Апеляцыю Лявона Халатрана Мінгарсуд разгледзіць 30 красавіка
«Значыць, у траўні ўжо паходу паеду на хімію», — пракаментаваў палітвязень навіну ў сваім фэйсбуку.
Нагадаем, Лявона Халатрана затрымалі 11 жніўня 2020 года. Яго моцна збілі. Спачатку яго абвінавацілі па ч.2 арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі»), але ў снежні абвінавачанне перакваліфікавалі на ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Паводле абвінавачання, Лявон Халатран прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях у ноч з 9 на 10 жніўня, якія пацягнулі за сабой грубае парушэнне грамадскага парадку. Нібыта ён публічна заклікаў людзей да такіх дзеянняў праз інтэрнэт, перакрываў дарогі па вуліцах Багдановіча — Машэрава і Куйбышава — Машэрава ў Мінску, перакрываў рух транспарту, выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у далоні. Сцвярджалася, што такія дзеянні нанеслі шкоду «Мінсктрансу» на суму ў 115 тысяч рублёў. Лявон віны не прызнаў.
19 лютага Лявона Халатрана прызналі вінаватым і прысудзілі яму 2 гады «хіміі».Справу разглядала суддзя Юлія Блізнюк, пазіцыю дзяржаўнага абвінавачвання падтрымліваў старшы памочнік пракурора Павел Папкоў.
Фота з фэйсбука Лявона Халатрана