«Бізнэс» ці «справа»? Асацыяцыя еўрапейскага бізнесу адкрые курсы дзелавой беларускай мовы
Некамерцыйнае аб’яднанне «Асацыяцыя еўрапейскага бізнесу» (АЕБ) арганізуе курсы дзелавой беларускай мовы, паведаміла прэс-служба АЕБ.
Як адзначаецца, курсы бізнес-мовы даюць магчымасць прадстаўнікам камерцыйных кампаній і ўсім зацікаўленым развіць здольнасці вуснай і пісьмовай бізнес-камунікацыі для прафесійных адносін, абслугоўвання, рэкламавання, выступленняў, справаводства і штодзённай працы на беларускай мове. Курсы арыентаваныя на «спецыялістаў і кіраўнікоў усіх узроўняў».
Да канца лета аўтары праекта маюць намер сфарміраваць дзве асноўныя групы па 10—15 чалавек. Заняткі пачнуцца 7 верасня, сустрэчы будуць праходзіць у сталічнай кавярні Cafe del Parco, паведамляе БелаПАН.
У межах курсаў запланавана правесці 12 практычных заняткаў, якія дапамогуць слухачам выкарыстоўваць беларускую мову пры прыёме на працу, вядзенні дакументацыі, фінансаў і ўліку, на вытворчасці, у рэкламе і прасоўванні, кіраванні праектамі, лагістыцы, заключэнні здзелак, зносінах з дзяржорганамі і арганізацыямі, многім іншым.
У якасці выкладчыка бізнес-мовы выступіць дырэктар беларускамоўнай кампаніі «Праўны пераклад» Аляксей Нарэйка.
З падрабязнымі ўмовамі паступлення на курсы можна азнаёміцца на сайце АЕБ.