У Слуцку зноў залуналі бел-чырвона-белыя сцягі

У нядзелю, 26 лістапада, у Слуцку працягнуліся мерапрыемствы, прысвечаныя ўгодкам Слуцкага збройнага чыну.

img_0184_1_logo.jpg


У суботу, 25 лістапада, сябры партыі БНФ «Адраджэнне», «Маладога фронту», Руху «За свабоду» і хрысціянскія дэмакраты наведалі гістарычныя мясціны (Грозава, Семежава і Вызны) і зладзілі шэсце і мітынг у слуцкім парку адпачынку.


Прамоўцы на мітынгу неаднаразова падкрэслівалі, што барацьба случакоў у 1920 годзе ўклала камяні ў падмурак для існавання сённяшняй незалежнай Беларусі.

Па словах Зміцера Дашкевіча, памёрлыя за Бацькаўшчыну слуцкія ваяры здзейснілі найвялікшую праяву любові ў гэтым свеце. Павел Севярынец зазначыў, што некалі ўладам будзе сорамна за тое, што яны запіхнулі сёлятнее шэсце ў Слуцку на задворкі і не дазволілі прайсці па цэнтральнай вуліцы Леніна па надуманых прычынах.

— Нас прымушаюць верыць, што беларускі народ мёртвы і не нашто ня годны, — сказаў палітык. — Людзі, якія здолелі самаарганізавацца і выдзеліць 107 дэлегатаў на з’езд Случчыны, а пасля сфарміравалі баявую брыгаду і пайшлі змагацца супраць бальшавісцкай арміі — гэта сапраўдныя героі. Яны вартыя таго, каб іхнімі імёнамі былі ўвекавечаны вуліцы ва ўсіх гарадах Беларусі.

Гэты сцяг Ніна Багінская адмыслова пашыла для маладафронтаўцаў

Гэты сцяг Ніна Багінская адмыслова пашыла для маладафронтаўцаў

Сем новых маладафронтаўцаў традыцыйна прынялі прысягу на вернасць Беларусі.

dsc04876_logo.jpg


У нядзелю па маршруту Грозаў – Семежава – Вызна праехалі актывісты партыі КХП-БНФ. Пасля вандроўкі ўдзельнікі акцыі сабраліся пад праліўным дажджом на мітынг, які адбываўся на той жа пляцоўцы, што і папярэдні. Нягледзячы на дрэннае надвор’е, у акцыі прынялі ўдзел больш за 70 чалавек, з іх больш за дваццаць — жыхары горада. Сярод тых, хто ўдзельнічаў ва ўшанаванні памяці случчан, — вядомы мастак Алесь Пушкін і грамадская актывістка Аліна Нагорная.



img_0176_1_logo.jpg

У сваіх прамовах лідары партыі Юрась Беленькі, Сяргей Папкоў і Алесь Чахольскі казалі пра заслугу слуцкіх ваяроў у тым, што ў краіне захаваўся беларускі дух, пра новыя знешнія і ўнутраныя выклікі для існавання Беларусі як дзяржавы, пра правальную эканамічную палітыку ўрада, заклікалі прысутных змагацца за беларускасць дзяржавы і яе будучыню.

— Расійская эканоміка гэта гнілое дрэва, на якім не вырасце добры яблык, — заявіў намеснік партыі Юрась Беленькі. — Гібельная прывязка да Расіі ўжо прынесла свае плады. Да таго ж метраполія звычайна не зацікаўлена ў развіцці калоніі. Беларусы масава з’яджаюць з краіны, хутка не будзе каму зарабляць пенсіі.

Палітык зазначыў, што ў Беларусі вядзецца адкрытая прапагандысцкая вайна, якая калечыць душы людзей.

Мінчанка Аляксандра Грыцкевіч, якая даводзіцца сваячкай знакамітаму гісторыку Анатолю Грыцкевічу, распавяла ўдзельнікам мітынгу ў Грозаве пра двух сваіх дзядоў, якія ўдзельнічалі ў Слуцкім збройным чыне.

Аляксандра Грыцкевіч

Аляксандра Грыцкевіч

Васіль Грыцкевіч — дзед па бацьку, Мацвей Кірдзей — з боку маці. Тады ім удалося выжыць, але ў 1936-м годзе абоіх арыштавалі за ўдзел у «бандыцкай» акцыі 1920 года.

Паперы сведчылі аб прысуджэнні 25 гадоў прымусовых работ без права перапіскі. Насамрэч, адзін з іх быў растраляны амаль адразу пасля арышту, другі — закатаваны ў Слуцкай турме. Унучка да гэтага часу не ведае, дзе яны пахаваны.

— Па неафіцыйных сведчаннях яны маглі быць закапаны непадалёку ад Грозава, — гаворыць Аляксандра. — Дакладна невядома. Збіраюся вясной прыехаць і ўскласці кветкі каля крыжоў ў лясным масіве Слуцкага раёна па дарозе на Старыя Дарогі, бо слуцкія краязнаўцы дакладна ўстанавілі, што там таксама растрэльвалі вязняў Слуцкай турмы.



Жыхар Слуцка Анатоль удзельнічаў у абедзвюх акцыях. Ён распавеў, што жыццё ў нашай краіне яго «дастала» і для яго наступіў час для самаідэнтыфікацыі. Анатоль вырашыў, што ён усё-такі беларус і пачаў цікавіцца нацыянальна-свядомымі акцыямі. 25 лістапада ён упершыню паўдзельнічаў у мітынгу, прысвечанаму памяці слуцкіх паўстанцаў. Сёння ж, 26 лістапада, ён сустрэў удзельнікаў акцыі КХП-БНФ ужо ў Грозаве.

Яшчэ адзін неабыякавы случчанін таксама назваўся Анатолем. Ён пашкадаваў, што нацыянальныя сілы раздзелены і прыязджаюць дзвюмя рознымі калонамі нават на святкаванне ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну.

— Мала гаварыць пра неабходнасць змагання за Беларусь, за яе трэба насамрэч змагацца, — выказаў сваю думку мужчына. — Адсутнасць узаемадзення паміж блізкімі па духу партыямі гібельна для краіны.

У той жа час спадар Анатоль зазначыў, што яму прыемна было бачыць, што ў Слуцку на працягу двух дзён хоць на кароткі час луналі бел-чырвоныя-сцягі і дух свабоды.