Бізнесмен зробіць помнікі сям’і Васіля Быкава бясплатна

Пасля публікацыі Радыё Свабода пра пачатак грамадскага збору сродкаў на помнікі бацькам і сястры Васіля Быкава, ініцыятару кампаніі Глебу Лабадзенку патэлефанавалі з прапановай вырабіць іх і ўсталяваць абсалютна бясплатна.

Сястра Васіля Быкава Валянціна, бацька Уладзімір Фёдаравіч і маці Ганна Рыгораўна

Сястра Васіля Быкава Валянціна, бацька Уладзімір Фёдаравіч і маці Ганна Рыгораўна


Пра гэта журналіст распавёў Свабодзе:
«Адгукнуліся новыя людзі, прапаноўвалі ахвяраванні. Адзін чалавек патэлефанаваў і сказаў, што ён займаецца продажам штучных газонаў, якія цяпер вельмі модныя. І ён гатовы ахвяраваць гэтых газонаў столькі, колькі трэба. А сёння патэлефанаваў з Заслаўя Іван Бакіноўскі. У яго там буйная фірма "Гранітны свет“, якая з 1991 году займаецца вытворчасцю помнікаў. Ён сказаў, што з братам ахвяруюць тры гранітныя помнікі для Быкавых».

Помнік маці Быкава. Помнікі бацькам Васіля Быкава ў Бычках развальваюцца ад старасці.


Помнік маці Быкава. П
омнікі бацькам Васіля Быкава ў Бычках развальваюцца ад старасці.


Іван Бакіноўскі прапанаваў Глебу Лабадзенку выбраць помнікі з 700 прапаноў, якія маюцца ў каталогу ягонай фірмы. Нават усталяванне помнікаў фірма «Гранітны свет» возьме на сябе.
«Але ўжо сабраная пэўная сума — 150 долараў, — кажа Лабадзенка. — Я ў любым выпадку яе перадам, каб хоць неяк кампэнсаваць іх працу, давоз помнікаў. Новыя грошы я больш збіраць ня буду. Шчыра дзякую ўсім, хто ахвяраваў грошы. Я моцна ўражаны, і дзякаваў спадару Бакіноўскаму па тэлефоне. У наш час ня кожны з ходу адгукнецца і такое прапануе».
У ліпені споўніцца роўна год ад смерці сястры Васіля Быкава Валянціны Уладзіміраўны. Лабадзенка плануе, што да канца лета ўсе тры помнікі будуць усталяваныя на могілках у Бычках.

svaboda.org