Амаль 1700 маладзечанцаў просяць Качанаву не будаваць у раёне адстойнік фекалій. Дапаможа?

Жыхары Чысці, Краснага і вакольных вёсак Маладзечанскага раёна, а таксама мясцовыя дачнікі просяць старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву дапамагчы прадухіліць будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка ападкаў гаспадарча-фекальных сцёкавых вод побач з іх дамамі і гародамі, распавядае Kraj.by.

Фота kraj.by

Фота kraj.by

Сховішча фекальных адкідаў хочуць размясціць каля вёскі Івонцавічы за 16 кіламетраў ад Маладзечна.

Людзі вырашылі самастойна праявіць ініцыятыву і звярнуцца ў адну з самых высокіх інстанцый пасля таго, як стала вядома аб праведзеным тэндары на складанне праектна-каштарыснай дакументацыі па будаўніцтве сажалкі-назапашвальніка, які выйграла Мінская праектная арганізацыя ТАА «Пасатпраект».

«Подпісы збіралі чатыры дні — з панядзелка, 23 кастрычніка, да чацвярга, 26 кастрычніка, уключна. Мне нават цяжка сказаць, колькі чалавек хадзілі па вёсках і дачных участках на працягу гэтых дзён. Дзясяткі два — не менш. Да мяне проста прыходзілі жыхары Ласёў, Івонцавічаў, Відзеўшчыны. Кажуць: «Дайце нам падпісныя лісты». Пасля гэтага яны адпраўляліся па сваіх вёсках. Мне распавядалі, што людзі падпісваліся вельмі ахвотна, з энтузіязмам і нават з радасцю», — расказаў Андрэй.

— Мы хочам, каб гэтая наша акцыя была максімальна адкрытай і празрыстай. Нічога ні ад каго не хаваем. Людзі выдатна ведаюць, хто такая Наталля Іванаўна Качанава, і ў якой складанай, вельмі важнай для нас праблеме мы просім яе разабрацца, аказаць нам дапамогу, — адзначыў Андрэй.

Калектыўны зварот да Наталлі Качанавай складзены на чатырох старонках. У ім выкладзена сутнасць усёй барацьбы жыхароў Маладзечанскага раёна за чыстае паветра, глебу і ваду, якая пачалася ў сакавіку 2023 года, калі стала вядома аб меркаваным будаўніцтве сажалкі-назапашвальніка.


Глядзіце таксама

Паводле слоў Андрэя Провадава, зварот падпісалі каля 1680 чалавек.

— Мы вырашылі, што такой колькасці подпісаў будзе дастаткова для таго, каб Наталля Іванаўна звярнула ўвагу на нашу бяду. Не чамадан жа подпісаў везці ў Мінск, хоць, я думаю, што мы і столькі змаглі б сабраць. У пятніцу, 27 кастрычніка, мы з'ездзілі ў сталіцу і адправілі зварот у Савет Рэспублікі заказным лістом. Сёння, у аўторак, 31 кастрычніка, я атрымаў паведамленне аб тым, што наша карэспандэнцыя дастаўленая адрасату, — сказаў Андрэй.

Адзначым, што мясцовыя жыхары змагаюцца супраць сховішча фекалій ужо даўно. Подпісы яны збіралі таксама ў сакавіку, калі ішло так званае грамадскае абмеркаванне праекта. Відаць, мінулыя калектыўныя звароты плёну не прынеслі.