Беларусь стала першай краінай у Еўропе, дзе цалкам папярэджаная перадача ВІЧ-інфекцыі і сіфілісу ад маці дзіцяці

У штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку пастаяннаму прадстаўніку Рэспублікі Беларусь пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Андрэю Дапкюнасу было ўручанае пасведчанне Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), якое фіксуе, што ў Беларусі афіцыйна пацверджанае поўнае прадухіленне перадачы ад маці дзіцяці ВІЧ-інфекцыі і сіфілісу, паведамляе прэс-служба МЗС.

sm_full_1.jpg


Беларусь стала першай і адзінай краінай у Еўропе, якая атрымала такое пасведчанне, падкрэсліваецца ў паведамленні.
На сёння толькі тры краіны ў свеце — Беларусь, Куба і Тайланд — цалкам вынішчылі перадачу ад маці дзіцяці ВІЧ-інфекцыі і сіфілісу, што афіцыйна засведчанае Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.
Глабальныя крытэрыі і працэдура пасведчання поўнага выкаранення перадачы ад маці дзіцяці ВІЧ-інфекцыі і сіфілісу былі распрацаваныя СААЗ у 2014 годзе. Цяперашняя цырымонія святкавання дасягненняў краін у гэтай галіне стала другой па ліку.
У выступленні на цырымоніі ўручэння Беларусі афіцыйнага сертыфіката СААЗ Дапкюнас адзначыў па-сапраўднаму гістарычны характар гэтага дасягнення краіны ў галіне аховы здароўя. Беларускі дыпламат выказаў удзячнасць шырокаму колу міжнародных партнёраў — СААЗ, ЮНЭЙДС, Глабальнай фонду па барацьбе са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй, ЮНІСЕФ і ЮНФПА — за падтрымку сістэмных нацыянальных намаганняў краіны, якія прывялі да заслужанага міжнароднага прызнання.
Кіраўнік беларускай місіі пры ААН адзначыў, што поспех Беларусі стаў магчымым у выніку паслядоўнай шматгадовай працы беларускіх медыкаў і прыярытэтнай увагі, якую дзяржава надае ўдасканаленню і ўсебаковаму развіццю нацыянальнай сістэмы аховы здароўя.
Паводле БелаПАН