Беларуская мова: абраная местачковасць?
Вярхоўны Савет 26 студзеня 1990 года прыняў Закон «Аб мовах», які надаў беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай у Беларусі. І хочацца мне, шаноўнае спадарства, у гэты святочны дзень закрануць адну важную для мяне тэму.
Апошнім часам давялося мне, як і многім іншым беларусам, паглыбіцца ва ўкраінскае інфаполе. І выявіўся такі цікавы факт. Хоць ва Украіне вайна, украінцы працягваюць рабіць самы розны кантэнт на самыя розныя тэмы. І робяць гэта пераважна ўкраінскаю моваю. З пачаткам вайны ўкраінамоўны сегмент нават павялічыўся.
У беларускамоўным жа сегменце інтэрнэту сітуацыя зусім іншая. У нас цяпер вельмі мала беларускамоўных тэкстаў не пра Беларусь і не звязаных наўпрост з Беларуссю. Калі хочацца знайсці пачытаць што-небудзь цікавае аб, напрыклад, краінах Азіі ці Лацінскай Амерыкі (і не проста пачытаць, а зрабіць гэта па-беларуску), то трэба моцна парыцца ў айчынных інтэрнэт-прасторах. І абсалютна не факт, што мы яшчэ нешта адшукаем.
Падобныя артыкулы выходзяць раз на некалькі месяцаў і тонуць у агульнай колькасці іншых тэкстаў. Зразумела, што беларусам, як і ўсім астатнім людзям у свеце, цікава даведацца найперш аб тым, што адбываецца менавіта ў іх краіне, але ўсё ж такі ў нас назіраецца вельмі моцны перакос.
Але такім чынам у нас наўрад ці атрымаецца стварыць сапраўднае сучаснае культурнае беларускамоўнае асяроддзе. Калі мы на самай справе лічым неабходным супрацьстаяць расійскаму медыяўплыву на беларусаў, нам трэба змяніць свой падыход да гэтай сітуацыі.
Не дадае спакою і масавая міграцыя беларусаў, што пачалася два гады таму. Многія з нас апынуліся ў чужых краінах, з чужымі мовамі і культурамі. І як не даць сваім дзецям растварыцца ў новым асяроддзі? Тут аднымі класікамі сыты не будзеш.
Уявім сабе сітуацыю: малады чалавек адчувае прагу да беларушчыны і пачынае шукаць беларускамоўны кантэнт на нейкую тэму. Сучасная моладзь прызвычаілася шукаць інфармацыю ў інтэрнэце. І калі гэты маладзён не знаходзіць жаданага па-беларуску, ён пачынае лічыць усё гэта марнаваннем часу і звяртаецца да іншамоўных крыніц.
Дый што казаць, калі часам рускамоўныя артыкулы ў Вікі на беларускія тэмы бываюць больш аб'ёмнымі і змястоўнымі, чым беларускамоўныя! Шкада, але гэта факт.
Інфармацыйны рынак сёння — гэта якраз той сегмент, дзе ніколі не бывае недахопу прадукту, яго заўжды шмат. Засталося толькі беларусам навучыцца гэты прадукт рабіць. І не толькі якасна, але і дастаткова масава. У тых жа ўкраінцаў тэкстаў на любыя тэмы і на любы густ заўжды было колькі заўгодна. І зараз, у такі звышважны для Украіны перыяд, мы бачым, што ўкраінская медыяпрастора выявілася дастаткова моцнай, каб унутры ўкраінскага грамадства паспяхова супрацьстаяць расійскай прапагандзе.
Гэта адбылося ў выніку таго, што ўкраінцы дзесяцігоддзямі прывучалі свой народ чытаць, глядзець і слухаць менавіта на сваёй мове. І гэта тычылася абсалютна любой тэмы, ад кулінарных шоу да гісторыі культуры старажытнай Бірмы. Бо, калі ты хочаш прывучыць рускамоўнага чалавека да роднай мовы, ты не можаш яму расказваць толькі пра гераічныя старонкі айчыннай гісторыі ці якую іншую падобную патэтыку, ты мусіш даваць абсалютна разнапланавы кантэнт, інакш нічога не атрымаецца.
Развіццё — гэта няспынны працэс, а яго адсутнасць будзе выклікаць паступовую дэградацыю. Таму беларусы, калі захочуць захавацца, наўпрост будуць вымушаны пачаць ствараць годны разнапланавы прадукт па-беларуску не час ад часу, а пастаянна. Інакш расійскі ўплыў на нашае грамадства (ці то польскі, англійскі, як каму больш падабаецца) будзе з цягам часу толькі ўзмацняцца. І адшукаць выйсце з гэтага становішча будзе ўсё больш складана.