Берасцейская актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк ужо месяц у СІЗА, з ёй у камеры жанчыны з ВІЧ

Амаль месяц актывістка з Берасця Паліна Шарэнда-Панасюк пад вартай у СІЗА Берасця. Яе муж Андрэй Шарэнда дома гадуе сыноў 5 і 11 гадоў, піша «Радыё Свабода».

1f9e4407_1cde_4776_b5ee_b47f56dd0b31_cx0_cy21_cw0_w1597_n_r1_st.jpg

Блізкія не атрымліваюць ад Паліны лістоў. Дасылалі малюнкі дзяцей, але і на гэтыя лісты адказу не атрымалі.
«Быў кароткі ліст ад Паліны, калі яе толькі затрымалі, а потым цягам амаль месяца ад яе не прыйшло ніводнага ліста. Ад адваката ведаем, што яна 5–6 разоў адпраўляла лісты мне, адказвала на лісты сыноў, але мы нічога не атрымалі, ліставання з сябрамі таксама няма. Мяркую, гэта форма запалохвання — што пакуль будзеш сядзець, нічога не будуць пра цябе ведаць», — кажа муж актывісткі Андрэй Шарэнда.
Паліна Шарэнда-Панасюк — выкладчыца польскай мовы, індывідуальны прадпрымальнік. Муж і жонка Шарэнды — вядомыя ў Берасці актывісты дэмакратычнага руху, іх шматкроць каралі штрафамі і арыштамі.
Гэтым разам Паліну затрымалі 3 студзеня, за дзень, як выйшаў з СІЗА яе муж Андрэй, якога кінулі за краты напярэдадні Новага году. Паводле абаронцы, які наведваў Паліну Шарэнду-Панасюк у СІЗА, ёй выставілі абвінавачанне па 364-м артыкуле Крымінальнага кодэксу — «гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў». Нібыта жанчына ўчыніла гэтае злачынства падчас адной з пратэставых акцый.

«Вінаватай яна сябе не прызнае і ўвогуле адмаўляецца ад удзелу ў следчых дзеяннях. Лічыць, што справа цалкам сфабрыкаваная. І я гэтаксама думаю», — пракаментаваў Андрэй Шарэнда абвінавачанне, якое следчыя выставілі ягонай жонцы.

ee82b41a_b036_4cf1_828c_29ad62f7fe84_w1597_n_r0_st.jpg


«Гэтыя суткі нада мной цяпер вісяць, як меч»

Андрэй Шарэнда мяркуе, што ў СІЗА ягоную жонку адмыслова змясцілі ў складаныя ўмовы, каб чыніць ціск на яе. «У камеры 6 жанчын, і дзве з іх маюць ВІЧ-інфекцыю. Гэтак паведамілі ў лістах дамоў сукамерніцы. Спрабуем скардзіцца, але не звяртаюць увагі», — паведаміў Андрэй Шарэнда.
Праваабаронца «Вясны», юрыст Павел Сапелка кажа, што беларускі закон не абавязвае змяшчаць вязняў, якія маюць ВІЧ, у асобныя камеры, або адсяляць ад іх іншых вязняў, хто не мае такой інфекцыі.
«Прадугледжана, што вязні з ВІЧ атрымліваюць адмысловае лячэнне і папярэджаныя пра адказнасць за наўмыснае заражэнне інфекцыяй, — тлумачыць праваабаронца. — Але ВІЧ-інфекцыя перадаецца не толькі палавым шляхам, а і праз іншыя кантакты, у тым ліку праз адкрытыя раны. Канечне, цяжка ўявіць, што чалавек з такой ранай будзе кантактаваць з іншым параненым. Аднак, напэўна, усё можа быць. Ведаю пра асуджанага, які скардзіцца на тое, што яму перадалі ВІЧ наўмысна, справакаваўшы бойку з інфікаваным вязнем».
Андрэя Шарэнду вызвалілі з СІЗА 4 студзеня, праз дзень пасля таго, як затрымалі ягоную жонку Паліну. Яшчэ праз два дні над ім адбыўся завочны суд. За ўдзел у маршы пратэсту ў Мінску актывісту прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту, але пад варту яго не ўзялі.
«Гэтыя суткі нада мной цяпер вісяць, як меч. У любы момант могуць затрымаць. Ужо было, што ўзломвалі дзверы, праводзілі вобшук без мяне. Чакаць можна чаго заўгодна», — кажа Андрэй.
Глядзець непаўналетніх сыноў Андрэю Шарэнду дапамагаюць сваякі.