Альтэрнатыўная рэальнасць: вырвацца з пасткі
Аксана Колб атрымала 2,5 гады «хіміі» з накіраваннем у папраўчую ўстанову — па нашай завядзёнцы, роўна столькі, колькі прасіў пракурор. Аднак у выніку прысуду яна выйшла з СІЗА. І мы ўсцешаныя тым, што яна на волі. Пагадзіцеся, дзіўна — радавацца таму, што чалавека асудзілі.
Зразумела, мы ўсведамляем, што гэты прысуд — цалкам несправядлівы. Што раней такія «правіны» цягнулі максімум на адміністрацыйнае пакаранне. Што, калі кіравацца прынцыпам роўнасці перад законам, разам з Аксанай на лаве падсудных павінны былі прысутнічаць і іншыя людзі, і зусім не тыя, хто выходзіў 16 жніўня 2020-га на Марш Свабоды. Што, урэшце, адзін фотаздымак, на якім грунтавалася абвінавачванне, не варты двух месяцаў зняволення, якія Аксана ўжо адбыла ў СІЗА.
Але мы радуемся таму, што яна, урэшце, зможа абняць родных, паразмаўляць з сябрамі, пагуляць са сваімі сабакамі.
Цікава, што мы навучыліся радавацца тым рэчам, якія ў «іншым жыцці» не далі б нам аніякай падставы для радасці.
«Гэта Беларусь, дзетка». Краіна пакрысе ператвараецца ў нейкую дзіўную рэальнасць, дзе мы, — і не толькі мы, — радуемся таму, чаму, па вялікім рахунку, радавацца не выпадае, і смуткуем па тым, што, па тым жа вялікім рахунку, жалю не вартае.
Гэтая вывернутая рэальнасць не толькі існуе — яна культывуецца і ўсяляк прасоўваецца айчыннай прапагандай. І дзякуючы ёй краіна ўсё больш паглыбляецца ў «віртуальную рэальнасць», існаванне ў тэлевізары. Узяць хаця б нараду ў Лукашэнкі па развіцці мікраэлектронікі. Ужо не першы раз нашыя «навукоўцы» выдаюць жаданае за дзейснае, а чужыя напрацоўкі — за свае. Варта было выйсці на АНТ матэрыялу пра «дасягненні айчыннай вытворчасці», як дасведчаныя людзі зайшліся рогатам. Таму што тое, што паказалі Лукашэнку, па-першае, ніякая не айчынная вытворчасць, па-другое, адзін прыбор выдалі за іншы.
Раней такія выкрутасы былі абумоўленыя тым, што беларускай навуцы патрабавалася фінансаванне. І чыноўнікі НАН РБ усяляк дэманстравалі розныя «айчынныя электрамабілі» і іх «вопытныя ўзоры», якія абяцалі паставіць на вытворчасць у самыя сціслыя тэрміны.
З таго часу, як Лукашэнка ўпершыню здзейсніў тэст-драйв на Tesla, прайшло пяць гадоў. З тых часоў пра айчынныя электракары мы чуем выключна па тэлевізары і пад нагоду. На вуліцах іх не бачна.
Сёлета «дасягненні айчыннай мікраэлектронікі» абумоўленыя расійскім крэдытам на «імпартазамяшчэнне», які паабяцаў Пуцін. $1,5 млрд на дарозе не валяюцца, а таму трэба было паказаць нібыта беларускія мікрасхемы. «Альтэрнатыўная рэальнасць» стваралася зусім не для ўнутранага спажыўца, таму што ўнутраны спажывец памятае скандал з маніторамі «Інтэграл», якія ператвараліся ў «беларускі прадукт» простай заменай налепкі.
Тое, што мы ствараем віртуальную рэчаіснасць для сябе — да гэтага мы звыклі. Але «альтэрнатыўная рэальнасць» для знешняга спажыўца — гэта ноу-хау.
Але ў гэтай уяўнай рэальнасці немагчыма жыць. Яна добрая для фантастыкі, акалі кіравацца ёю ў рэальным жыцці — непазбежна трапляеш у пастку.
Як, напрыклад, чалавек, што займае ў Сінявокай пасаду Генпракурора. Ён заявіў на тыдні, што яго ведамства «актыўна дакументуе» дзейнасць дзеда польскага прэзідэнта Дуды, які, нібыта, «уваходзіў у склад украінскага карнага батальёна, вызначыўся асаблівай жорсткасцю ў першую чаргу на тэрыторыі Мінскай і Віцебскай абласцей». Але насамрэч тое, што адзін з камандзіраў Украінскай паўстанцкай арміі Міхайла Дуда-Граменка мае дачыненне да прэзідэнта Польшчы — даволі стары інтэрнэт-фэйк.
Цікава, колькі чалавек атрымліваюць неблагі заробак за «дакументаванне» таго, чаго няма?
Ці вось Алег Гайдукевіч з’ездзіў у Данбас (за што яму ва Украіне цяпер пагражае крымінальная справа), і пасля гэтага заявіў пра тое, што бачыў «ноўтбукі NATO» з сакрэтнымі планамі нападу на Беларусь. Гэта пры тым, што NATO усяляк адхрышчваецца ад наўпроставага ўдзелу ў вайне ва Украіне.
А потым мы смяемся з таго, «адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад». І добра, калі б мы пасмяяліся, ды так і разышліся з добрым настроем. Але падобныя «альтэрнатыўныя рэальнасці» прыводзяць да таго, што адказныя асобы ўсур’ёз улазяць у авантуры па захопу Кіева «за тры-чатыры дні», ды дазваляюць выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для агрэсіі супраць суседняй дзяржавы. А потым не ведаюць, што рабіць з наступствамі.
Але сучасны свет — адкрыты, і рэальнасць усё ж запускае свае шчупальцы ў тую ўяўную прастору, якую ствараюць апалагеты прапаганды. З аднаго боку, нам хваляцца мікраэлектронікай — з іншага, Калегія ЕЭК падоўжыла тэрмін дазволу на выпуск аўтамабіляў без устаноўленых модуляў ЭРА-ГЛОНАСС з-за «дэфіцыту паўправаднікоў, якія выкарыстоўваюцца пры вытворчасці гэтых сістэм».
З аднаго боку, міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Ігар Брыло кажа, што санкцыі не змогуць «пакласці на лапаткі» аграсектар і ў Беларусі не будзе «галодных бунтаў». З іншага боку — вытворчасць сельгаспрадукцыі ў Беларусі за 5 месяцаў 2022 года ўпала на 2,9%.
З аднаго боку — улады вырашылі выняць са школьных бібліятэк творы чальцоў ліквідаванага «Саюзу беларускіх пісьменнікаў». Гэта 33 аўтары, сярод якіх такія глыбы беларускай літаратуры, як Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Віктар Марціновіч, Альгерд Бахарэвіч, Міхась Скобла, Леанід Дранько-Майсюк. Анатоль Вярцінскі, Алесь Разанаў, Сяргей Панізнік, Сяргей Законнікаў, Васіль Зуёнак…
А з іншага боку — гэтае «выманне» наўпрост стымулюе чытацкую актыўнасць, і найперш, маладых чытачоў. Фільм «Купала», напрыклад, не паказалі ў Беларусі, але ў інтэрнэтах яго «глядацкае чаканне» — 100%, і чарнавая версія стужкі даступная на шматлікіх відэахостынгах.
З аднаго боку кепска, што мы вяртаемся ў часы савецкай цэнзуры мастацкіх твораў. З іншага — нават у СССР гэтая цэнзура не была абсалютнай.
І таму «альтэрнатыўная рэчаіснасць» наўрад ці вытрымае сутыкненне з рэальным светам.