Барыс Акунін: Галоўныя выпрабаванні наперадзе

«Той, які з'ехаў» — «тым, хто застаўся». Пісьменнік Барыс Акунін у сваім тэлеграме звярнуўся да сумленных расіян, якія вырашылі заставацца на радзіме. Зрэшты, канфлікты і ўзаемныя абвінавачанні «збеглых» і тых, хто вырашыў не з’яджаць са сваёй зямлі ні ў якім выпадку, характэрныя і для беларусаў.

Беларускі пратэст 2020 года.

Беларускі пратэст 2020 года.

«Людзі, якія здалёк дакараюць расіян, што яны не паўстаюць і не выходзяць на вуліцы, дрэнна ўяўляюць сабе, што такое агрэсіўны паліцэйскі рэжым. Успомніце Беларусь, успомніце Венесуэлу», — славуты пісьменнік Барыс Акунін разважае пра канфлікт “збеглых” і тых, хто вырашыў нягледзячы ні на што заставацца на радзіме.

— Зразумела, пад «тым, хто застаўся» я маю на ўвазе расіян, якія супраць дыктатуры і вайны, а не людаедаў, не абалваненых і не абыякавых, — адзначае пісьменнік. — З людаедамі размаўляць няма пра што. Абалваненыя разбалваняцца, абыякавыя прачнуцца, але гэта адбудзецца яшчэ не хутка. Цяпер я хачу звярнуцца да «сваіх», прагаварыць некалькі рэчаў, якія быццам бы відавочныя, аднак неяк губляюцца ў бясконцых спрэчках паміж «з'ехаўшымі» і «няз’ехаўшымі».

Большасці тых, хто з'ехаў, — перш за ўсё новай хвалі, — жывецца цяжка, але тым, хто застаўся ў Расіі, нашмат цяжэй.

Калі дзяржава абвяшчае твае перакананні злачыннымі, захоўваць вернасць сабе магчыма толькі пры развітым пачуцці ўласнай годнасці. А любая публічная праява пратэсту ў расійскіх умовах — ужо гераізм.

Нашы эмігранцкія маніфестацыі, вядома, — справа добрая і правільная, але яны нішто ў параўнанні з вашым адзінкавым пікетам. Пра інтэрнэтныя дэкларацыі і казаць няма чаго. Мы, публікуючы іх, знаходзімся ў бяспецы. Вы, нават робячы перапост або ставячы лайк, рызыкуеце свабодай.

Таму многія з нас адчуваюць віну перад вамі. Што мы вас кінулі ў бядзе, што ў нас усё больш-менш нічога, а ў вас усё дрэнна — і будзе яшчэ горш. Галоўныя выпрабаванні наперадзе. І нам за вас страшна.


Усе, хто знаходзіцца ў Расіі, хто не ўдзельнічае ў подласцях і злачынствах, ужо заслугоўваюць павагі. Тыя, хто спрабуе нешта рабіць, — захаплення.

Людзі, якія здалёк дакараюць расіян, што яны не паўстаюць і не выходзяць на вуліцы, дрэнна ўяўляюць сабе, што такое агрэсіўны паліцэйскі рэжым. Успомніце Беларусь, успомніце Венесуэлу. А ў Пуціна ўзброеных трымальнікаў больш, чым ва ўсіх астатніх дыктатараў свету разам узятых.

Тыя, што засталіся, вы невымерна важней нас.

Па-першае, вас у шмат разоў больш.

Па-другое, вы на радзіме, а мы — не.

Па-трэцяе і галоўнае: ад нас, якія з'ехалі, залежыць няшмат. Ад вас — усё. Ніхто акрамя вас сітуацыю ў Расіі змяніць не зможа. Уся надзея толькі на вас. Мы будзем дапамагаць вам чым зможам.