Беларуская тэма на саміце ў Жэневе: залішнія надзеі адных і марныя перасцярогі другіх

Ці здольны быў бы Пуцін у прынцыпе вырашыць «беларускае пытанне», нават калі б ён пра гэта дамовіўся з Байдэнам? Пра гэта разважае Валерый Карбалевіч у сваім тэлеграме.

Калаж www.ekhokavkaza.com

Калаж www.ekhokavkaza.com

Напярэдадні жэнеўскага саміта ў медыя было шмат разваг пра тое, што Байдэн з Пуціным могуць дамовіцца, заключыць гістарычную ўгоду, ажыццявіць геапалітычны размен, часткай якога стане Беларусь. Аднак, мяркую, гэта аказалася немагчымым. На тое шмат прычын.

У некаторых медыя былі нават спробы акрэсліць асноўныя параметры геапалітычнага размену паміж Вашынгтонам і Масквой. Маўляў, ЗША не будуць пярэчыць кантролю Расіі над Беларуссю (бо перашкодзіць гэтаму ў Вашынгтона амаль няма магчымасцей) пры ўмове, што Пуцін вырашыць «праблему Лукашэнкі». Узамен Расія «дазваляе» дрэйф Украіны ў заходнім кірунку.

Гіпотэза прыгожая, але, на маю думку, даволі абстрактная і маларэальная. І на тое існуе шмат прычын.

1. Найперш таму, што падчас адносна кароткіх перамоў бакам трэба было абмеркаваць шмат пытанняў. Прычым не толькі праблем двухбаковых адносін, але і крызісных ачагоў у розных рэгіёнах свету. Беларускае пытанне — толькі адно з шэрагу. Проста магло не хапіць часу, каб дэталёва яго абмеркаваць.

2. Хоць беларускі афіцыёз спрабуе пераканаць, што менавіта Злучаныя Штаты арганізавалі тут «каляровую рэвалюцыю», насамрэч Беларусь — зусім не прыярытэт у замежнай палітыцы ЗША. Яна не стварае непасрэдных праблем амерыканскім інтарэсам, каб аддаваць ёй надта шмат увагі.

3. Вельмі важны чыннік расійска-амерыканскіх адносін — гэта адсутнасць даверу. Любая ўгода, дамоўленасць грунтуецца на тым, што бакі будуць выконваць яе. Нічога падобнага цяпер няма. Ступень канфрантацыі сёння паміж імі такая вялікая, што адбываецца эскалацыя супрацьстаяння. ЗША ўводзяць усё новыя санкцыі супраць Масквы. Адзінае, пра што маглі дамовіцца прэзідэнты, — гэта пра рамкі, у межах якіх павінен праходзіць канфлікт, пра «чырвоныя лініі», якія нельга пераступаць.

4. Пазіцыя Расіі грунтуецца на тым, што постсавецкая прастора — гэта расійская сфера ўплыву, у якую ЗША не павінны ўлазіць, А ўжо Беларусь для Крамля — асаблівая дзялянка, таму Пуцін так рашуча абараняе Лукашэнку. Для Пуціна непрымальная сітуацыя, калі аўтарытарны лідар сыходзіць пад ціскам народнага пратэсту. Бо ён прымярае падобную сітуацыю на сябе.

5. ЗША ў прынцыпе не прымаюць канцэпт «сферы ўплыву». Пуцін пасля Крыма настойліва прапаноўваў Вашынгтону аднавіць Ялцінска-Патсдамскую сістэму, паводле якой вялікія краіны пасля Другой сусветнай вайны дзялілі свет на такія сферы кантролю. Але цяпер Злучаныя Штаты лічаць, што гэтая канцэпцыя састарэла, не адпавядае новай рэальнасці, нават невялікія краіны імкнуцца мець сваю суб’ектнасць і маюць на гэта права. Таму Вашынгтон супраць таго, каб пагадзіцца перадаць Беларусь у расійскую сферу ўплыву. Невыпадкова афіцыйныя амерыканскія асобы настойліва падкрэсліваюць, што выступаюць за ўмацаванне суверэнітэту Беларусі.

6. А ці здольны быў бы Пуцін у прынцыпе вырашыць «беларускае пытанне», нават калі б ён пра гэта дамовіўся з Байдэнам? Той кароткі перыяд (жнівень-верасень 2020 г.), калі расійскі прэзідэнт сапраўды мог паспрыяць сыходу Лукашэнкі, даўно прайшоў. Тое, што Пуціну нібыта дастаткова захацець — і ён скіне Лукашэнку, — гэта міф, які распаўсюджваецца расійскімі экспертамі. Насамрэч крамлёўскі кіраўнік не змог абараніць «газпрамаўскі» банк на тэрыторыі Беларусі ад рэйдарскага захопу, не мог дамагчыся вызвалення вагнераўцаў, пакуль не змянілася сітуацыя. Цяпер не можа выдрапаць з беларускай турмы расійскую грамадзянку Соф’ю Сапега, затрыманую разам з Раманам Пратасевічам.

Адзінае, што магло адбыцца па беларускім кейсе падчас саміта ў Жэнэве, — гэта абмен думкамі, пазіцыямі, магчыма, перасцярогамі. Таму, мяркую, вялікія надзеі адных, як і вялікія перасцярогі другіх, — дарэмныя.