Аркадзь Крачун: «Мяне пакаралі за тое, што падняў вэрхал»
Кіроўца аўтобуса-«гармоніка» МАЗ-105 Аркадзь Крачун, які набыў скандальную славу пасля размяшчэння ў сеціве відэападборкі сваіх ДТЗ, пазбаўлены правоў.
Аркадзь Крачун, кіроўца мінскага аўтобуса, які за 2013 год трапіў у 20 аварыяў, стаў героем інтэрнэту. Ролік пра тое, як ягоны аўтобус уразаецца ў машыны, ужо набраў больш за 200 тысяч праглядаў.
Калі ягоны аўтобус «падразала» на дарозе якая-небудзь легкавушка, ён не тармазіў экстрана, а працягваў рух, у выніку наязджаючы на аўтамабіль. Сваю стратэгію паводзінаў на дарозе Карачун тлумачыў клопатам пра пасажыраў і жаданнем пакараць парушальнікаў дарожнага руху.
І хаця доўгі час у яго не было праблемаў з ДАІ, некаторыя эксперты і калегі палічылі дзеянні вадзіцеля небездакорнымі ў шэрагу выпадкаў. Меркаванні карыстальнікаў інтэрнэту таксама падзяліліся — многія называлі Крачуна «вар'ятам» і заклікалі адабраць правы.
Урэшце правы ў яго сапраўды адабралі. Ажно на два гады.
Сам вадзіцель вінаватым сябе не лічыць. Маўляў, беларускія вадзіцелі толькі між сабой могуць пакрычаць, што на дарозе «нехта няправы, падразае і ўвогуле казёл», а як даходзіць да справы — «язык за вуха засунуў, устаў на карачкі і збег у кусцік, абы не чапалі».
«Мяне ж пакаралі за тое, што падняў вэрхал», — сказаў ён у інтэрв'ю «Белгазеце».
У сваім водгуку на гісторыю Крачуна пад загалоўкам «Кіроўца, які хацеў стаць Богам» Аляксей Хадыка пісаў: «І вось як у кроплі вады ў гісторыі з Крачуном адбіваецца сённяшняя сістэма арганізацыі беларускага грамадства. Крачун заўсёды неабвяргальны: бо ён – кіроўца дзяржаўнай машыны».
Але ж справа ў тым, што кіроўца дзяржаўнай машыны ў Беларусі толькі адзін. Усе астатнія — пасажыры. Якім праяўляць ініцыятыву не дазваляецца, згодна з правіламі руху.
Крачун гэтага не разумеў, хоць і мусіў бы, як прыхільнік палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.