«Бэйбус» выбраў верш Канстанціна Севярынца, на які гурт VAL напіша калыханку «для дзетак Новай Беларусі»
Дзіцячы канал «Бэйбус» завяршыў конкурс на лепшы верш для калыханкі. З 16 вершаў ў выніку быў абраны твор Канстанціна Севярынца — бацькі Паўла і Ганны Севярынцаў, які летась памёр ад наступстваў каронавіруса.
На гэты верш, як гаворыцца ў паведамленні «Бэйбуса», у хуткім часе будзе напісана калыханка: «Гурт VAL
ператворыць верш у песню. І яна, спадзяёмся, стане любімай калыханкай усіх дзетак
Новай Беларусі!»
«Мы атрымалі на конкурс 16 вершаваных твораў з розных куткоў свету — ад Беларусі да ЗША. Вы, іх аўтары, па жыцці займаецеся рознымі справамі — малюеце, фатаграфуеце, пішаце тэксты, музыку, гадуеце дзетак-беларусаў... Дзякуй усім за ўдзел!» — адзначаюць арганізатары конкурсу.
І ў дадатак распавядаюць «кранальную гісторы», звязаную з вершам Канстанціна Севярынца.
Твор ў «Бэйбус» даслала дачка аўтара Ганна Севярынец, якая знайшла верш у бацькавым архіве. Яна і распавяла наступнае:
— Гэтую калыханку тата напісаў мне, калі я была зусім малая. Мама кажа, што гэта было ці не адразу пасля майго нараджэння, а значыць, прыблізна ў 1975 годзе. Сам верш я памятаю столькі, колькі памятаю сябе: тата мне яго чытаў заўсёды на сон. Гэтая калыханка — мой дзіцячы козыр перад братам і сястрой, бо ўжо наступным дзецям асабістай песенькі не дасталося.
Што праўда, на конкурс я даслала крыху адрэдагаваны тэкст. У арыгінале першыя радкі там гучаць як «Спі, дачушка». Я памяняла ўсіх «дачушак» на розныя пяшчотныя слоўцы, бо калыханка будзе і для сынкоў.
Канешне, тата сам зрабіў бы гэта лепей, альбо наогул напісаў бы што іншае. Але абавязкова што-небудзь даслаў бы — ён паэтычныя конкурсы любіў.
Бацька нам заўсёды казаў пра свае тэксты: «Усё маё — гэта вашае». І яшчэ дадаваў, усміхаючыся: «Разлічымся ў вечнасці”. То думаю, ён мне даруе».