Аляксандра Герасіменя запусціла дабрачынны збор на навучанне плаванню ўкраінскіх дзяцей
Славутая беларуская плыўчыха хоча дапамагчы дзецям, на лёсы якіх паўплывала вайна ва Украіне.
«Вайна ва Украіне — мой асабісты боль. Кіеў стаў маім першым сховішчам пасля вымушаных уцёкаў з Беларусі. Сёння я жыву ў Варшаве, але вельмі хачу дапамагчы людзям, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі», — напісала спартоўка на старонцы збору.
«Міжнародная статыстыка, якой можна цалкам давяраць, сцвярджае, што з кожным годам расце колькасць патанулых падлеткаў і дарослых, а таксама маленькіх дзяцей», — напісала Герасіменя.
Праект Аляксандры разлічаны на паўгода: навучанне дзяцей у трох узроставых групах, адзін раз на тыдзень. У кошт праекту ўключана арэнда дарожак, аплата працы трэнера і купля рыштунку для заняткаў. Агульная сума для збору ахвяраванняў — 6445 еўра.
Аляксандра Герасіменя — двухразовая срэбраная прызёрка Алімпіяды-2012 у Лондане, бронзавая прызёрка Алімпіяды-2016 у Рыа-дэ-Жанейра, чэмпіёнка свету і Еўропы і экс-старшыня Беларускага фонду спартовай салідарнасці.
26 снежня 2022 года Аляксандру Герасіменю і выканаўчага дырэктара БФСС Аляксандра Апейкіна пакаралі завочна 12 гадамі зняволення за заклікі да пераносу спартовых турніраў. Абое знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі. Прыехаць на суд яны адмовіліся.
БФСС звярнуўся ў Міжнародны алімпійскі камітэт і да іншых міжнародных арганізацый, праінфармаваўшы пра палітычны прысуд Герасімені і Апейкіна і пераслед іншых спартоўцаў цяперашнімі ўладамі Беларусі.
Паводле Радыё Св*бода.