Амапаўцы пахваліліся, як выратавалі чалавека на пажары. МНС: мужчына выратаваўся сам
УУС Гомельскага аблвыканкама пахвалілася ў сацсетках, як супрацоўнікі АМАП у Веткаўскім раёне нібыта «выратавалі мужчыну ад немінучай смерці». Праўда, у Міністэрстве надзвычайных сітуацый паведамляюць, што мужчына выратаваўся сам.
Паводле УУС Гомельскага аблвыканкама, у ноч на 18 снежня па дарозе ў Ветку байцы АМАП з дарогі ўбачылі пажар у садаводчым таварыстве «Зялёны Беражок» Радужскага сельскага савета, кінулі машыну на ўзбочыне, «ірванулі ў вогненнае пекла» і выратавалі мужчыну, на якім ужо гарэла адзенне, выклікалі «Хуткую дапамогу» і перадалі паведамленне аб пажары ў МНС. Адзначаецца, што мужчына, відаць, спрабаваў самастойна выбрацца вонкі, але «з-за ап’янення і дыму змог выпаўзці толькі за межы палаючага будынка» і «калі б не своечасовая дапамога міліцыянтаў, у лепшым выпадку атрымаў бы вялікія апёкі», піша «Радыё Свабода».
Але ніякай інфармацыі аб садовым таварыстве «Зялёны Беражок» у Веткаўскім раёне нідзе няма — дачнікі нічога пра такое не чулі.
Затое ёсць садовае таварыства «Зялёны Узгорачак», у якім па зводках МНС і адбыўся пажар. Толькі, па версіі ратавальнікаў МНС, дачніку дапамога АМАПаўцаў не спатрэбілася.
«Да прыбыцця падраздзяленняў МНС мужчына самастойна пакінуў палаючы дом. Работнікі хуткай медыцынскай дапамогі пасля агляду мужчыны з папярэднім дыягназам “тэрмічны апёк 1% цела” шпіталізавалі яго ў Веткаўскую цэнтральную раённую бальніцу», — паведамляецца на сайце МНС Беларусі.
Пазней УУС Гомельскага аблвыканкама паправіла назву таварыства на «Зялёны Узгорачак».