Алег Панфілаў: У Крым прыйшоў русізм

Расейская ўлада — як эпідэмія, як зараза, якая змяняе людзей, ператварае іх у чорт ведае што. Для лепшага пераўвасаблення ў расейскай улады ёсць тэлебачанне, якое ў кожным выпуску навін па шмат разоў ужывае слова "рускі" — і як этнічную прыкмету, і як прыметнік, у тым ліку геаграфічнае вызначэнне.



rusizm.jpg

Фота hunafa.com

У Крыме і пра Крым, і раней, так часта казалі як аб «рускім», што будучы ў Сімферопалі, я баяўся пры мясцовых рускіх казаць пра гісторыю паўвострава. Я, этнічны рускі, пазбягаў пры іх прамаўляць нярускія геаграфічныя назвы або называць лічбы, напрыклад, этнічнага склада насельніцтва да 1783 года. Мне ў галаву не прыходзіла спытаць рускую назву гораду Алушта або Сакі.
 

Гісторыя ў постсавецкіх галовах — страшная бомба, гатовая падарвацца, калі з яе своечасова не выцягнуць узрывальнік пад назвай «Вялікая Расія». Паверце, без вялікадзяржаўнай велічы прыемна гуляць па вулачках "рускага" Бахчысараю або ўзбірацца па камянях «рускай» Генуэзскай крэпасці, ляжаць на ялцінскім пляжы або разглядаць карціны Айвазяна (Айвазоўскага ) у Феадосіі. Але чаму ў Крыме, дзе раней імкнуліся з любоўю адносіцца да любога — армяніна або грэка, татарына або украінца, выявілася хвароба, якую Герцэн некалі назваў «русізмам»?
 

Герцэн патлумачыў паходжанне «русізму» — «як параненае народнае пачуццё, як цёмны ўспамін і верны інстынкт». Расейцы памяталі, як Пётр I рабіў замах на рускую годнасць — бароды, прымушаў хадзіць у камзолах і ботах замест лапцяў.
 

Напэўна, першапачаткова «русізм», якім яго разумеў Герцэн, гэта ніякі не фашызм і не нацыяналізм, гэта проста незадаволенасць, якая захоўваецца стагоддзямі. Зараз велізарная маса народжаных і выхаваных у СССР людзей ніяк не можа зразумець, як ім жыць. Раней было прасцей — два разы на год калонамі на дэманстрацыю, раз у тры гады пуцёўка ў Пяцігорск, шматгадовая чарга на кватэру і аўтамабіль. Усё было раскладзена па палічках, думаць не трэба было, ды і проста было забаронена. Тады русізм спаў — вонкавы вораг быў за «жалезнай заслонай», цяпер русізм зноў прачнуўся.

Дудаеў і Басаеў да паняцця «русізм» дадалі новае адценне — нянавісць да чужой волі, чужога выбару. Не проста нянавісць да незразумелага, але жорсткая помста з любой нагоды і да любога чалавека, які адцягвае рускага чалавека ад настальгіі па мінулым, навязвае яму незразумелыя словы пра дэмакратыю і правы чалавека.
 

Сучасны носьбіт русізму лёгка вучыць мянушкі ворагаў — «пиндосы», «бандэраўцы», «хахлы-фашысты», з задавальненнем іх ўжывае і атрымлівае асалоду ад разгубленасці апанента. Русізм — гэта вечны тормаз вечнага рухавіка, які накіроўвае людзей наперад, а прыхільнікі зрэбнага русізму яму супрацівяцца. Часта агрэсіўна і безапеляцыйна настойваючы на выключнасці усяго рускага, у тым ліку і Крыму.

Захапіў, здушыў, радуйся...


Вярнуся ў Крым. І месяца не прайшло, як пачалі спраўджвацца асцярогі. Разам з рэферэндумам у Крым прыйшла не проста расейская ўлада, а ўсе любаты гэтай улады — шавінізм і нацыяналізм. Грамадства пачало дзяленне на пераможцаў — тых, хто хадзіў на рэферэндум, і пераможаных — хто ігнараваў. Уся роўна, колькі на самой справе было пераможцаў, але іх такімі прызнала Масква. А за Масквой — армія, «зялёныя чалавечкі», флот, міфічны бюджэт і ідэалогія русізму.

Крымскі «русізм» своеасаблівы. Да 2014 года праяўляўся выключна ў прарасейскіх мітынгах, размахваннях расійскімі сцягамі і цалаванні партрэтаў Пуціна. У Сімферопалі і іншых гарадах старанна захоўваліся назвы вуліц і плошчаў, звязаных з камуністычным мінулым. Такі закансерваваны русізм у спалучэнні з камунізмам. Ўкраінскую мову пагарджалі, над крымскататарскай смяяліся, але да пары да часу цярпелі. Прыкладна так, як пісаў Герцэн — рускія салдаты былі незадаволеныя замежным паходжаннем Барклая дэ Толі, выказвалі незадаволенасць, але служыць не пераставалі.

Рэферэндум вызваліў носьбітаў русізму ад цярпення. Русізм вырваўся вонкі, змятаючы ўсе перашкоды талерантнасці і сумлення. Цяпер русізм быў не герцэнаўскім, а дудаеўскім — нахабным, агрэсіўным, бескампрамісным. Расійская прапаганда не трывае праўды, як і сучасны носьбіт русізму ненавідзіць ўгаворванняў — «яго цярпенню прыйшоў канец», які выяўляецца ў збіцці 14-гадовага хлопчыка за размову па-крымскататарску, звальненні дырэктара ўкраінскай гімназіі, апаганьванні помніка крымскататарскага харэографа.
 

Кропку паставіла «Канстытуцыя Рэспублікі Крым», у якой няма нават згадкі пра карэнных жыхароў Крыма — крымскіх татараў. Цяпер Крым проста "рускі", расійскі, без гісторыі, без культуры, такое ж безаблічнае ўтварэнне, як Чукотка або Мардовія. Цяпер русізм у Крыме надзелены правам быць дзяржаўным, і я практычна ўпэўнены, што новыя ўлады паспрабуюць пазбавіцца ад усяго ўкраінскага і крымскататарскага. Русізм не ўхваляе гістарычную памяць, ён жыве сённяшнім днём — захапіў, здушыў, радуйся.
 

Алег Панфілаў, ru.krymr.com/

Пераклад novychas.info/