Аляксандр Фядута хвалюецца, што зачыняць «Цэнтральную кнігарню» — адзінае месца, дзе вязні купляюць кнігі
Зняволены літаратуразнаўца Аляксандр Фядута непакоіцца, ці зачыняць на рамонт «Цэнтральную кнігарню» — адзінае месца, дзе вязні «амерыканкі» могуць купляць кнігі. «Народная Воля» высвятляла, ці сапраўды неўзабаве зняволеныя могуць наогул застацца без кніг.
У адным са сваіх лістоў на волю філолаг і публіцыст папрасіў даведацца, які лёс чакае вядомую сталічную кнігарню.
«…Сініцы (яны ўлятаюць да нас у фортку штодня) прынеслі на хвасце, што са студзеня наша «Цэнтральная кнігарня» зачыняецца на працяглы рамонт, – піша Аляксандр Фядута. – Ці праўда гэта? Для мяне, як вы здагадваецеся, гэта далёка не пустая цікавасць. Гэтая «кропка» – адзіная кнігарня, дзе вязні «амерыканкі» купляюць кнігі. І яе закрыццё азначае, што пасля навагодніх святаў ваш пакорны слуга рызыкуе застацца без кніжных пакупак. Як вы, верагодна, разумееце, рызыка паступовага ўпадання ў перманентную дэпрэсію робіцца значна вышэй – з усімі вынікаючымі наступствамі. Можа, высветліце, ці так гэта на самай справе? Буду вельмі ўдзячны».
Сапраўды, чуткі пра рамонт у кнігарні ходзяць, і нават у самой краме пра гэта ведаюць, але пра канкрэтныя тэрміны (калі плануецца і на які тэрмін зачыніцца), у аддзеле маркетынгу «Белкнігі» «Народнай Волі» адказаць адразу не змаглі.
«А хіба толькі ў нашай краме могуць набываць кнігі тыя, хто сядзіць у СІЗА КДБ? – здзівіліся гандляры «Цэнтральнай кнігарні». – Ёсць крама «Светач» – у іх таксама набываюць кнігі зняволеныя, прычым замовы ідуць з усёй краіны. Магчыма, той, хто апынуўся за кратамі, павінен абмеркаваць гэтую сітуацыю з кіраўніцтвам ізалятара і атрымаць дазвол на замову кніжак са «Светача».
У кнігарні «Светач» кажуць, што праблем з замовамі літаратуры ў зняволеных быць не павінна.
«Зняволеныя дасылаюць нам лісты з просьбай выслаць ім рахунак-фактуру, да таго ж ім трэба, відаць, атрымаць адпаведны дазвол у начальніка СІЗА, потым яны аплачваюць – і мы адпраўляем ім пасылку, – адказваюць у «Светачы». – Замовы нам прыходзяць з усёй краіны. Мы адна сетка магазінаў, і рахунак у нас адзін, толькі назвы магазінаў розныя».
«Народная Воля» звязалася з дырэктарам «Цэнтральнай кнігарні» Аляксандрам Вашкевічам і папрасіла яго распавесці пра сітуацыю з запланаваным рамонтам.
«Рамонт сапраўды будзе, але пазней, не ў студзені, – трэба яшчэ крыху падрыхтавацца, – тлумачыць Аляксандр Аляксандравіч. – Але ўжо прыйшоў час. Вы бачылі, як розніцца «Цэнтральная кнігарня» ад «Светача»? Крама ўжо выглядае проста стомленай, яе трэба перарабіць на сучасны лад. Таму ў наступным годзе абавязкова будзем рабіць рамонт – магчыма, распачнём у сакавіку.
Але я не думаю, што тыя, хто знаходзіцца ў СІЗА КДБ, можа замаўляць кнігі толькі ў нас. Калі мы зачынімся на рамонт, а праблема для сядзельцаў «амерыканкі» не вырашыцца, і яны сапраўды не змогуць больш нідзе заказваць кнігі, нешта абавязкова прыдумаем, не хвалюйцеся».