Беларускамоўны літоўскі дэпутат: Змены ў Беларусі адбудуцца хутчэй, чым мы думаем

Неверагодна, але факт: літоўскі дэпутат Сейма валодае беларускай мовай на такім узроўні, што многія беларусы могуць толькі пазайздросціць. БАЖ паразмаўляла з Томасам Тамілінасам пра беларускасць у яго жыцці, ці дапамагае гэта яму ў працы і якую будучыню палітык бачыць для дзвюх краін.

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

«Дзяцінства я праводзіў у вёсцы, дзе старэйшае пакаленне размаўляла па-беларуску»

— Вы добра валодаеце беларускай мовай. Чаму вырашылі яе вывучаць?

— Ёсць два чыннікі. Па-першае, мае сваякі жылі каля мяжы з Беларуссю, дзе размаўляюць па-тутэйшаму. Гэтую мову таксама называюць польскай, але яна такая ж польская, як мая доля. Хутчэй, беларуская. Дзяцінства я праводзіў у вёсцы, дзе старэйшае пакаленне размаўляла па-беларуску.

А па-другое, мой лепшы сябар — свядомы беларус, ён з Гародні. Мы з ім шмат гадоў рабілі розныя праекты і яшчэ ў студэнцтве пачалі размаўляць паміж сабой па-беларуску. Тады ўзгадаўся моўны кантэкст з дзяцінства, калі была закладзена аўтэнтычная база.

— Гэта дапамагае ў працы?

— Апошнім часам мне даволі часта даводзіцца размаўляць па-беларуску, бо цяпер у Літве вялікая беларуская дыяспара. Але і раней такая неабходнасць была. Я актыўна ўдзельнічаў у розных праектах, звязаных з беларускай павесткай. Падчас гэтай працы моўныя веды вельмі спатрэбіліся.

Акрамя таго, мяне часта запрашаюць беларускія медыя, якія любяць браць інтэрв’ю менавіта на беларускай мове. Напрыклад, у эфіры тэлеканала «Белсат» я бываю раз на два тыдні.

— Часта здзіўляюцца, што літовец выдатна размаўляе па-беларуску?

— Увесь час! Але ж я вельмі добра ведаю беларускі кантэкст, і тут няма нічога дзіўнага. Моўная праблема — вялікая. Апошнія гады ідзе барацьба, каб яна не была канчаткова задушана Лукашэнкам. Я бачу, што беларусам вельмі цяжка на побытавым узроўні вяртацца да сваёй мовы.

— У чым была асноўная складанасць у вывучэнні? Хто дапамагаў у практыцы?

— Толькі само жыццё. А таксама імкненне, звязанае з намаганнем дапамагчы Беларусі ў дэмакратызацыі.

Калі я быў студэнтам, мы арганізоўвалі шмат розных ініцыятыў. Напрыклад, некалі рыхтавалі канцэрт N.R.M. у Вільні. Вядома, з Лявонам Вольскім я размаўляў па-беларуску. І песні яго слухаў і перакладаў, каб разумець тэксты.

«Мова — асноўны клей для кожнага народа»

— Штучны інтэлект назваў некалькі адметных прыкмет беларускай мовы, сярод якіх фанетычная мяккасць і багатая лексіка. А якія асаблівасці бачыце вы?

— Шчыра кажучы, я з лінгвістычнага пункту гледжання пра беларускую мову не думаў. Стаўлюся да яе больш натуральна. Кожная мова — унікальная, арыгінальная і багатая па-свойму. У тым ліку беларуская. У яе ёсць тое, чаго не сустракаецца ў іншых.

— Ці чыталі якія-небудзь літаратурныя творы на беларускай мове?

— Не вельмі шмат. У школе не было курса беларускай літаратуры. Але базавыя рэчы чытаў, у прыватнасці, «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча. Часцей чытаю розныя медыя, цяпер па большай частцы — Telegram-каналы.

— У Літве надзвычай каштоўнаснае і педантычнае стаўленне да роднай мовы. Чаму гэта важна захоўваць?

— Мова — галоўная рыса канкрэтнай нацыі. Асноўны клей для кожнага народа. Лепш яе ведаць і развіваць, чым не. Аднак калі атрымліваецца, што частка людзей не размаўляе на роднай мове, то не трэба прыніжаць і рабіць тэрор. Украінскі прыклад, на мой погляд, добры. З аднаго боку, вяртаюць сабе сваё, з другога — нармальна ставяцца да іншых моў. Літоўцы гэтаксама рабілі, але ў нас асаблівай праблемы ніколі не было. Мова заўсёды прысутнічала ў нашым грамадстве, нават за савецкім часам.

«Беларусы былі даўно падрыхтаваны»

— Вы ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы і ўзгадненні законапраектаў у сферы правоў чалавека, якая сур'ёзна пацярпела ў Беларусі. Сочыце за сітуацыяй у РБ? Як ацэньваеце?

— Гэта класічная дыктатура, якая цяпер не хаваецца. У Беларусі няма ні свабоды слова, ні свабоды сходаў, якія вельмі натуральныя для большасці еўрапейскіх краін. Але ж гэта вельмі даўняе пытанне.

— Аднак такога ніколі не было…

— Не пагаджуся. І раней у Беларусі былі палітзняволеныя і нават забойствы. А ў 2020 годзе палітыка многіх дагнала. Лічу, што беларусы даўно былі падрыхтаваны, у адрозненне ад расійцаў, якія думалі, нібыта жывуць у дэмакратыі.

— Розніца толькі ў маштабах?

— Так. І ў бязмежжы.

— Ці дастаткова інфармацыі пра гэта ў Літве і заходніх медыя агулам?

— У Літве — так. А ў заходніх медыя — не. Там нават палітыкі не ведаюць кантэксту. Пасля пачатку вайны ва Украіне яны хаця б трохі зразумелі сітуацыю ў Расіі. А тое, што адбываецца ў Беларусі і чым яна адрозніваецца ад РФ, не ўсім вядома.

Таму Літва павінна быць амбасадарам беларускага свабоднага грамадства на Захадзе і распаўсюджваць інфармацыю. У сувязі з гэтым добра, што пасля 2020 года ў вас з’явіліся прызнаныя лідары, інстытуцыі. Ёсць з кім весці перамовы.

— Чым займаецца асацыяцыя «Belarus Watch», якую вы заснавалі?

— Першымі дэмакратычнымі праектамі з беларускімі свабоднымі арганізацыямі. У прыватнасці, назіралі за выбарамі, закладвалі палітычную адукацыю, выдавалі літаратурныя творы, праводзілі канцэрты. Але гэта было сто гадоў таму, яшчэ да масавай міграцыі і рэлакацыі ў Вільню Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Чым «Belarus Watch» займаецца цяпер, на жаль, не ведаю.

«Маю спадзеў, што калі зменіцца рэжым, то Беларусь стане адной з краін Балтыі»

— Літва стала прытулкам для многіх незалежных медыя і журналістаў з Беларусі. Якое гэта мае значэнне для будучыні дзвюх краін?

— Вялікае. Тут жа прысутнічае не толькі палітычнае асяроддзе, але існуе шмат кампаній з беларускімі каранямі. Маю спадзеў, што калі зменіцца рэжым, то Беларусь стане адной з краін Балтыі. Яна больш падобная да нас, чым да Польшчы.

— Але сітуацыя зацягваецца і толькі пагаршаецца ў сувязі з вайной ва Украіне. На вашу думку, ці доўга будзе працягвацца гэты перыяд? Што стане маркерам змены сітуацыі?

— Мне здаецца, што беларусы ўжо ўсё зрабілі. У 2020 годзе было тое, што маркерна аддзяляе час на «да» і «пасля». Грамадства выказала думку, праявіла сваю праеўрапейскасць. Засталося гэта толькі аформіць.

Я не веру, што пасля смерці Лукашэнкі прыйдзе іншы дыктатар. Гэта вельмі персаналісцкая дыктатура. Цяпер рэжым трымаецца на рэпрэсіях, як і ў Расіі. Пытанне часу, калі давядзецца абвяшчаць выбары, і ўсё пойдзе па лепшым шляху.

Ведаю, што многія беларусы хвалююцца наконт прарасійскасці пэўнай часткі грамадства, але не перажывайце — гэта не працуе. У Літве таксама ёсць людзі, якія глядзяць расійскае тэлебачанне, але гэта не мае ўплыву на палітычныя працэсы. Нейтральная частка соцыуму там, дзе ініцыятыва і моц, а яны — на баку дэмакратычных сіл.

— У Індэксе свабоды прэсы за 2023 год Літва займае 7-е месца, а Беларусь — 157-е. Як зрабіць так, каб права на інфармацыю не зневажалася, а журналісты маглі выконваць працу паўнавартасна?

— Гэта ідзе пакетам. Калі будзе дэмакратыя, то змены адбудуцца цалкам. Ёсць такое паняцце як базавы кансэнсус. Яго няма, бо дыктатура трымаецца за ўладу. А калі прыходзіць дэмакратыя, то адразу знаходзіцца кансэнсус наконт выбараў, свабоды слова, геапалітычнай арыентацыі.

Упэўнены, базавы кансэнсус будзе ў Беларусі. А свабода слова стане адным з важнейшых прыярытэтаў. Але будуць іншыя праблемы — алігархізацыя, уплыў грошай на медыя. Усюды гэта ёсць. Працэсы ўсюды падобныя. Пытанне медыя не беларускае, а супольнае.

— Якой бачыце сітуацыю ў беларуска-літоўскіх адносінах і ў самой Беларусі праз год? Ёсць падставы для аптымізму?

— Заўсёды ёсць падставы для аптымізму. Мне здаецца, што змены адбудуцца хутчэй, чым мы думаем. Дарэчы, ментальна яны ўжо адбыліся. А пакуль што ў Літве адносін з рэжымам няма. Ёсць адносіны з грамадствам, як мне здаецца, вельмі добрыя.