Аляксандр Фядута: я гатовы сесці з Гігіным нават у адну камеру
Будучы на волі, вядомы інтэлектуал Аляксандр Фядута марыў сесці за адзін стол з не менш вядомым інтэлектуалам Вадзімам Гігіным. Апошні даваў цвёрдую згоду на «сур'ёзную размову двух Сафоклаў», але мноства разоў пераносіў дыскусію, піша «Народная Воля». А калі, здавалася, яна вось-вось адбудзецца, Вадзім Гігін гэтак жа цвёрда, як і абяцаў сустрэчу, заявіў: «Не магу, Аляксандр Іосіфавіч, сесці з вамі за адзін стол...»
Ці тое не атрымаў блаславення на верхніх паверхах «Чырвонага дома», ці тое пабаяўся саступіць першынства ў палеміцы
апаненту, але ён так і не сеў з Фядутам за адзін стол. Затое Аляксандр
Іосіфавіч сеў... праўда, на нары ў адной з камер «Амерыканкі». І
вось што ён, праз многія месяцы знаходжання ў няволі, напісаў адной з
прыяцельцы:
«...дайшлі шматлікія прывітанні (ад супрацоўнікаў рэдакцыі «Народнай Волі». — прым.), за што, вядома ж, вялікае чалавечае гранд мерсі. Асабліва за прывітанне ад шэфа. Перадайце неверагоднаму нашаму Іосіфу Паўлавічу Сярэдзічу, што я гатовы сесці з Гігіным нават у адну камеру, а не тое што за круглы стол, і абмеркаваць з ім усе назапашаныя праблемы, уключаючы праблемы жыцця на Марсе і вырошчвання бавоўны беларускімі бахчаводамі».
Аляксандра Фядуту затрымалі ў красавіку ў Маскве разам з амерыканскім юрыстам беларускага паходжання Юрыем Зянковічам. Адначасова ў Шклове быў затрыманы лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Пазней ім выставілі абвінавачванні ў «Змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».