава яго не адпусціць, то мы арганізуем падпалы расейскіх банкаў. Васіль ваяваў за Украіну так, як гэта разумеў. Ён ваяваў на фронце, у тыле як грамадскі актывіст. Я думаю, што дзяржава схамянецца і спыніць тэрор супраць добраахвотніка», — упэўнены Каханіўскі.